Кляшчы восенню: дзе хаваюцца, чым небяспечныя і як абараніць дзяцей
Часцей за ўсё мінчане прывозяць кляшчоў з дач, пры гэтым толькі пятая частка выпадкаў прыпадае на прагулкі ў лесе, піша выданне Times.by.

Пачатак восені адзначаецца хваляй актыўнасці кляшчоў. Як правіла, яны сустракаюцца аж да лістапада, а ў некаторыя гады медыкі фіксавалі адзінкавыя выпадкі укусаў нават у снежні. Пакуль тэмпература паветра будзе не ніжэй за +5°С, адпачываць на прыродзе трэба, улічваючы верагоднасць сустрэчы з гэтымі членістаногімі.
Цяпер у высокай траве і на кустах распаўсюджаныя німфы — гэта дробныя кляшчы памерам 0,5—1 мм. Аднак яны гэтак жа сама пераносяць Лайм-барэліёз і клешчавы энцэфаліт, як і дарослыя асобіны.
«У сваім цыкле развіцця клешч праходзіць некалькі этапаў: яйка, лічынка, німфа і дарослая асобіна. Німфа — гэта падрастаючае пакаленне, такія кляшчы меншыя па памерах, і іх складана заўважыць», — расказала журналістам энтамолаг супрацьэпідэмічнага аддзялення аддзела эпідэміялогіі Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Галіна Млынарчык.
Антыбіётыкі трэба прыняць у першыя 72 гадзіны пасля ўкусу
Самыя небяспечныя хваробы, якія можа перадаць клешч, — клешчавы энцэфаліт і Лайм-барэліёз. І калі ад першага можна прышчапіцца, то ад Лайм-барэліёзу вакцыны пакуль няма.
Каб бактэрыя Лайм-барэліёзу выклікала захворванне ў чалавека, павінна прайсці 72 гадзіны пасля ўкусу.
«Толькі праз 72 гадзіны могуць з'явіцца першыя прыкметы — гэта мігруючая пляма. Яна можа быць ад бледна-ружовага колеру да ярка-чырвонага і сінюшнага. Пляма пастаянна расце, дасягаючы 15, 20 і нават 30 сантыметраў. У яе цэнтры можа быць прасвятленне. Суб'ектыўна яна часта сябе ніяк не праяўляе: чалавек не адчувае ні болю, ні смылення, ні свербу», — адзначыла доктарка-інфекцыяністка, загадчыца аддзялення «боксавы ізалятар» Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы сталіцы Таццяна Клянніцкая.
Калі пасля ўкусу кляшча своечасова не звярнуцца да ўрача і не пачаць прымаць антыбіётыкі ў першыя 72 гадзіны, хвароба можа развіцца далей і закрануць суставы, нервовую і сардэчна-сасудзістую сістэму. Прычым у чалавека могуць з'явіцца нязыклыя галаўныя болі, якія не здымае ніводзін лекавы сродак.
Як засцерагчы дзяцей
Пасля ўкусу кляшча дзецям, як і дарослым, могуць прызначыць антыбіётык ад Лайм-барэліёзу. Пры гэтым карэктную дозу разлічвае педыятр, зыходзячы з вагі дзіцяці. Каб засцерагчы малодшых ад укусаў, пры выхадзе на прагулку іх трэба апранаць па прынцыпе «чарапіцы».
«Гэта значыць, што штонікі трэба заправіць у шкарпэткі, а кофтачку — у штонікі або калготкі. Мы наслойваем слой на слой: зверху кофтачка з манжэтамі, хустка, шапачка — і дзіця ўжо гэтым засцерагаецца», — расказала доктарка-інфекцыяністка, загадчыца арганізацыйна-метадычнага аддзела Гарадской дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы Мінска Аліна Савенка.
Падчас прагулкі трэба выкарыстоўваць рэпеленты супраць кляшчоў. Прычым гэта павінны быць аптэчныя сродкі з інструкцыяй па выкарыстанні.
На скуры чалавека кляшчы любяць цёплыя і сухія месцы. Гэта можа быць прастора за вушамі, шыйныя, падмышачныя, пахавыя, падкаленныя, локцевыя складкі і міжпальцавыя прамежкі. Таму пасля прагулкі дзіця важна агледзець ва ўсіх гэтых месцах. Пры гэтым трэба звярнуць пільную ўвагу і на валасістую частку галавы.
«Быў выпадак, калі хуткая прывезла проста з дачы дзяўчынку з падазрэннем на пнеўманію. Пнеўманія пацвердзілася, спатрэбілася шпіталізацыя, а ў прыёмным аддзяленні ў абавязковым парадку праходзяць агляд на педыкулёз. У дзяўчынкі на галаве былі косы з каляровымі стужкамі, з якімі яна хадзіла паўлета. Калі касічкі расплялі, я знайшла кляшча, які там быў пару сутак», — адзначыла Аліна Савенка.
Хірург аспрэчыў галоўныя міфы пра ўкусы і выдаленне кляшчоў
«Фу, брыдота! Дзе купіць?» Беларускі дызайнер прыдумаў завушніцы ў выглядзе кляшчоў
Ці можна рабіць прышчэпку ад клешчавога энцэфаліту летам?
Чаму цяпер так шмат кляшчоў і што з гэтым рабіць?
Чаму пры ўкусе кляшча бессэнсоўна адразу здаваць аналіз крыві
Ад кляшчоў абароніць гэты аптэчны сродак
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары