Грамадства11

Ва Украіне пачалі разгляд справы Іны Кардаш

Пячорскі раённы суд Кіева пачаў разгляд крымінальнай справы супраць грамадзянкі Беларусі, журналісткі Іны Кардаш, якую абвінавачваюць у шпіянажы на карысць беларускага Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Суд прызнаў абвінаваўчы акт адпаведным патрабаванням Крымінальнага працэсуальнага кодэкса Украіны і прызначыў справу да разгляду, паведамляе «Радыё Свабода».

Іна Кардаш. Фота: Lookby.Media

Як стала вядома, адпаведнае рашэнне суддзя Алег Салаўёў прыняў 6 кастрычніка на пасяджэнні, якое не было пазначана ў судовым раскладзе і праходзіла без журналістаў. На гэтым этапе суддзя мог вызваліць Кардаш з-пад варты і закрыць справу, аднак не зрабіў гэтага. Пракурор заявіў, што падстаў для заключэння пагаднення са следствам і спынення крымінальнага пераследу няма.

Пры разглядзе пытання аб далейшым утрыманні журналісткі ў следчым ізалятары суд улічыў рызыкі, на якія спасылалася абвінавачанне. Сярод іх — магчымасць распаўсюду тэндэнцыйнай або непраўдзівай інфармацыі пра справу, якая магла б паўплываць на грамадскую думку і аб’ектыўнасць судовага працэсу, а таксама разгалошванне матэрыялаў дасудовага расследавання і судовага вядзення.

Акрамя таго, абвінавачанне сцвярджала, што Кардаш можа інфармацыйна ўздзейнічаць на сведкаў, экспертаў і іншых удзельнікаў працэсу, публічна дыскрэдытаваць іх і аказваць на іх ціск. Яшчэ адна з названых рызык — аднаўленне кантактаў з двума іншымі грамадзянамі Беларусі і прадстаўнікамі беларускіх спецслужбаў для ўзгаднення сумесных дзеянняў, накіраваных на ўхіленне ад крымінальнай адказнасці, а таксама перадачы ім інфармацыі, атрыманай падчас азнаямлення з матэрыяламі справы.

Такім чынам, Іна Кардаш застанецца пад вартай як мінімум да 4 снежня. Наступнае судовае пасяджэнне прызначанае на 1 снежня. Пакуль невядома, у якім складзе суд будзе разглядаць справу па сутнасці. Паводле ўкраінскага заканадаўства, абвінавачаная можа патрабаваць, каб яе справу разглядала калегія з трох суддзяў.

Кардаш абвінавачваюць паводле часткі першай артыкула 114 Крымінальнага кодэкса Украіны — у перадачы або зборы для перадачы іншай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці іх прадстаўнікам звестак, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. За гэтае злачынства прадугледжанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без яе.

Іну Кардаш затрымалі 21 студзеня 2026 года і выставілі падазрэнне ў шпіянажы на карысць беларускага КДБ. На момант затрымання яна ўжо працавала ў Каардынацыйным штабе па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны.

Паводле следства, журналістка падтрымлівала кантакт з беларускім КДБ праз грамадзяніна Беларусі, які, як сцвярджаецца, свядома супрацоўнічаў з беларускімі спецслужбамі і дапамагаў наладжваць сувязь.

20 красавіка стала вядома, што суд арыштаваў кватэру Кардаш для забеспячэння вядзення крымінальнай справы. Расследаванне павінна было завяршыцца 20 чэрвеня.

У пачатку мая кіраўнік сакратарыята Каардынацыйнага штаба па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі Багдан Ахрыменка паведаміў, што Мінск звяртаўся да Кіева наконт магчымасці абмену Іны Кардаш. Паводле яго слоў, такі сігнал сапраўды паступаў, аднак канкрэтных прапаноў пакуль не было. Ахрыменка заявіў, што ўкраінскі бок гатовы разглядаць практычныя прапановы, калі яны з’явяцца. Ён таксама адзначыў, што Украіна не зацікаўленая ў тым, каб утрымліваць замежных злачынцаў і выдаткоўваць на іх бюджэтныя сродкі, пакуль украінскія грамадзяне, незаконна асуджаныя ў іншых краінах, знаходзяцца ў зняволенні ў нечалавечых умовах.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Паўла Муравейку, які адпрацаваў намеснікам у Адміністрацыі Лукашэнкі толькі паўтара месяца, перавялі ў кіраўнікі Віцебшчыны16

Паўла Муравейку, які адпрацаваў намеснікам у Адміністрацыі Лукашэнкі толькі паўтара месяца, перавялі ў кіраўнікі Віцебшчыны

Усе навіны →
Усе навіны

Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў пераехаў у Сербію — ён расказаў пра даносы ў культуры, неадукаванасць міністраў і чый жа Шагал27

У Мінску адкрылі новую дыспетчарскую станцыю замест знесенай савецкай. Але будынка там няма — толькі бытоўка і біятуалет1

У Беларусі за апошнія гады ліквідавалі 40 праваслаўных прыходаў5

Украінскія дроны не могуць дагнаць рэактыўныя «Шахеды». У SpaceX кажуць пра тэхнічны збой3

«А як ты выкупіў адразу акцэнт?» Рэпер Баста па голасе пазнаў музыканта з Чавусаў і расказаў пра сваё дзяцінства ў закрытым гарадку пад Дзятлавам8

Амаль 400‑метровы пуцеправод паміж Каменнай Горкай і Лебядзіным абяцаюць адкрыць да канца года2

На Канары за суткі прыбылі амаль паўтары тысячы мігрантаў5

Карупцыйны скандал у Венгрыі: міністр Орбана закапаў у лесе 17 мільёнаў еўра7

«Лукашэнка ведае, што задумвае Пуцін, і вельмі гэтага баіцца». Чалы пра пагрозу новай вайны43

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Паўла Муравейку, які адпрацаваў намеснікам у Адміністрацыі Лукашэнкі толькі паўтара месяца, перавялі ў кіраўнікі Віцебшчыны16

Паўла Муравейку, які адпрацаваў намеснікам у Адміністрацыі Лукашэнкі толькі паўтара месяца, перавялі ў кіраўнікі Віцебшчыны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць