Вячаслаў Адамчык:

“Для сяброў — цыгару, для сябе — кніжку”

Пра кніжкі і пра кнігарні свайго жыцьця ў рэдакцыі “НН” распавядае пісьменьнік, аўтар тэтралёгіі “Чужая бацькаўшчына” Вячаслаў Адамчык.

 

— У мае падлеткавыя гады кнігарняў ня вельмі было – ішла вайна. У тыя часы газэта, часопіс, кнігарня — зьява выпадковая, бо вакол пажары, сьмерць… Я нара-дзіўся ў даволі беднай сям’і, хаты, калі бацька аддзяліўся ад дзеда, у нас не было. Мы жылі ў каморы, якую бацька адгарадзіў ад падпаветкі, дзе захоўваліся розныя вазы, сані, плугі, бароны.

У 1939-м годзе, з прыходам бальшавікоў, калі пачаўся масавы вываз няўгодных людзей, я здабыў першую кніжку. Прынёс яе ад стрыечных братоў, сям’я якіх была выслана ў Казахстан. Мой бацька кажа: “Хадзі ў іх хату, можа яшчэ там што знойдзеш”. Сам, мабыць, баяўся ісьці. А я пайшоў. Хата пустая, вусьцішная, паўсюль салома ляжыць, страшна, карацей. І я ўбачыў кніжку, яна тырчала ў вакне, закрывала дзірку ў пабітай шыбе. Гэта быў польскі лемантар. Я яго з радасьцю прынёс дадому, а бацька кажа: “Ну вось, знайшоў сабе цацку”. Бацькі мае былі непісьменныя. Аднак гэтая мая адзіная кніжка згарэла, калі вёску спалілі немцы. Другую кніжку мне падарыла няродная баба – падручнік па гісторыі. Ён у мяне не пабыў і два месяцы, як у нашай мясцовасьці зьявіліся нагнаныя немцамі казацкія сотні атамана Паўлава. Адзін з казакаў, агледзеўшы гэтую маю адзіную кніжку, забраў яе пачытаць. Так яна і зьнікла. Трэцяй, як ні дзіўна, была кніжка пра Катынь. Мне прынёс яе адзін пастушок. Кніжка была выдадзена Чырвоным Крыжам з прапагандысцкай мэтай, можа нават з удзелам саміх немцаў, бо якраз тады пад Смаленскам, каля Катыні немцы раскапалі трупы расстраляных польскіх афіцэраў, сярод якіх аказаліся і беларусы. Гэта было вялікае ілюстраванае выданьне з фотаздымкамі часопіснага фармату.

Аднойчы ішоў я па мястэчку, — я тады ўжо вучыўся ў акупацыйнай школе (навучаньне ішло па-беларуску, хоць настаўнікі ў нас былі яшчэ польскія) – і вецер падкаціў мне пад ногі з чорнага нейкага рынку чырвонцы, якія тады хадзілі поруч зь нямецкімі акупацыйнымі маркамі. Іх было 100. Для сваіх сяброў я набыў вялікую нямецкую цыгару, а для сябе — кніжку. Так адбылася мая першая сустрэча з кнігарняй. Я купіў зборнік сцэнічных твораў, дзе былі зьмешчаныя і Аляхновіч, і Чарот, і Купала, і шмат хто яшчэ. Таксама набыў кніжку-каляндар на 44-ы год. Вось такой была мая першая сустрэча з кнігарняй. Мне ішоў дзясяты год.

Наступнай маёй кніжкай быў падручнік па беларускай літаратуры, які мне выдалі ў школе. На яго старонках я шчасьліва натрапіў на два вершы, якія, можна сказаць, вызначылі мой далейшы лёс. Там быў верш Алеся Гаруна “Ты, мой брат, каго зваць беларусам…” і “Пагоня” Максіма Багдановіча з нотамі. Гэты падручнік быў выдадзены ў Менску ў часе акупацыі. Вершы кранулі маю чуйную душу, у першую чаргу сваёй мілагучнай веліччу. Такі харал, такая музыка вершаванага радка ў Багдановіча. Я імі моцна захапіўся, вывучыў на памяць, чытаў услых, цытаваў. Мае аднагодкі на мяне зь дзівам пазіралі. Яны ў той час шукалі які недапалак ад нямецкай цыгарэты. Я быў адзінокі ў сваіх памкненьнях.

Пасьля вайны зьявіліся “культмагі”, але ў мяне – падлетка – грошай, вядома, не было. Аднак магнэс цягнуў мяне да кніжак. Помню, убачыў у культмагу, побач са сшыткамі, плыткамі для патэфону, далёка, на самай высокай паліцы, стаяла кніжка. Ледзьве ўпрасіў прадаўшчыцу яе паказаць. Гэта аказаўся зборнік вершаў Максіма Танка “Праз вогненны небасхіл”. Яна сказала: “Ніхто не купіў, і ты ня купіш”. Але дзякуй Богу, што хоць зьлітавалася, дала пагартаць.

Мой сусед-сірата набыў выдадзены ў 1945 годзе тамок выбраных твораў Янкі Купалы. А хату абклеіў газэтамі, а ў мяне ў той час нават газэт ня было, дык я прыходзіў да яго і чытаў тыя газэты. Вось на чым я вучыўся. І гартаў гэты зборнік — ён заўсёды ляжаў на стале, нібы біблія. Аднойчы сусед-сірата паглядзеў на мяне і кажа: “Бачу, ты так заха-піўся вершамі, я табе яго падару. Але перад гэтым хачу сказаць, што адзін столькі вершаў, пэўна, не складзеш. Трохі ён ад сябе ўзяў, трохі ад іншых, вось і выйшла такая кніжка. Бяры яе сабе”. Так у мяне зьявіўся ўласны Купала. Пасьля вайны ў кнігарнях, канечне, таксама зьяўляліся чыста савецкія кніжкі з прапагандысцкімі назвамі, як, напрыклад, зборнік вершаў Куляшова —“Камуністы”. Гэта мяне крыху адчужала.

1947 год прынёс новыя кнігі, бо пачалі ўжо працаваць выдавецтвы, пачалі зьяўляцца гэтак званыя “юбілейныя выданьні”, прыгадваецца, напрыклад, да “30-годдзя Кастрычніка”. У гэтай сэрыі выйшлі даволі салідныя тамкі выбраных твораў Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы, Зьмітрака Бядулі, таго ж Куляшова, таго ж Танка, Лынькова, нават “Гарачыя вятры” маладога Панчанкі. І гэтыя кніжкі сталі паступаць у бібліятэкі, і я іх чытаў. Набываць іх грошай у мяне не было. Капейкі зьбіраў на падручнікі. Пасьля, калі працаваў грузчыкам і пачаў зарабляць, дык стаў набываць у кіёсках даволі слабенькую нашую прозу — Пасьлядовіча, Хадкевіча. Усё нарыснае, кволае, але мяне неадступна цягнула да беларускага слова. Памятаю, як на нейкія грошы я купіў зборнік вершаў Алеся Бачылы “Подых вясны” і потым расчараваўся, як расчараваўся, прачытаўшы ў школе на шчыце ў газэце “Звязда” паэму Куляшова “Новае рэчышча”, за якую яму была прысуджаная ганаровая Сталінская прэмія. Не адрываючыся, ад пачатку да канца я прачытаў гэтую паэму, і мяне ахапіла крыўда: за такія спрошчаныя вершы, ды прэмія. Я застаўся глыбока ўражаны і зьняважаны, і гэта мяне надоўга адхіліла ад Куляшова. А пасьля я зьвярнуў увагу на сам школьны падбор. Гэта была звычайная рыфмаваная прапаганда — “слаўлю Сталіна сталь”, “камуністы — гэта слова як са сталі”. Мяне ў той час захапляў Паўлюк Трус сваім шчырым узьнёслым радком. І як я не ўспрымаў танкаўскага верша “Не шкадуйце, хлопцы, пораху...”. Ратаваў найбольш Багдановіч. Колькі разоў я ў той час вяртаўся да яго чароўнага слова ў падручніках ці ў кніжках, хоць і ня лёгка было іх знайсьці. І самае важнае, што зрабіла мяне нацыянальна сьвядомым, гадоў у пятнаццаць, — выдадзеныя ў Вільні кніжкі Адама Станкевіча “Хрысьціянства і беларускі народ”, Антона Навіны “Ад-бітае жыцьцё”, дзе ўжо прасочвалася беларуская ідэя. І я, невысокі розумам падлетак, нават асьмеліўся спрачацца з Адамам Станкевічам, як трэба ісьці па шляху да самавызначэньня, да нашай дзяржаўнасьці. Рабіў запісы, што той шлях, які прапануе Адам Станкевіч, на гэты час нам не падыходзіць. Ня толькі касьцёл ці царква павінны заклікаць да гэтага, але і мы самі павінны весьці змаганьне за родную зямлю, за страчаную хату...

