Культура88

У Бярозе вярнуліся да аднаўлення знакамітага кляштара картэзіянцаў

Пасля доўгага перапынку з 2014 года, калі была адноўлена гістарычная ўязная брама, у Бярозе зноў узяліся за выратаванне руін знакамітага кляштара картэзіянцаў. Гэтым разам спецыялісты сканцэнтруюць намаганні на рэстаўрацыі паўднёвай агароджы, паўднёва-заходняй кутняй вежы і адметнай дэкаратыўнай калоны, убудаванай у гістарычныя муры.

Паўднёва-заходняя вежа кляштара. Фота: Wikimedia Commons

На аднаўленне прац на аб'екце звярнуў увагу тэлеграм-канал «Спадчына».

Як можна зразумець па матэрыялах дзяржаўных закупак, работы праводзяць спецыялісты з «Брэстрэстаўрацыі». На рэалізацыю праекта з раённага бюджэту выдзелена каля 1 мільёна рублёў.

Нягледзячы на тое, што афіцыйна працы аформленыя як сціплы бягучы рамонт, дакументацыя, распрацаваная яшчэ ў 2021 годзе навукова-праектным цэнтрам «Рэстабіліс», прадугледжвае паўнавартасную рэстаўрацыю. Завяршыць абнаўленне муроў і вежы плануюць да канца лістапада 2026 года.

У працэсе рэстаўрацыі з гістарычных муроў нарэшце прыбяруць савецкі калючы дрот, які застаўся ў спадчыну ад былой вайсковай часці.

Аднаўленне сцяны кляштара картэзіянцаў. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Аднаўленне сцяны кляштара картэзіянцаў. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Аднаўленне сцяны кляштара картэзіянцаў. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Таксама давядзецца адкапаць частку агароджы да гістарычнага бутавага цокаля, бо за мінулае стагоддзе ў час дарожных работ узровень зямлі быў штучна падняты, праз што значная частка цаглянай кладкі апынулася пад зямлёй. Адсутнасць водаадводу і празмернае ўвільгатненне прывялі да значнага разбурэння гэтых канструкцый.

З фасадаў таксама акуратна здымуць стары тынк і пазнейшыя недарэчныя цэментныя латкі. Усе страты ў муроўцы запоўняць керамічнай паўнацелай цэглай на вапнава-пясчаных растворах, блізкіх да арыгінальных, строга без выкарыстання сучаснага цэменту, які небяспечны для захавання гістарычных муроў.

Калона ў паўднёвай сцяне кляштара картэзіянцаў у XX стагоддзі. Фота: з тэндарнай дакументацыі
Калона ў паўднёвай сцяне кляштара картэзіянцаў у XX стагоддзі. Фота: з тэндарнай дакументацыі
Калона ў паўднёвай сцяне кляштара картэзіянцаў у XX стагоддзі. Фота: з тэндарнай дакументацыі
Усё, што засталося ад калоны ў паўднёвай сцяне кляштара — выступ пастамента. Фота: з тэндарнай дакументацыі

Праект прадугледжвае аднаўленне страчаных прафіляваных карнізаў. Патынкаваныя наноў сцены пафарбуюць у гістарычныя колеры. На падставе фізіка-хімічных даследаванняў спецыялісты вызначылі, што першапачаткова муры мелі цёплае вохрыста-жоўтае адценне.

Асобная ўвага падчас прац будзе нададзена рэстаўрацыі арыгінальнай калоны паўднёвай сцяны, якая вонкава нагадвала мініяцюрную вежачку, завершаную чымсьці накшталт каплічкі. Ад яе сёння застаўся толькі пастамент.

Адначасова рэстаўратары зоймуцца шматграннай паўднёва-заходняй кутняй вежай, сцены якой патрабуюць тэрміновага ўмацавання.

Стан сцяны каля паўднёва-заходняй вежы. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Сцяна і паўднёва-заходняя вежа кляштара ў XX стагоддзі. Фота: з тэндарнай дакументацыі
Паўднёва-заходняя вежа кляштара ў XX стагоддзі. Фота: з тэндарнай дакументацыі

Бярозаўскі кляштар картэзіянцаў з'яўляецца адным з самых маштабных і адметных помнікаў спелага барока ў Беларусі. Ён быў узведзены ў 1648—1689 гадах паводле праекта італьянскага архітэктара Джавані Батыста Джыслені на сродкі канцлера вялікага літоўскага Казіміра Льва Сапегі. Гэта быў адзіны кляштар строгага ордэна картэзіянцаў на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, які меў выгляд сапраўднай фартэцыі з вежамі, манументальным касцёлам, шпіталем, аптэкай і батанічным садам.

Комплекс кляштара картэзіянцаў у Бярозе на малюнку 1750 года. Сцяна, якую ўзяліся аднаўляць, намаляваная справа, а гранёная вежа — у ніжнім правым куце. Фота: Wikimedia Commons

Пасля ўдзелу манахаў у вызваленчым паўстанні расійскія ўлады ў 1831 годзе зачынілі святыню, а пасля паўстання 1863 года пачалі мэтанакіравана разбіраць муры і храм на цэглу для будаўніцтва вайсковых казармаў. Да нашага часу ад велічнага ансамбля дайшлі толькі рэшткі паўднёвай і заходняй частак муроў са шпіталем, руіны магутнай званіцы і адноўленая ў 2014 годзе галоўная брама. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары8

  • Удакладненне
    19.06.2026
    Чаму вы пішаце нейкія "картэзіянцы", калі стагоддзямі было "картузы", а станцыя дагэтуль завецца "Бяроза-Картузская", а не "Бяроза-Картэзіянская"?
  • Адраджэнне
    19.06.2026
    А кляштар у Высокім калі адновім?
  • Ганка
    19.06.2026
    Чаму на малюнку 1750 года няма тое вежачкі, якую будуць аднаўляць?

Цяпер чытаюць

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў32

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Як жыхары вёскі пад Маладзечнам змагаюцца за чыстую ваду ўжо 15 гадоў

Трамп расказаў, калі сустрэнецца з Пуціным3

24‑гадовага хлопца з Асіповічаў, які хацеў увайсці ў IT, асудзілі па палітычным артыкуле, хоць ён нічога не зрабіў11

Расія закрые культурныя цэнтры нямецкага Інстытута Гётэ1

Сайман Шустэр: Гэта яна. Зяленскі афіцыйна запусціў аперацыю M&Ms, каб паралізаваць маскоўскія аэрапорты21

Заўтра ў Беларусі магчымы тарнада

Статкевіч заклікаў «глыбокапаважаную Нашу Ніву» не выкарыстоўваць слова «лабуда», а Ціханоўскага — не наракаць на СМІ36

Букмекеры абнавілі спіс фаварытаў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры1

У Магілёве адкрылі шыльду губернатару Дэмбавецкаму. Дату смерці яму напісалі на гады ранейшую за спробу ўцячы з Савецкай Расіі9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў32

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць