Акруговыя выбаркамы Гомеля, пасяджэнні якіх прайшлі 22 жніўня, зарэгістравалі ўсіх прэтэндэнтаў, вылучаных кандыдатамі ў дэпутаты ад апазіцыі.

Так, акруговая камісія Гомельскай-Савецкай акругі зарэгістравала ўсіх пяцярых жадаючых стаць кандыдатамі, у тым ліку старшыню абласной арганізацыі і намесніка старшыні АГП Васіля Палякова, каардынатара грамадзянскай кампаніі «Справаводства па-беларуску!» Ігара Случака.

«Усё прайшло даволі дэмакратычна на гэтым этапе, усё выглядае добра і прыстойна, калі не ведаць, чым усё гэта завершыцца, то складваецца ўражанне, што камісія працуе ў адпаведнасці з законам», — адзначыў Палякоў. Ён паведаміў, што выканае рашэнне з’езда партыі і зніме ў далейшым сваю кандыдатуру. «Палітычныя зняволеныя ў турме, апазіцыю не ўключылі ў камісіі, не лічачы аднаго чалавека ў вобласці, таму ўдзельнічаць у тэатры абсурду не бачу сэнсу», — дадаў палітык.

У сваю чаргу, як заявіў Ігар Случак, ён не чакаў, што яго зарэгіструюць. Ён лічыць сябе «цікавым кандыдатам». «Кандыдатаў шмат, але калі я збіраў подпісы, то было відаць, што я цікавы людзям, людзі хацелі са мной размаўляць, я вядомы кандыдат, цікавы, таму я думаў, што мяне не зарэгіструюць», — пракаментаваў Ігар Случак.

Па Гомельскай-Цэнтральнай акрузе № 33 былі зарэгістраваныя ўсе магчымыя чатыры кандыдаты, у тым ліку вылучэнец ад Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Сергіенка.

Па Гомельскай-Прамысловай акрузе таксама былі зарэгістраваныя кандыдатамі ўсе тры жадаючыя, у тым ліку грамадзянская актывістка Галіна Краўчанка і член АГП Уладзімір Кацора.

Па Гомельскай-Сельмашаўскай акрузе былі зарэгістраваныя двое кандыдатаў з пяці прэтэндэнтаў: гендырэктар ВА «Гомсельмаш» Валерый Жмайлік і член Партыі БНФ Васіль Раманаў.

Па Гомельскай-Юбілейнай акрузе былі зарэгістраваныя тры кандыдаты з чатырох прэтэндэнтаў, у тым ліку член АГП Аляксандр Каротчанка.

Па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе рэгістрацыю атрымалі трое кандыдатаў, з чатырох прэтэндэнтаў, у тым ліку член АГП Уладзімір Няпомняшчых.

Па Гомельскай-Сельскай акрузе зарэгістраваны кандыдатам член АГП Адам Варанец, па Жыткавіцкай — Анатоль Хамец, і па Буда-Кашалёўскай — Марат Афанасьеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?