бытавуха

 

Славамір АДАМОВІЧ

Нацыянальны футбол

 

Серада, 18 жніўня 1999 году

На праспэкце Скарыны, насупраць гмаху КГБ. За столікам п’ю піва «Беловежское». Побач тое самае ўжываюць расейскія фанаты, якія прыехалі на таварыскі матч паміж іхнымі й нашымі. Піва закусваюць ялавічынай, паляць сваю «Астру». Самаму старэйшаму ў групе гадоў трыццаць. Гэты паліць «LM» ды распавядае, як пераплаціў нашаму таксісту.

Матч пачаўся а 19-й. Збольшага запоўненыя трыбуны ўскінуліся чырвона-зялёнымі сьцягамі, разьлегліся воклічы, у якіх дамінавала слова «Беларусь». 12 сэктар усходняга крыла стадыёну амаль увесь запоўнены Маладым Фронтам і проста нашымі. Зьяўляюцца бел-чырвона-белыя сьцягі, на што адразу ж рэагуюць спэцназаўцы і міліцыя. У трынаццатым сэктары добра арганізаваная група іхных фанатаў у адзіным парыве ўскідвае рукі, скандуючы: «Русские — вперёд!» Пад канец першага тайму на поле паляцелі пэтарды. Міліцыя рэагуе слаба. Тым часам «рускія» распаляюцца ўсё больш, завязваюцца сутычкі з нашымі. Першы гол у браму беларусаў вызваляе пачуцьці маскалёў па поўнай праграме. Бачачы, што нашыя фаны, міліцыя і спэцназ паводзяць сябе нерашуча, «рускія» ўрываюцца ў дванаццаты сэктар, адбываецца жорсткая бойка. Толькі пасьля гэтага вартавыя парадку актывізуюцца. Праўда, неяк слаба, паколькі няма дакладнай каманды на ліквідацыю беспарадкаў. І ўсё ж на некалькіх асабліва дзёрзкіх расейцаў міліцыянты чапляюць кайданы. Пацярпеў сяржант спэцназу — яму маскалі разьбілі твар. Папала па фізіяноміі і «крату» ў цывільным. Ціхароў тут мора, але яны сваімі відэакамэрамі здымаюць пераважна 12-ы сэктар, дзе Малады Фронт скандуе «Жыве Беларусь!» ды «Раша — параша, перамога будзе наша!» Здымаюць нас нахабна, лезучы раструбамі апаратаў проста ў твар. Сярод супрацоўнікаў спэцорганаў ёсьць і жанчына з камэрай. У яе ладны гарбаты нос, зьлёгку каштанавыя валасы, буйная косьць і правая рука без заручальнага. Адкладзі, кажу, сваю цацку, давай пазнаёмімся, сходзім у «Грунвальд» — тут недалёка. Прамаўчала, бедненькая. Шкада яе.

Пасьля перапынку ніхто ўжо ня сочыць за гульнёй на полі, тым больш, што нашым загналі другі гол. Нехта сарваным голасам крычыць: «Мачы сініх!» (расейскія гульцы ў сіняй форме). Урэшце маладафронтаўцы разгортваюць вялізнае бела-чырвона-белае палотнішча. Здэмаралізаваныя бойкай з расейскімі фанамі, міліцыя і спэцназ нават не спрабуюць яго адабраць, і сьцяг лунае над нашымі галовамі да самага завяршэньня матчу. Па дзявятай гадзіне вечару стала вядома, што нашы прайгралі насуха. Прыкра.

Пасьля «таварыскай сустрэчы» расейскіх фанаў па-ранейшаму абкружае амон і міліцыя, а 12-ы сэктар стрымліваюць спэцназаўцы. Толькі пасьля таго, як гледачы астатніх сэктараў стадыёну пакінулі свае глядацкія месцы, пачалі па адным выпускаць і нас. Выпускаючы, абшуквалі, шукаючы, трэба думаць, нацыянальныя сьцягі. Па традыцыі скруцілі дэпутата Шчукіна. Кажуць, яму перадалі палотнішча самага вялікага сьцяга, што й стала прычынай мянтоўскага нападу.

А палове на адзінаццатую вечара праз скрыжаваньне вуліцаў Сьвярдлова—Ульянаўскай у атачэньні міліцэйскага канвою група расейскіх фанатаў прайшла на вакзал. Прайшла ціха, бяз выкрыкаў, пакідаючы ў беларускіх пастарунках некалькі сваіх таварышаў.

 

Гарбатага магіла справіць

У «Звяздзе» за 13 жніўня 1999 году чытаю матэрыял «Пайшоў і не вярнуўся». Аўтар артыкула піша: «Зграя «ваўкоў» у чалавечым абліччы зноў накінулася на бязьвіннага чалавека. Яны наносілі яму ўдары нажамі, білі кулакамі і нагамі. У.Маскалёў залез на мёртвае цела з нагамі і скакаў па яго грудзях і галаве». Вось жа зь нейкім Маскалёвым сядзеў я ў «малалетцы» віцебскага цэнтралу, заехаўшы туды 13 жніўня 1996 году. Гэнаму было 16 гадоў, пачаў сядзець дзесьці з 14-ці, на каленях наколка «ружа вятроў», што азначае «ня стану на калені». Закрылі яго ў Наваполацку за групавое згвалтаваньне (гвалтавалі самі і прымушалі да гвалту пэнсіянэра, які здаваў ім кватэру). Хутчэй за ўсё гэта той самы Маскалёў. І тое самае прозьвішча — «знакавае».

 

Пасьля дваццаць першага

Нехта Марцінкене Марына з Шаўляў (Літва), настаўніца ангельскай мовы, піша: «Прывітаньне песьнярам беларускай рэвалюцыі і ня толькі яе! Такое адчуваньне, што я апынулася ў Расеі 1917 году». Марына мае на ўвазе 21 ліпеня 1999 году, калі яна зь сяброўкай апынулася на Кастрычніцкай плошчы нашае сталіцы, набыла ў перакупшчыка маю кнігу, знайшла там мой адрас і напісала гэтыя словы пра нашую рэвалюцыю.

 

Канатацыі

Жанчына, якая дапамагае мне ў адной далікатнай справе, мае прозьвішча Чыгір. А дзявочае — Старавойтава. Муж ейны — у лячэбна-працоўным прафілякторыі (знакамітыя ў 80-х ЛТП), ды і сыну пагражае няволя — з таварышам скралі машыну і разьбіліся на ёй. Таварышу — сьмерць на месцы, а яму — турэмная бальніца. Гісторыйка банальная, але прозьвішчы ў ёй фігуруюць вядомыя.

А вось каму не пашанцавала, дык гэта грамадзянам з прозьвішчам Лукашэнка. Хоць ты бяжы ў ЗАГС ды перапісвай яго на іншае, легітымнае.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0