Украіна заяўляе, што ўдарыла «Фламінга» па палігоне, адкуль Расія запускае «Арэшнік». Які вынік?
Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны ўпершыню афіцыйна паведаміў аб прымяненні самай магутнай украінскай ракеты FP-5 «Фламінга» для ўдару па Расіі. Цэллю, як сцвярджаецца, стаў палігон, адкуль запускаюць «Арэшнік», піша Украінская служба Бі-бі-сі.

У паведамленні адзначана, што на працягу студзеня Сілы абароны Украіны выканалі серыю паспяховых удараў па комплексе будынкаў ангарнага тыпу на палігоне «Капусцін Яр» у Астраханскай вобласці Расіі. Ён размешчаны прыкладна за 600 кіламентаў ад Украіны.
Расія выкарыстоўвае гэтую пляцоўку для выпрабаванняў ракетнай тэхнікі, а таксама для баявых запускаў ракет па Украіне. У прыватнасці, менавіта з гэтага палігона ў лістападзе 2024 года і ў студзені 2026 года былі здзейсненыя пускі балістычных ракет сярэдняй далёкасці «Арэшнік» па Дняпры і Львове.

Украіна заяўляе, што ўдар па «Капусціным Яры» быў нанесены з выкарыстаннем ударных сродкаў далёкага радыуса дзеяння ўкраінскай вытворчасці, у прыватнасці FP-5 «Фламінга».
Гэта першая пацверджаная ўкраінскім камандаваннем інфармацыя пра прымяненне гэтай ракеты. Раней даныя пра запускі «Фламінга» па цэлях у РФ з’яўляліся толькі са спасылкай на крыніцы і без канкрэтыкі.
У лістападзе 2025 года прадстаўнік Генштаба Дзмітрый Ліхавы казаў пра FP-5 як пра «эксперыментальную зброю», якая яшчэ патрабуе ўдасканалення. Цяпер Генштаб падкрэслівае, што ўдар па палігоне ў РФ прывёў да «разбурэння часткі будынкаў».
«Паводле наяўнай інфармацыі, на тэрыторыі палігона частка будынкаў атрымала пашкоджанні рознай ступені, адзін з ангараў істотна пашкоджаны, частка асабовага складу эвакуяваная з тэрыторыі», — гаворыцца ў паведамленні.
Што вядома пра эфектыўнасць удару
Паводле звестак украінскіх OSINT-аналітыкаў, удары «Фламінга» па «Капусціным Яры» адбыліся ў ноч на 28 студзеня.
Тэлеграм-канал Exilnova+ паведаміў, што ўкраінскія ракеты паразілі інфраструктуру палігона, у прыватнасці 105‑ю пускавую пляцоўку. Цэллю былі ангары перадстартавай падрыхтоўкі ракет.
Адначасова яшчэ адзін OSINT-канал «Dnipro Osint (Гарбуз)» адзначае, што вынікі гэтай ракетнай атакі «не ўражваюць».
Паводле яго звестак, Сілы беспілотных сістэм УСУ на працягу студзеня здзейснілі некалькі атак на палігон, а менавіта на пляцоўкі №105 і №28.
«У выніку аналізу спадарожнікавых здымкаў зафіксавана траплянне ў кацельню пляцоўкі №105», — гаворыцца ў допісе Dnipro Osint.
На апублікаваных спадарожнікавых здымках сапраўды відаць чорная пляма на даху асобнага будынка на палігоне. Праўда, невядома, выклікалі гэтае паражэнне дроны, якія запускалі СБС, ці ракеты «Фламінга», ці нешта іншае.
Неўзабаве канал Dnipro Osint абверг уласнае паведамленне пра паражэнне кацельні. Паводле яго слоў, пляма на даху будынка — гэта снег, які растаў.
OSINT-супольнасць «КіберБорошно» запэўнівае, што ўдар усё ж такі быў нанесены па збудаваннях на 105‑й пляцоўцы, але ён быў здзейснены не ракетай, а беспілотнікамі раней.
«У выніку атак БПЛА па палігоне «Капусцін Яр» былі пашкоджаныя два будынкі комплексу перадстартавай падрыхтоўкі балістычных ракет сярэдняй і міжкантынентальнай далёкасці на пляцоўцы №105», — сказана ў паведамленні.
У сваю чаргу, канал Exilnova+ апублікаваў відэа, на якім нібыта паказаны пуск «Фламінга» ў канцы студзеня па палігоне «Капусцін Яр».
На відэа паказаны запуск з платформы чатырох ракет FP-5. Даных, дзе і калі менавіта быў здзейснены пуск, няма. Надвор’е на фота паказвае, што гэта было зроблена зімой.
Бі-бі-сі спрабуе верыфікаваць інфармацыю адносна паражэння палігона «Капусцін Яр».

