Больш за сотню бельгійскіх студэнтаў былі выдаленыя з борта самалёта ірландскай бюджэтнай авіякампаніі Ryanair пасля таго, як учынілі на борце «бунт»,
перадае BBC.

Маладыя людзі мелі вылецець у нядзелю з Канарскіх астравоў у Бельгію.

Адзін з пасажыраў адмовіўся аплачваць перавышэнне мінімальнага нарматыву ручной паклажы, які складае 10 кг. Астатнія студэнты зладзілі беспарадкі, каб выказаць салідарнасць з ім. Камандзіру паветранага судна давялося выклікаць па радыё грамадзянскую гвардыю (паліцыю). Паводле інфармацыі газеты La Provincia, падчас высаджвання бунтаўнікоў з борта самалёта гвардзейцам не давялося ўжываць сілу.

Гвардзейцы вывелі ўсіх пасажыраў з самалёта і праверылі кожнага з іх.

Са 168 пасажыраў, якія знаходзіліся на борце, менш за 70 былі пасля дапушчаныя на рэйс.
«У выніку беспарадкаў паліцыя з меркаванняў бяспекі вырашыла адмовіць ўсёй групе ў вылеце», — гаворыцца ў заяве іспанскага Міністэрства ўнутраных справаў.

Некаторыя студэнты Брусэльскага ўніверсітэта змаглі вылецець іншымі рэйсамі, але каля 70 па стане на вечар нядзелі заставаліся ў Лансаротэ — ім не хапіла месцаў на борце іншых самалётаў.

Вылецець у Брусэль усе пакінутыя студэнты не змогуць раней за аўторак. Каля 40 месцаў ёсць на рэйс да Дзюсельдорфа, адкуль давядзецца дабірацца ў Брусэль іншымі рэйсамі. У аўторак 40 чалавек змогуць вылецець у Франкфурт-на-Майне, і толькі пяць месцаў ёсць на наўпросты рэйс у Брусэль. Наступны наўпросты рэйс у Брусэль будзе толькі ў чацвер.

Бельгійскае консульства, даўшы зразумець, што кошт авіяпералёту павінныя аплаціць самі пасажыры, вядзе перамовы з Ryanair аб вызваленні пасажыраў ад платы за звышнарматыўную ручную паклажу, якая і стала падставай для беспарадкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?