Белтэлерадыёкампанія пачала прыём заявак для ўдзелу ў рэспубліканскім дзіцячым конкурсе «Песня для Еўрабачання» — нацыянальным адборачным туры міжнароднага дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2012», які пройдзе ў снежні ў Амстэрдаме.

Як паведамляе прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі, якая з’яўляецца арганізатарам нацыянальнага адборачнага тура, удзельнікам адбору на дзень правядзення міжнароднага конкурсу павінна быць не менш за 10 і не больш за 15 гадоў. Яны павінны быць грамадзянамі Беларусі або замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, якія пастаянна жывуць на тэрыторыі краіны не менш за два з паловай гады.

На рэспубліканскі конкурс павінна быць прадстаўлена раней не апублікаваная песня на беларускай ці рускай мове, напісаная самім канкурсантам (дапускаецца дапамога дарослых). Працягласць песні не менш за дзве хвіліны трыццаць секунд і не больш за дзве хвіліны сорак пяць секунд.

Для ўдзелу ў конкурсе трэба адправіць заяўку каштоўнай бандэроллю на адрас: 220807 Мінск, вул. Макаёнка, 9, з паметкай «На рэспубліканскі конкурс «Песня для Еўрабачання». Апошні дзень адпраўкі — 25 мая 2012 года. Падрабязнасці правядзення конкурсу будуць размешчаныя на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі.

Рэспубліканскі конкурс пройдзе ў тры этапы: адборачны тур, фінал і падрыхтоўка афіцыйнага прадстаўніка Беларусі да выступлення на міжнародным конкурсе. Вынікі адборачнага тура плануецца падвесці ў чэрвені; прафесійнае журы, сфарміраванае арганізатарам, павінна выбраць ад 7 да 10 фіналістаў.

Фінал рэспубліканскага конкурсу пройдзе ў верасні ў форме гала-канцэрта. Пераможца, які прадставіць Беларусь на дзіцячым «Еўрабачанні-2012», будзе вызначаны шляхам тэлефоннага і sms-галасавання тэлегледачоў і галасавання прафесійнага журы.

Вяшчальнікам нацыянальнага адбору і міжнароднага дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2012» традыцыйна выступіць тэлеканал «Беларусь 1».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?