Вучоныя назвалі ўзрост, пасля якога мозг пачынае старэць значна хутчэй
У пэўны момант у мозгу запускаюцца маштабныя змены, прычым адну з ключавых роляў адыгрываюць клеткі, ад якіх раней гэтага не чакалі.

Доўгі час старэнне мозгу ўяўлялі як больш-менш паступовы працэс: з узростам яго клеткі павольна змяняюцца, а некаторыя функцыі пачынаюць працаваць горш. Аднак новыя даследаванні амерыканскіх вучоных ставяць такую простую карціну пад сумнеў. З падрабязнасцямі знаёміць Neue Zürcher Zeitung.
У адным з даследаванняў амерыканскія вучоныя з дапамогай сучасных біятэхналогій і штучнага інтэлекту прааналізавалі сляды геннай актыўнасці ў дзясятках тысяч клетак донарскага чалавечага мозгу.
Донары былі ва ўзросце ад 20 да 100 гадоў і да смерці не мелі неўралагічных захворванняў. Усе даследаваныя клеткі паходзілі з гіпакампа — вобласці мозгу, важнай для памяці і асабліва ўразлівай да ўзроставых змен.
Вынік здзівіў саміх даследчыкаў. Прыкладна пасля 50 гадоў у розных клетках мозгу раптоўна ўключаюцца або выключаюцца сотні генаў. Асабліва прыкметна пры гэтым мяняюцца працэсы, звязаныя з імуннай сістэмай.
Клеткам пачынае не хапаць энергіі
Адны з прыкметных змен адбываюцца ў астрацытах. Гэта зоркападобныя клеткі, якія выконваюць у мозгу шэраг дапаможных функцый: падтрымліваюць нейроны і ўдзельнічаюць у падтрыманні бар'ера паміж крывёй і тканкамі мозгу.
З узростам у астрацытах пачынаюць горш працаваць мітахондрыі, якія забяспечваюць клеткі энергіяй. У выніку астрацыты слабнуць і ўжо не могуць гэтак жа эфектыўна выконваць свае функцыі.
Ад гэтага пакутуе і бар'ер паміж крывёй і тканкамі мозгу, у падтрыманні якога ўдзельнічаюць астрацыты. Ён становіцца больш пранікальным, і імунныя клеткі з крыві атрымліваюць магчымасць трапляць у мозг. З узростам іх становіцца ўсё больш.
У норме ў тканках мозгу імунную функцыю выконваюць клеткі мікрагліі. Сярод іншага, яны пазбаўляюцца ад клетачных адкідаў.
Аднак з узростам сітуацыя істотна мяняецца. Як паказала іншае даследаванне навукоўцаў са Стэнфардскага ўніверсітэта, імунныя клеткі з крыві паступова запаўняюць не толькі гіпакамп, але і іншыя вобласці мозгу. Да 80 гадоў яны амаль цалкам выцясняюць клеткі мікрагліі.
Праблема не толькі ў самой іх прысутнасці. Клеткі, якія прыходзяць з крыві, бяруць на сябе функцыі мікрагліі, але пры гэтым выпрацоўваюць вялікую колькасць сігнальных малекул, якія падтрымліваюць запаленне. У выніку вакол нейронаў могуць узнікаць шматлікія дробныя ачагі запалення. Яны здольныя парушаць працу нервовых клетак і нават прыводзіць да іх гібелі.
Пры чым тут дэменцыя
Многія даследчыкі мяркуюць, што хранічнае запаленне ў мозгу можа спрыяць развіццю хваробы Альцгеймера, іншых формаў дэменцыі і хваробы Паркінсана. Некаторыя ідуць яшчэ далей і лічаць, што менавіта невялікія ачагі запалення могуць быць прычынай гэтых захворванняў.
Паводле гэтай гіпотэзы, пастаяннае ўздзеянне рэчываў, якія падтрымліваюць запаленне, можа настолькі парушыць працу нервовых клетак, што ў іх пачнуць утварацца таксічныя бялковыя згусткі, характэрныя для хваробы Альцгеймера і іншых нейрадэгенератыўных захворванняў. Урэшце клеткі могуць загінуць.
Звычайна імунная сістэма падтрымлівае баланс: адны клеткі ўзмацняюць запаленчую рэакцыю, а іншыя яе стрымліваюць. Аднак у старэючым мозгу гэты баланс, магчыма, парушаецца. Адной з прычын могуць быць змены ў актыўнасці генаў, якія пачынаюцца прыкладна пасля 50 гадоў.
Пры гэтым у мозгу ёсць і механізм, здольны стрымліваць празмернае запаленне. Нядаўняе даследаванне навукоўцаў з Інстытута біялогіі старэння імя Макса Планка ў Кёльне паказала, што асобная група клетак мікрагліі пры выяўленні таксічных бялковых згусткаў пачынае падаўляць запаленчую рэакцыю і стрымліваць іншыя імунныя клеткі. Ці захоўваецца гэтая здольнасць мікрагліі з узростам, пакуль невядома.
Як праблему хочуць ператварыць у лекаванне
Тое, што імунныя клеткі з крыві здольныя пранікаць у мозг, даследчыкі разглядаюць не толькі як праблему, але і як магчымасць для будучай тэрапіі.
Ідэя заключаецца ў тым, каб здабываць такія імунныя клеткі з крыві і мадыфікаваць іх у лабараторыі. Іх можна было б змяніць так, каб яны перасталі выпрацоўваць рэчывы, якія падтрымліваюць запаленне, пачалі стрымліваць празмерную актыўнасць іншых імунных клетак або нейтралізавалі ўжо наяўныя рэчывы, якія выклікаюць запаленчую рэакцыю.
Пасля гэтага мадыфікаваныя клеткі можна было б вярнуць у арганізм. Дабраўшыся з крывёй да мозгу, яны павінны былі б аслабляць або нават ліквідаваць наяўнае запаленне.
Галоўная перавага такога падыходу ў тым, што клеткі крыві значна прасцей мадыфікаваць па-за арганізмам, чым непасрэдна ўмешвацца ў працу мозгу.
Цяпер чытаюць
Басіст «Пятлі», яго 18‑гадовы сын і зорка «Разбітага сэрца пацана» — расказваем пра беларускамоўны гурт Prypiać, які прэзентаваў аўтарскую «Калыханку»
Каментары
подавлять
1) (усмирять) душыць
(огонь, огневые точки ) падаўляць
подавлять восстание — душыць паўстанне
подавлять огонь противника — падаўляць агонь праціўніка
подавлять огневые точки врага — падаўляць агнявыя пункты ворага
2) (заглушать) заглушаць, прыглушаць
подавлять желание — заглушаць жаданне
подавлять своё возмущение — заглушаць (прыглушаць) свае абурэнне
3) перен. (угнетать) прыгнятаць
(ошеломлять) ашаламляць
тишина подавляла его — цішыня прыгнятала яго
4) (превосходить) (намнога) пераважаць
подавлять противника военной техникой — (намнога) пераважаць праціўніка ваеннай тэхнікай