Хакеры цалкам знішчылі воблачную інфраструктуру аднаго з найбуйнейшых расійскіх хостынг-правайдараў Beget
Адзін з лідараў расійскага рынку вэб-хостынгу, кампанія Beget, зазнаў катастрафічную кібератаку. Воблачная інфраструктура аказалася цалкам знішчанай, сотні тысяч сайтаў і сэрвісаў спынілі працу на некалькі дзён, а частку інфармацыі ўжо не ўзнавіць. Beget пад санкцыямі ЕС за супрацоўніцтва з Міністэрствам абароны РФ і працу на акупаваных тэрыторыях Украіны.

Атака адбылася ў ноч на 2 лістапада 2026 года і паралізавала ўсе ўзроўні архітэктуры правайдара. Пра гэта прадстаўнікі правайдара паведамілі ў сваім тэлеграм-канале.
У воблачным сегменце (VPS, S3 і Kubernetes) былі беззваротна страчаныя ўсе працоўныя даныя кліентаў і бінарныя рэзервовыя копіі, а файлавыя рэзервовыя копіі атрымаецца выратаваць толькі для паловы карыстальнікаў. Пацярпела нават унутраная база самой кампаніі, дзе зніклі сувязі паміж акаўнтамі і паслугамі. Больш за 1000 фізічных сервераў інжынерам давялося правяраць і чысціць ад шкоднасных механізмаў уручную, а каб пазбегнуць шматмільённых пазоваў за прастой бізнэсу і страчаныя базы даных, Beget афіцыйна абвясціў кліентам пра наступленне «форс-мажору».
Удар па Beget стаў адным з самых чуллівых інфраструктурных інцыдэнтаў у расійскім сегменце інтэрнэту. Кампанія ўваходзіць у лік найбуйнейшых гульцоў на рынку Расмм, утрымліваючы больш за 13—15% усіх даменаў у нацыянальных зонах (.ru,.рф,.su). Паводле розных ацэнак, у 2026 годзе на магутнасцях правайдара размяшчалася ад 400 да 700 тысяч сайтаў.
З ліпеня 2026 года Beget знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза за супрацоўніцтва з Міністэрствам абароны РФ і працу на акупаваных тэрыторыях Украіны. Менавіта праз еўрапейскія абмежаванні летам гэтага года кампанія была вымушаная закрыць свой дата-цэнтр у Латвіі і сканцэнтраваць серверы ўнутры Расіі, дзе іх у выніку і дасталі хакеры.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЦяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары