Грамадства

Пад Мінскам жанчына ператварыла свой балкон у батанічны сад з трапічнымі раслінамі

Для многіх балкон — гэта месца для складавання каробак або сушкі бялізны. Але жыхарка Бараўлян пад Мінскам Алена Шырокая знайшла для сваёй лоджыі іншае выкарыстанне: абсталявала там сапраўдную аранжарэю, якая патанае ў трапічных раслінах. Большасць з іх існуюць без грунту, а вільгаць убіраюць лістотай. Выданне pristalica.by пабывала ў гасцях у кветкавода, якая сабрала 300 унікальных асобнікаў, і даведаліся, як некалькі квадратных метраў сталі батанічным садам.

Фота Ганны Ціцянковай

Кветкаводства зацягнула Алену Шырокую 17 гадоў таму пасля падараванай архідэі. Цяпер яна смяецца, згадваючы тую першую кветку.

Фота Ганны Ціцянковай

«Я думала, што адзін гаршчок дадасць мне клопатаў, як жа я памылялася, — аглядаючы лоджыю, кажа Алена. — Даглядала архідэю па парадах з інтэрнэту, апрацоўвала ўсялякімі сродкамі. Нават не ведаю, як яна выжыла. Смешна ўспамінаць! Хоць кветка і цяпер жывая, дала мне трох дзетак. Калі каб вярнуць час назад, то я б проста пакінула яе ў спакоі. Часам так бывае: расліна альбо хоча жыць, альбо не».

Паступова калекцыя вырасла да 300 асобнікаў. Дакладную колькасць назваць складана. Алена прызнаецца, што даўно збілася з ліку.

Фота Ганны Ціцянковай
Фота Ганны Ціцянковай
Фота Ганны Ціцянковай

Жывыя пано і ўлюбёнцы з тропікаў

Пераважнае прыроднае асяроддзе росту большасці відаў — тропікі. Многія з іх, напрыклад, тыландсіі, растуць без грунту і амаль не маюць каранёвай сістэмы. У прыродзе яны мацуюцца да кары або да скалаў, выкарыстоўваючы іх як апору. Алена ж фіксуе разеткі на спілах дрэў, кавалачках кары, каркасах цікавай формы, ствараючы дзіўныя жывыя пано.

«Гэта атмасферныя брамеліевыя расліны. Іх можна нават не паліваць, проста апырскваць. Яны ўбіраюць вільгаць лістотай», — тлумачыць Алена.

Фота Ганны Ціцянковай
Фота Ганны Ціцянковай

Спачатку калекцыя Алены расла ў асноўным за кошт зеляніны, прывезенай з-за мяжы: у нас такіх было не знайсці. За адзін экзэмпляр яна аддавала каля 25—35 даляраў. Цяпер усё прасцей: нешта можна купіць на Куфры або зрабіць абмен з іншымі аматарамі. Рост аранжарэі запаволіў тэмп.

Яна паказвае тыландсію, якую ласкава называе «тылкай». Яе зеляніна звісае долу, як жаночыя кудзеркі. У гэтай расліны ёсць свой тэрмін жыцця: яна цвіце толькі адзін раз, а потым паступова вяне. Найбольш любімыя ў Алены архідэі. Адзін з відаў, дэндробіум, трымае кветканос 6—8 месяцаў на год. А яшчэ ёсць архідэя, якая пахне салодка-салодка, як ванільнае марозіва. Найбольшыя і самыя незвычайныя кветкі ў ангрэкума паўтарафутавага, да 18 см у дыяметры.

Дзеля такой колькасці архідэй кара абыходзілася б у кругленькую суму, таму Алена часта збірае яе з паваленых соснаў сама.

Фота Ганны Ціцянковай
Фота Ганны Ціцянковай

Два дні на тыдзень на догляд дзеля пастаяннага цвіцення

З кожным годам калекцыя папаўняецца, і ўсё больш часу кветкавод прысвячае догляду раслін. Сёння на паліў яна траціць два дні на тыдзень.

«Нават за гэты час часам я не спраўляюся. Звычайна бяру паддон, нясу ў ванну, паліваю і чакаю, пакуль сцячэ. І так па колу. Некаторыя расліны замочваю, некаторыя апырскваю, заўсёды па-рознаму. Узімку падыход змяняецца», — тлумачыць яна.

Муж Алены абсталяваў балкон, зрабіў спецыяльныя стойкі і рэйкі, каб падвешваць гаршкі. А калі гаспадыня пераязджае ці з'язджае, яму даводзіцца самому даглядаць зялёную армію.

Фота Ганны Ціцянковай

«Муж зрабіў паддоны са спецыяльнымі дзіркамі, куды ўстаўленыя гаршкі. Усё дзеля зручнасці. Сама лоджыя невялікая, але нават тут я магу рэалізоўваць свае задумы», — расказвае кветкавод.

А яшчэ ў яе трое катоў, якія часам наводзяць свае парадкі. Адзін з пухнатых падчас сустрэчы з журналістамі разбіў керамічны вазон ушчэнт. Гаспадыня паставілася да гэтага спакойна: гаршчок быў дарагі, ручной работы, але яна даўно не купляла такія для архідэй. Пасля падобных выпадкаў аддае перавагу пластыкавым: яны лёгкія, не б'юцца і каштуюць танней.

Фота Ганны Ціцянковай

Частку раслін Алена падсвечвае спецыяльнымі лямпамі, а яшчэ падтрымлівае тэмпературу і вільготнасць, каб гасцям з тропікаў было камфортна, як дома. Клопатаў у яе заўсёды хапае, але яна дакладна ведае: на балконе не будзе ніводнага дня ў годзе без яркіх фарбаў і салодкіх водараў.

Каментары

Цяпер чытаюць

У СІЗА КДБ адшукаўся падпалкоўнік Зара, якога сілавікі лічаць аналітыкам Сахашчыка. Як ён апынуўся ў Беларусі — невядома12

У СІЗА КДБ адшукаўся падпалкоўнік Зара, якога сілавікі лічаць аналітыкам Сахашчыка. Як ён апынуўся ў Беларусі — невядома

Усе навіны →
Усе навіны

Цыгарэта дапамагае сацыялізавацца? Вялікае даследаванне паказала адваротнае1

Трамп падпісаў закон аб «пякельных» санкцыях супраць Расіі42

МЗС Латвіі пасля сустрэчы з Коўлам: Санкцыі супраць Беларусі павінны захоўвацца8

Расія ўжо пачала размаўляць з «Альтэрнатывай для Германіі» пра магчымасць аднаўлення паставак расійскага газу14

Саудаўская Аравія пакінула еўрапейскія НПЗ без нафты на месяц1

Арына Сабаленка паставіла на корце рэкорд раскошы14

У вядомым галівудскім фільме «Паляўнічы на аленяў» Роберт дэ Ніра і іншыя зоркі гралі беларусаў4

У Мінску часова закрывалі станцыю «Плошча Леніна»

Настаўніца з Кармы сабрала калекцыю з 3000 рэдкіх сартоў таматаў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У СІЗА КДБ адшукаўся падпалкоўнік Зара, якога сілавікі лічаць аналітыкам Сахашчыка. Як ён апынуўся ў Беларусі — невядома12

У СІЗА КДБ адшукаўся падпалкоўнік Зара, якога сілавікі лічаць аналітыкам Сахашчыка. Як ён апынуўся ў Беларусі — невядома

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць