Дэпутат Рослікаў пасля правалу яго партыі на выбарах у Латвіі не збіраецца вяртацца з Беларусі
Яго партыя атрымала на выбарах крыху менш за 2 працэнты.

Паколькі на парламенцкіх выбарах партыя «Стабільнасці!» атрымала ўсяго 1,997% галасоў выбаршчыкаў і, адпаведна, не прайшла ў Сейм і страціла дзяржаўнае фінансаванне, лідар партыі Аляксей Рослікаў не плануе вяртацца з Беларусі ў Латвію, паведаміла старшыня праўлення партыі Святлана Чулкова, піша Delfi.lv.
У той жа час Чулкова адзначыла, што Рослікаў не мае намеру спыняць палітычную дзейнасць.
«Ён працягне актыўна займацца палітыкай, выказваць сваё меркаванне і абараняць тых людзей і тыя пытанні, якім да гэтага часу прысвячаў сваю працу», — заявіла палітык.
Чулкова адзначыла, што перад выбарамі Рослікаў выразна заявіў: калі жыхары Латвіі падтрымаюць яго і будуць гатовыя яго абараняць, ён будзе гатовы вярнуцца ў Латвію.
Партыя «Стабільнасці» на перадапошніх выбарах у парламент Латвіі набрала 7% галасоў і мела 10 са 100 месцаў у Сейме. Зараз яна ў парламент не прайшла.
Аляксей Рослікаў атрымаў шырокую вядомасць за межамі Латвіі ў чэрвені 2025 года, калі, будучы дэпутатам Сейма, на адным з пасяджэнняў па-руску заявіў: «Нас больш, і руская мова — наша мова», а таксама паказаў непрыстойны жэст.
Пасля гэтага на яго завялі крымінальную справу — за распальванне нацыянальнай варожасці». Рослікаў знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе.
У красавіку Рослікаў з дазволу ўладаў выехаў на тры дні ў Швейцарыю, аднак замест вяртання ў Латвію з'ехаў у Беларусь, дзе стаў зоркай праўладнага эфіру.
Каментары
Мясцовую "стабільнасць" лепш за ўсё назіраць з боку. :D