Выданне Defense Express, прааналізаваўшы спадарожнікавыя здымкі Sentinel, паведамляе, што, верагодна, удар ракетай «Фламінга» прыйшоўся па 28‑й пляцоўцы палігона. Яна вядомая як камплектавальна-выпрабавальная база, якая ў часы СССР выкарыстоўвалася для работ над балістычнай ракетай сярэдняй далёкасці.
«Параўнанне наяўных здымкаў паміж 23 студзеня і 2 лютага пацвярджае тое, што па гэтым аб’екце прыляцела нешта даволі магутнае, пакінуўшы бачны след», — паведамляе выданне.
На фота відаць вялікую чорную пляму на месцы ангараў, верагодна, пасля значнага пажару. Аднак спадарожнікавыя здымкі маюць нізкую разрозненасць, таксама надвор’е ў канцы студзеня не давала добрай бачнасці для таго, каб дакладна ідэнтыфікаваць аб’ём і прычыну паражэнняў на палігоне.

Расійскія ўлады пакуль на інфармацыю пра ўдар па «Капусціным Яры» не адрэагавалі. Аднак раней Мінабароны РФ паведамляла пра перахоп і знішчэнне чатырох украінскіх беспілотных лятальных апаратаў у ноч на 28 студзеня над Астраханскай вобласцю, дзе і размешчаны гэты палігон.
Крылатая ракета FP-5 «Фламінга» была публічна прадстаўленая ў жніўні 2025 года. Яе заяўленыя характарыстыкі: далёкасць да 3 тыс. км, вышыня палёту — да 5 км, крэйсерская хуткасць — 850‑900 км/г, максімальная хуткасць — 950 км/г, максімальны час у паветры — да 4 гадзін. Яна мае надзвычай магутную баявую частку вагой каля 1,15 тоны.
Паводле слоў кіраўніцтва кампаніі Fire Point, зараз вырабляецца каля 50 «Фламінга» на месяц, але плануецца павялічыць аб’ёмы да 200 ракет на месяц.
У інтэрв’ю Украінскай службе Бі-бі-сі ў снежні 2025 года галоўны канструктар FP Дзяніс Штылерман казаў, што ракета «Фламінга» ўжо некалькі разоў прымянялася для удараў па РФ і максімальная адлегласць складала «больш за 1 тысячу кіламетраў».
Куды знікла «самая паспяховая ракета» Украіны «Фламінга»?
Украіна ўпершыню афіцыйна ўжыла ракеты «Фламінга»
Украінская ракета «Фламінга» ў нечым лепшая за амерыканскія «Тамагаўкі»
Украінскі «Фламінга» знішчыў першы расійскі аб'ект
Што вядома пра крылатую ракету «Фламінга». Ці дастане яна да Масквы і вытворчасцяў шахедаў?
Каментары
Мечты ( твои ) сбываются )
Да и Копяр самый зачуханный полигон . По меркам ссср . И только там можно лещинину запустить ?