Самаадукацыя дапамагала больш, бо школа нічога не давала. Школа была чыста савецкай. Настаўнікі — наежджыя, з Уралу, бо беларускіх арыштавалі адразу пасьля вайны. 60-я—70-я гады былі іншым часам, і я быў іншы чалавек. Я ўжо меў магчымасьць, між іншым, сабраць немалую бібліятэку, якую цяпер ужо растрос з-за ўсіх гэтых пераездаў з кватэры на кватэру. У асноўным зьбіраў кніжкі па падпісных выданьнях, выпісваў польскія газэты, часопісы па мастацтве для сына Валодзі — і баўгарскія, і вугорскія, і польскія, і маскоўскія, і нават з Паўночнай Карэі, зь бясконцымі партрэтамі Кім Ір Сэна. Шмат кніг я вы-пісаў, шмат пасьля аддаў сынам, у мяне засталася недзе трэцяя частка. Тады беларускіх кніжак выдавалася больш, чым цяпер, і нашмат больш. Можна гаварыць пра якасьць, узровень літаратуры, тэндэнцыйны падбор, але гэта ўжо іншая гутарка. І наклад, і колькасьць былі ў некалькі разоў большыя, шмат выдавалася збораў твораў. Пасьля кніжак стала меней, як пачалі зьнікаць беларускія школы і пачалася палітыка, якую праводзіў сёньня чамусьці ўсхвалены Машэраў, які ня толькі нашую мову, але й нашае Палесьсе губіў брэжнеўскай мэліярацыяй.

Гэтая палітыка працягваецца і цяпер. Хоць запрашэньні на выбары тады дасылалі напісаныя па-беларуску, а нядаўна я атрымаў — па-расейску. Хоць бальшавікі і ціснулі беларусаў страшэннымі падаткамі, але квіткі друкаваліся па-беларуску. А цяпер, даруйце, я беларускай мовы нават на вуліцы ня чую.
Поўная русіфікацыя. І гвалтоўная.

Сёньняшняя кнігарня вымагае вельмі вялікіх грошай. Можа і пачало выдавацца тое, што было забаронена — кніжкі і неабходныя дакумэнты, якія раней трымалі ў спэцсховішчах. Але сёньняшні дашчэнту зьбяднелы чалавек ня можа набыць кніжку, бо ён зарабляе столькі, колькі яна каштуе.

Беларускія выдавецтвы зараз заваленыя, не таму, што многа выда-дзеных кніг, а таму, што многія рукапісы ляжаць нявыдадзеныя. Беларуская кніжка пайшла не на кірмаш, бо да кірмашу яна стала не дарастаць, яна пайшла ў нетры. А калі цяжкія справы з нашай кніжкай — то цяжкія справы з нашай культурай, з нашым прыгожым пісьменствам, з нашай адукацыяй, з нашым духоўным разьвіцьцём. Праўда, салідны, прыгожа аформлены фаліянт тэкстаў Адама Глёбуса ўсё ж трапіў на міжнародны кніжны кірмаш. Дзяржава зараз найперш дбае пра сілавыя структуры. Мастацтва, тэатар, кіно, бібліятэкі — усё ў заняпадзе, бо няма грошай — няма й цікавасьці. Калі раней у выдавецтве “Мастацкая літаратура” працавала 100 чалавек, то зараз — 15—20. Адпаведна яны выдаюць у 10 разоў менш кніжак.

Тое, што беларуская мова не падтрымліваецца, я бачу ў штодзённым жыцьці, нават па транспрантах, якія вісяць над праспэктам Скарыны. Нават сэсія парлямэнту не вядзецца па-беларуску. Выбачайце, а дзе яны засядаюць? У якой краіне, у якой дзяржаве жывуць? Выбраньнікі народу далёкія ад народу. Аднак я спадзяюся, веру, што мы выжывем. Я заўсёды думаў, што калі Ўкраіна будзе мець незалежнасьць, то чарга прыйдзе й да Беларусі. Бо ўжо ўсе наўкола нас зразумелі, што ім лепш жыць самастойна. Надыдзе і наш час. Веру.

Запісаў Андрусь Белавокі

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0