Расійскіх агентаў з тэлеграм-канала «Рыбарь» заўважылі за правядзеннем здымак у Еўропе. Пасля выкрыцця яны ўцяклі
Супрацоўнікі канала «Рыбарь», які звязваюць з расійскімі спецслужбамі, праводзяць здымкі ў краінах Еўрасаюза, выкарыстоўваючы для гэтага розныя спосабы, каб не раскрываць сапраўдную мэту сваёй дзейнасці. Гэта раскрыла чэшскае выданне Seznam Zprávy.

Канал звязаны з былым супрацоўнікам прэс-службы Міністэрства абароны Расіі Міхаілам Звінчуком, вядомым пад псеўданімам «Рыбарь».
Чэшскія журналісты здолелі выкрыць людзей, якія працуюць са Звінчуком. Яны пераканалі іх, што могуць арганізаваць інтэрв’ю з экспертам па пытаннях медыяпісьменнасці і дэзынфармацыі Богумілам Картаўсам. Раней Картаўс атрымаў запрашэнне на такую размову. У ім гаварылася, што расійскі аналітычны цэнтр «Рыбарь» рыхтуе дакументальны серыял пра сучасную сацыяльна-палітычную і эканамічную сітуацыю ў Еўропе.
Матэрыял чэшскіх расследавальнікаў пераказвае расійскі незалежны тэлеграм-канал Astra.
Эксперту паведамілі, што здымкі праводзяцца не толькі ў Чэхіі, але таксама ў Францыі, Бельгіі, Аўстрыі, Венгрыі, Славакіі, Сербіі, Босніі і Герцагавіне. Перад інтэрв’ю Картаўс атрымаў спіс пытанняў. У прыватнасці, яго збіраліся распытаць пра рост падтрымкі правых і еўраскептычных сіл у Чэхіі, а таксама пра магчымасць нармалізацыі адносін з Расіяй.
Паводле інфармацыі чэшскіх журналістаў, запыт на інтэрв’ю паходзіў ад расіяніна Барыса Дворкіна. Яго называюць рэжысёрам дакументальнага кіно, які супрацоўнічае з фондам «Гісторыя Айчыны». Гэтым фондам кіруе кіраўнік Службы замежнай разведкі Расіі Сяргей Нарышкін.
На сустрэчу з журналістамі прыехалі карэспандэнт Віталь Чашчухін і аператар Ігар Далматаў. Чэшскія журналісты здолелі іх ідэнтыфікаваць па відэазапісе сустрэчы. Паводле Seznam Zprávy, абодва маюць дакументы, якія дазваляюць жыць у Еўрасаюзе. Чашчухін раней працаваў з расійскімі тэлеканаламі «Известия», «Пятый канал» і РЕН ТВ.
Калі ўдзельнікі здымак зразумелі, што сустрэча была арганізаваная журналістамі, якія расследавалі іх дзейнасць, яны паспешліва пакінулі месца.
Паводле інфармацыі чэшскага выдання, прадстаўнікі расійскай прапаганды таксама спрабавалі атрымаць інтэрв’ю ў дэпутата Еўрапарламента Івана Давіда, чэшскага эксперта па пытаннях энергетыкі Уладзіміра Штэпана, былога кіраўніка вайсковай разведкі Чэхіі Андара Шандара і славацкага публіцыста Сама Марэца.
Пры гэтым за парушэнне санкцый, уведзеных супраць Міхаіла Звінчука і «Рыбаря», удзельнікам здымак у Чэхіі можа пагражаць да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Сёлета ў ліпені Вялікабрытанія ўвяла санкцыі супраць кіраўніцтва і супрацоўнікаў Z-канала «Рыбарь», звязанага з Міністэрствам абароны Расіі. У лютым ChatGPT заблакаваў сетку, звязаную з гэтым каналам. Яе аўтары выкарыстоўвалі штучны інтэлект для распаўсюджвання крамлёўскіх наратываў на міжнародную аўдыторыю. Восенню 2024 года ўлады ЗША абвясцілі ўзнагароду да 10 мільёнаў даляраў за інфармацыю пра Telegram-канал «Рыбарь».
Жаночы форум з Хакамадай у Мінску перанеслі. А яе імя знікла з анонсаў
Колькі Крэмль плаціць прапагандыстам і ваенкарам, якія агітуюць людзей за вайну
Галоўнага расійскага прапагандыста Дзмітрыя Кісялёва адхілілі ад эфіру «Вестей недели»
З Францыі высылаюць расійскую прапагандыстку
Хто такі Z-блогер Ілля Рамясло, якога затрымалі за «фэйкі» пра расійскую армію?
Каментары