Грамадства66

Кіроўца выпадкова заправіў поўны бак, а цяпер хоча вярнуць свае грошы. Ці мае ён рацыю?

Практычна на ўсіх беларускіх АЗС вы спачатку плаціце за паліва і толькі затым запраўляецеся. Аднак у сетцы «Газпрамнафта-Белнафтапрадукт» дзейнічае постаплата. Чытач выдання «Анлайнер» пра гэта не ведаў, і выпадковая запраўка поўнага бака абярнулася для яго непрадбачанымі выдаткамі. Проста так пакідаць гэта мужчына не хоча і ўжо напісаў скаргу па гэтым выпадку.

«Для мяне гэта было шокам»

Аўтааматар расказаў журналісту «Анлайнера», што ўсё здарылася 25 красавіка каля 15:00 на АЗС «Газпрамнафта-Белнафтапрадукт» №24, размешчанай на знешнім кальцы МКАД у раёне Малінаўкі.

«Пад’ехаў да калонкі, выйшаў з аўтамабіля, уставіў у лючок бензабака пісталет з 92‑м бензінам, заціснуў курок і пайшоў у будынак АЗС. Падыходжу да касіра, кажу: «Першая калонка, 92‑гі бензін на 30 рублёў, калі ласка, запраўце». А мне адказваюць: «У вас ужо на 105 рублёў і 40 капеек запраўлена».

Аўтааматар падкрэслівае, што планаваў заправіцца толькі на 30 рублёў, на картцы было толькі каля 50 рублёў.

«Мне касір кажа, што ў іх такая аўтаматычная сістэма, што спачатку запраўка, а потым аплата. І ў іх на запраўках пра гэта ўсюды напісана. Я кажу: «Пачакайце, я гэтага не бачыў». Звычайна, бывае, вісіць таблічка, што пісталет не працуе. Гэтага нічога не было. Усю астатнюю інфармацыю я ўспрымаю як рэкламу».

Фота чытача. Паводле яго слоў, у тэкст на ПРК ён не ўчытваўся

«У іх калонкі сіняга колеру. І гэты інфармацыйны тэкст, ён бела-сіняга колеру — гэта значыць, зліваецца. Адна справа, калі чалавек ведае: паглядзі туды, пачытай.

Яно нечытэльна было. Я на гэта нават увагі не звярнуў. Звычайна, калі хочуць данесці нейкую важную інфармацыю, вылучаюць тэкст яркімі колерамі, вялікім памерам шрыфта. Там гэтага наогул нічога не было.

Яны на запраўцы сказалі, што ў іх ужо гадоў з 10 працуе гэтая сістэма. Што спачатку запраўка, потым аплата. Я ўпершыню заехаў на гэтую сетку. Першы раз з такім сутыкнуўся. І мяне проста шакуе тое, што не далі права выбару».

Мужчына кажа, што пасля таго, як папрасіў даць яму кнігу заўваг і прапаноў, касір патэлефанавала начальніку АЗС.

«Ён пачаў казаць, што на кожнай калонцы АЗС ёсць інфармацыя, на што я адказаў, што я гэтага не бачыў, нічога там нечытэльна. Потым ён сказаў, што я вінаваты, што я няправільна карыстаюся АЗС, што я ўставіў пісталет і зашчапіў [курок], што так нельга было рабіць. Далей з ім не было пра што размаўляць».

Каб расплаціцца за паліва, мужчына папрасіў сябра даслаць на карту грошы. Пасля гэтага ён патэлефанаваў у таварыства абароны правоў спажыўцоў, дзе апісаў сітуацыю, з якой сутыкнуўся.

«Мне адразу сказалі, што там ёсць парушэнне, бо мне не далі права выбару, і сказалі, што дарма я аплаціў [за ўсё паліва — заўв. «Анлайнера»]. Я зрабіў запіс у кнізе скаргаў. Падышоў яшчэ раз да касіра і сказаў, што я аплаціў гэтую суму, але я з гэтым не згодны і цяпер патрабую, каб мне вярнулі грошы, вось гэтую розніцу [паміж фактычным коштам запраўкі 105,4 рубля і сумай у 30 рублёў, на якую аўтааматар збіраўся заправіцца — заўв. Onlíner] у 75,40 рубля. Альбо каб гэтае паліва назад злілі. Касір мне адказала, што ў іх няма такіх магчымасцяў і яна гэтага рабіць не будзе».

«Няхай праводзяць праверку»

Мужчына кажа, што патэлефанаваў на гарачую лінію сеткі АЗС, апісаў усю сітуацыю, папярэдзіўшы, што гэтую размову ён запісвае на дыктафон. Яму паабяцалі перадаць інфармацыю кіраўніцтву і звязацца з ім на працягу трох працоўных дзён.

Таксама чытач сказаў, што патэлефанаваў у Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ), дзе яму прапанавалі напісаць праз «обращение.бел» у Мінскі раённы выканаўчы камітэт, што ён і мае намер зрабіць.

«Ва ўсёй гэтай гісторыі, паўтаруся, я хачу разбіральніцтва, а таксама пакрыцця сумы ў 75,4 рубля. Лічу, што мяне хітра надурыла АЗС, — кажа мужчына. — Я патэлефанаваў чатыром знаёмым, таксама кіроўцам, расказаў пра сітуацыю, пра такі спосаб запраўкі — ніхто з такім не сутыкаўся, яны таксама ў шоку, першы раз чуюць, увесь час на АЗС «Беларуснафта», «Лукойл» ці «А-100» запраўляюцца.

Хачу, каб гэтая сетка АЗС прыняла меры па інфармаванні кліентаў: каб ярка, заўважна, вялікім тэкстам прапісвалі іх спосаб запраўкі. Таму што асабіста мне гэта нават у вочы не кінулася, уся інфармацыя ўспрымалася як смеццевы спам, рэклама. Я ўсяго толькі хацеў заправіць свой аўтамабіль на 30 рублёў, а не да поўнага бака».

Праз некалькі дзён мужчына дапоўніў сваю інфармацыю. Ён паведаміў, што з ім звязаўся па тэлефоне начальнік АЗС.

«Тэлефанаваў ён мне з нагоды таго, што я пытаўся прозвішчы тых, з кім камунікаваў, ён прадставіўся, назваў усіх, з кім я размаўляў, пагутарылі наконт гэтай усёй сітуацыі.

Спытаў мяне, чым ён можа дапамагчы. Я адказаў гэтак жа: кампенсаваць суму альбо няхай зліваюць тое паліва (розніцу) з бака і грошы вяртаюць. І прыняць меры па нармальным інфармаванні людзей.

Хачу адзначыць, што ў размове ён ужо ветліва і акуратна са мной размаўляў, не так, як першы раз. Прасіў прабачэння, але я сказаў, што не прымаю такія прабачэнні. Ягоную пазіцыю я таксама разумею. 10 гадоў як такая сістэма працуе, ёсць людзі, якія пра гэта ведаюць і карыстаюцца, і няма ў іх пытанняў. Але вырашаць будзе трэці бок, куды я напісаў скаргу. Няхай робяць праверку».

Каментарый сеткі АЗС

Журналіст «Анлайнера» звярнуўся ў ЗТАА «Газпрамнафта-Белнафтапрадукт» з просьбай даць каментарый наконт апісанай вышэй сітуацыі. Вось цалкам ягоны адказ:

«Усе АЗС сеткі ў Мінску працуюць па сістэме постаплаты: спачатку запраўка, затым аплата. Такая аўтаматызаваная тэхналогія павышае хуткасць абслугоўвання і запатрабаваная сярод аўтамабілістаў, якія прызвычаіліся ашчаджаць свой час і самастойна кантраляваць працэс запраўкі.

Фота «Газпрамнафта-Белнафтапрадукт» (выкарыстоўваецца ў ілюстрацыйных мэтах)

Для нашых кліентаў на кожнай ПРК размешчаная пакрокавая інструкцыя, а таксама правілы запраўкі. Для запраўкі да поўнага бака варта ўсталяваць раздатачны кран у бак аўтамабіля і націснуць рычаг — паліва зальецца да адсечкі. Пры запраўцы на пэўную суму або літраж кіроўцу неабходна спыніць запраўку на патрэбнай суме або колькасці, адціснуўшы рычаг, альбо ўвесці колькасць літраў або суму запраўкі на клавіятуры палівараздатачнай калонкі.

Пры самастойнай запраўцы кантроль і адказнасць за колькасць паліва, якое паступіла ў бак, нясе кліент. Вяртанне запраўленага паліва па тэхнічных прычынах немагчымае. Калі кліент не мае неабходнай сумы, яму варта распіскай пацвердзіць гатоўнасць разлічыцца, пасля чаго зрабіць аплату ў зручны для яго час у сістэме АРІП».

Каментарый юрыста

«Парадак аказання паслуг на АЗС сеткі ЗТАА «Газпрамнафта-Белнафтапрадукт» рэгламентаваны Правіламі паводзін і запраўкі кліентаў, азнаёміцца з якімі можна на афіцыйным сайце, — адзначае юрыстка Таццяна Равінская.

— Згодна з правіламі, кіроўца можа выбраць зручны спосаб аплаты: папярэдне (на канкрэтную суму або літраж) альбо па факце здзейсненага наліву. Важна ўлічваць, што ў абодвух выпадках працэс запраўкі павінен адбывацца строга ў прысутнасці кіроўцы. Таксама вызначаны шэраг забарон (напрыклад, забаронена выпускаць з рук палівараздатачны кран да завяршэння падачы паліва).

Гэтая інфармацыя, згодна з заканадаўствам, даводзіцца да спажыўцоў у даступнай форме: на інфармацыйных стэндах, электронных табло, спецыяльных папках або ў іншым месцы — як палічыць патрэбным прадавец. Прадстаўнік кампаніі, як вынікае з яго каментарыя, пацвярджае, што пакрокавыя інструкцыі размешчаныя непасрэдна на кожнай палівараздатачнай калонцы (ПРК).

У дачыненні да сітуацыі, калі спажывец лічыць, што інфармацыя аб правілах была дадзеная не ў поўным аб’ёме або ў недаступным месцы, Закон аб абароне правоў спажыўцоў дае яму права адстойваць свае інтарэсы ў судзе. Але пры гэтым важна разумець, што выкананне правіл прадаўца — гэта прамы абавязак кліента пры атрыманні паслугі».

Каментары6

  • Беларус
    07.05.2026
    Вось некаторым людзям ахвота ж займацца рэальна хернёй. Ну памыліўся хай, трохі меў нязручнасці, крыху непрыемна можа - але гэтыя ж грошы за поўны бак у яго не ўкралі, яны пайшлі ўрэшце на карысць яго самога - усё адно ж пасля б той бензін даліваў не сёння, дык заўтра.

    Аддаў бы сябру тыя грошы пазычаныя - ды і ўсё нарэшце. А на будучыню запомніў бы, што на гэтай запраўцы вось так, і на яе больш не ездзіў бы нават прынцыпова, калі сістэма не падабаецца. А гэтыя разборкі на пустым месцы навошта?

    Тым больш што відавочна ж, што калі надпіс пры калонцы ёсць, а ты на яго не звярнуў увагу, то гэта твае праблемы. Тое, што ён, маўляў, не вельмі кідаецца ў вочы - гэта ўсё суб'ектыўна. Іншаму і метровымі літарамі напішы - таксама не заўважыць.

    Проста вось ёсць людзі такія звадныя - яны кайф атрымліваюць, скандалячы нават з-за драбязы.
  • у спіс экстрэмістаў яго!
    07.05.2026
    Патрэбіцельскі экстрэмізм
  • Чел
    07.05.2026
    А установить терминалы на каждую колонку бедненькой государственной нефтяной промышленности никак не по карману? Ну да, они же нищеброды. Это разные ИП и ЧП богатенькие и поэтому их можно обязать постоянно покупать новые кассовые аппараты.

Цяпер чытаюць

Галоўным спікерам Жаночага форуму ў Мінску стане расійскі крынджовы псіхолаг, які расказваў пра «памяць жаночых палавых губ»12

Галоўным спікерам Жаночага форуму ў Мінску стане расійскі крынджовы псіхолаг, які расказваў пра «памяць жаночых палавых губ»

Усе навіны →
Усе навіны

Мацкевіч лічыць, што Офіс Ціханоўскай падарваў свой аўтарытэт тым, што не ўдзельнічаў у яго гульні33

ЗША ўвялі санкцыі супраць беларуса — Махамеда Алі Талібава4

Коля Лукашэнка сядзеў побач з бацькам і Пуціным на Краснай плошчы21

352 тысячы загінулых расійскіх вайскоўцаў — новая ацэнка страт за чатыры гады поўнамаштабнай вайны10

Аўтобусны перавозчык рэкламуе туры з Мінска ў Крым з прыемнай зніжкай. Каментатары ацанілі3

Ціханоўская: Сэнс сённяшняй даты не ў парадах і вайсковай тэхніцы на вуліцах10

Хакеры з Беларусі ўзламалі сетку польскіх медлабараторый2

Новая мода — «вушы эльфа». Што гэтае такое, як выглядае і як таго дасягнуць3

Трамп выказаў гатоўнасць накіраваць дэлегацыю ў Маскву для перамоваў па Украіне5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Галоўным спікерам Жаночага форуму ў Мінску стане расійскі крынджовы псіхолаг, які расказваў пра «памяць жаночых палавых губ»12

Галоўным спікерам Жаночага форуму ў Мінску стане расійскі крынджовы псіхолаг, які расказваў пра «памяць жаночых палавых губ»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць