Тэракт у метро, забойства жонкі з каханкам, даміно на жыццё. За што ў Беларусі прысуджалі да расстрэлу
У Слуцку цяпер судзяць Аляксандра Таратуту і яго жонку, якія жорстка забілі трохгадовага сына. Сведкам у зале становіцца блага ад пачутага. Пракурорка просіць расстраляць мужчыну, а яго жонку адправіць на 25 гадоў за краты. Як паказвае практыка, хутчэй за ўсё, Таратуту расстраляюць. Згадваем, каму раней выносілі смяротныя прысуды.
18.10.2023 / 11:20
Асуджаныя да смяротнага пакарання: Дзмітрый Канавалаў, Уладзіслаў Кавалёў, Сямён Беражны, Ігар Гершанкоў, Аляксандр Груноў, Павел Сялюк, Іван Кулеш, Аляксандр Асіповіч, Генадзь Якавіцкі
Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе дагэтуль ёсць смяротнае пакаранне. За гады незалежнасці было вынесена больш за 400 смяротных прысудаў. У 2003-м адзін расстрэльны вырак быў заменены на 15 гадоў зняволення Дзмітрыю Хархалю.
За апошнія 12 гадоў было вынесена, прынамсі, 24 расстрэльныя прысуды.
Толькі два смяротнікі, 19-гадовы Станіслаў і 21-гадовы Ілья Косцевы, былі ў 2021-м памілаваныя Лукашэнкам. Хлопцаў годам раней асудзілі на смерць за забойства настаўніцы.
2011 год. Тэракт у метро
30 лістапада 2011 года Вярхоўны суд да расстрэлу прыгаварыў 24-гадовых Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.
Афіцыйна асуджаных расстралялі ў сакавіку 2012 года (але, згодна са звесткамі «Кіберпартызанаў», Кавалёў сканаў у маі).
Абодва былі абвінавачаныя ва ўчыненні тэракта ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года. У выніку падрыву выбуховага прыстасавання на станцыі «Кастрычніцкая» загінула і памерла ад ран 15 чалавек, 387 былі параненыя.
Дзмітрый Канавалаў (злева) і Уладзіслаў Кавалёў (справа). Фота: Tut.by
Канавалава суд палічыў вінаватым у выкананні тэракта, а Кавалёва прызналі саўдзельнікам. Кавалёў падаваў прашэнне аб памілаванні, але яго не задаволілі.
2013 год. Даміно, рэўнасць, крыўды
25 красавіка 2013 года Магілёўскі абласны суд прыгаварыў 45-гадовага Рыгора Юзапчука да смяротнага пакарання за забойства сукамерніка.
Справу разглядалі ў магілёўскім СІЗА ў закрытым рэжыме.
Шматразова судзімы Рыгор Юзапчук у магілёўскай турме №4 гуляў з двума сукамернікамі ў даміно на жыццё. Пасля гульні ён задушыў мужчыну, што прайграў. Яго ахвяра, сірата і дзетдомавец, Ігар Хадакоў быў асуджаны на 18 гадоў за тое, што падчас сваркі забіў роднага дзядзьку, які даглядаў яго.
А Юзапчук на той момант адбываў 25 гадоў за двайное забойства.
Пра выкананне смяротнага прысуду стала вядома ў маі 2014 года.
12 чэрвеня 2013-га Гродзенскі абласны суд прыгаварыў да расстрэлу 23-гадовага Паўла Селюна.
Студэнта гістфака БДУ прызналі вінаватым у забойстве жонкі і яе каханка, учыненым з асаблівай жорсткасцю. Павел парэзаў на кавалкі цела мужчыны і выкінуў у сметніцу побач з домам. А праз пару дзён забраў з кватэры дакументы і… галаву жончынага каханка.
Свае дзеянні абвінавачаны тлумачыў рэўнасцю — ён застаў жонку з каханкам у кватэры.
Павел Сялюн. Фота: spring96.org
Справа Селюна разглядалася ў закрытым рэжыме. Прашэнне аб памілаванні не задаволілі. 18 красавіка 2014 года Павел Сялюн быў расстраляны.
26 лістапада 2013 года Мінскі абласны суд прыгаварыў да расстрэлу 53-гадовага грамадзяніна Расіі Эдуарда Лыкава.
Пад следствам ён знаходзіўся з 2011 года. Яму інкрымінавалі пяць эпізодаў забойства ў стане алкагольнага ап’янення.
Пра тое, што Лыкава расстралялі, праваабаронцы даведаліся ў снежні 2013 года.
Пра яго мала што было вядома. Сталага месца жыхарства не меў, падтрымліваў кантакты з маці, якая жыла ў Баранавічах. Сын асуджанага жыве ў Расіі, дачка — у Германіі.
25-гадовага Аляксандра Грунова расстралялі за забойства з асаблівай жорсткасцю гомельскай студэнткі Наталлі Емяльянчыкавай. 20 верасня 2012-га з-за крыўды Груноў нанёс дзяўчыне не менш за 102 нажавыя раненні, ад чаго тая памерла на месцы.
Аляксандр Груноў. Фота: «Гомельская праўда»
Справа Грунова разглядалася двойчы. Першы смяротны вырак Гомельскага абласнога суда Вярхоўны суд адмяніў, накіраваўшы справу на перагляд. Але 24 снежня 2013-га быў вынесены той жа прысуд.
4 лістапада 2014 года праваабаронцы даведаліся, што Груноў расстраляны.
2015 год. Забойствы жанчын
18 сакавіка 2015 года суд Рэчыцкага раёна вынес выключную меру пакарання 21-гадоваму жыхару Рэчыцы Сяргею Іванову за жорсткае забойства 19-гадовай дзяўчыны.
Паводле матэрыялаў справы, п'яны Іваноў напаў на дзяўчыну, каб згвалтаваць. Тая супраціўлялася і нападнік стаў яе збіваць. Пасля таго як ахвяра страціла прытомнасць, ён забраў каштоўныя рэчы і збег з месца злачынства.
Іваноў быў тройчы судзімым за хуліганства і рабаванні. Апошні раз вызваліўся ў лютым 2013 года.
Пра расстрэл Сяргея Іванова праваабаронцы даведаліся ў маі 2016 года.
28-гадовага Івана Куляша да пакарання смерцю асудзілі за забойства трох жанчын, крадзеж і разбой.
Іван Кулеш. Фота: belapan.com
У верасні 2013 года Кулеш забіў двух прадаўцоў у Лідзе і скраў з крамы грошы і тавары больш чым на 37 млн рублёў. У лістападзе 2014 года забіў яшчэ адну крамніцу ў Лідскім раёне: нанёс жанчыне больш за 10 удараў сякерай і абакраў магазін. Акрамя таго, Куляша прызналі вінаватым у замаху на забойства сына крамніцы, які застаў яго ў краме.
20 лістапада 2015 года Гродзенскі абласны суд вынес яму смяротны прысуд. З прашэннем аб памілаванні асуджаны не звяртаўся. У лістападзе 2016-га стала вядома, што Куляша расстралялі.
2016 год. Зарэзаў сабутэльнікаў і падпаліў дом
5 студзеня 2016 года Мінскі абласны суд прыгаварыў да расстрэлу 49-гадовага Генадзя Якавіцкага.
Яго прызналі вінаватым у забойстве з асаблівай жорсткасцю сужыцелькі. Мужчына нанёс ёй 46 удараў кулаком. Якавіцкі быў неаднаразова судзімы.
Паводле праваабаронцаў, расстралялі яго ў канцы 2016-га.
29 лістапада 2016 года каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда даведаўся аб расстрэле 31-гадовага Сяргея Хмялеўскага.
Сяргей Хмялеўскі. Фота: spring96.org
Падчас застолля Хмялеўскі зарэзаў мужчыну і жанчыну, а затым, каб схаваць злачынства, падпаліў дом. Збягаючы, ён сустрэў іншага жыхара вёскі і з-за страху быць апазнаным штурхнуў мужчыну ў бетонную яму. Той пры падзенні атрымаў цяжкія траўмы і памёр у бальніцы.
Хмялеўскага спачатку асудзілі да пажыццёвага зняволення, а потым замянілі прысуд на расстрэл.
Мужчына быў неаднаразова судзімы за крадзяжы, разбоі, хуліганства, наўмыснае прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
19 мая 2016 года Гомельскі абласны суд да расстрэлу за згвалтаванне і забойства дзвюх жанчын асудзіў 33-гадовага Сяргея Вострыкава.
Сяргей Вострыкаў. Фота: belapan.com
Вострыкаў падманам завабліваў ахвяр у свой аўтамабіль, адвозіў у гараж, гвалтаваў і забіваў. Целы жанчын вывозіў у лес і закопваў.
29 красавіка 2017 года Гомельскі абласны суд атрымаў дакументы аб расстрэле Вострыкава.
Да расстрэлу прысуджалі жыхара Мазыра Кірылу Казачка, які забіў двух сваіх дзяцей.
Вырак Гомельскі абласны суд вынес 28 снежня 2016 года, у канцы кастрычніка 2017-га мужчыну расстралялі.
2017 год. «Чорныя рыэлтары» і разборкі ў камеры
17 сакавіка 2017 года Гомельскі абласны суд прызнаў 32-гадовага Аляксея Міхаленю вінаватым у двайным забойстве і прыгаварыў яго да расстрэлу.
Той у Нароўлі забіў 59-гадовага пенсіянера і яго 61-гадовую сястру.
Абвінавачаны раней быў судзімы за крадзеж і забойства ў падлеткавым узросце. У маі 2018-га Міхаленю расстралялі.
Расстраляны быў фігурант «справы чорных рыэлтараў» Ігар Гершанкоў.
Ігар Гершанкоў. Фота: сацыяльныя сеткі
Яго абвінавацілі ў забойствах, выкраданні чалавека, махлярстве, разбоі, вымаганні, незаконным абарачэнні наркотыкаў або псіхатропаў.
21 ліпеня 2017 года Магілёўскі абласны суд прыгаварыў яго да смяротнага пакарання. Расстралялі Гершанкова ў канцы 2018 года.
Такі ж лёс чакаў і іншага фігуранта «справы чорных рыэлтараў» Сямёна Беражнога.
Сямён Беражны. Фота: Tut.by
Да расстрэлу ў верасні 2017 года за забойства сукамерніка ў глыбоцкай калоніі №13 быў асуджаны 30-гадовы Віктар Лётаў.
Лётаў меў чатыры судзімасці. Тры з іх — за забойствы сукамернікаў.
На судзе Лётаў прызнаў віну, пацвердзіў, што забойствы планаваў загадзя і папрасіў для сябе расстрэл. Прысуд не абскарджваў.
Пра расстрэл Лётава праваабаронцы даведаліся ў студзені 2018 года.
2018 год. Правучыць суперніцу
21 студзеня 2018 года Мінскі гарадскі суд прыгаварыў Вячаслава Сухарку і Аляксандра Жыльнікава за забойства трох чалавек да выключнай меры пакарання.
Прычынай трагедыі стала рэўнасць 27-гадовай выхавальніцы Аліны Шульганавай. Яна хацела вярнуць былога хлопца і правучыць суперніцу. Паводле яе задумы, дзяўчыну павінны былі збіць. Аднак выканаўцы Сухарка і Жыльнікаў забілі пару. Дзяўчыне было 24 гады, яе каханаму — 32.
Вячаслаў Сухарка. Фота: Tut.by
Ужо ў час расследавання высветлілася, што за некалькі дзён да двайнога забойства Сухарка і Жыльнікаў з-за грошай забілі мужчыну ў Калодзішчах.
Спачатку мужчынам прысудзілі пажыццёвае зняволенне, але Вярхоўны суд пастанавіў перагледзець справу. На паўторным працэсе іх асудзілі да расстрэлу.
Вядома, што Жыльнікава расстралялі ў 2019 годзе.
2019 год. Забойствы немаўляці і маладых дзяўчат
30 ліпеня 2019 года Віцебскі абласны суд прыгаварыў да расстрэлу 50-гадовага Віктара Паўлава.
Яго абвінавацілі ў жорсткім забойстве дзвюх жыхарак Віцебскага раёна. Ён нанёс пажылым жанчынам 31 удар сякерай.
Абвінавачаны прызнаўся ў злачынстве і прасіў пакінуць яму жыццё. Паводле праваабаронцаў, Паўлаў быў расстраляны 13 мая 2021 года, а яго сваякі атрымалі дакументы толькі ў лістападзе 2021 года.
9 студзеня 2019 года Бабруйскі суд прыгаварыў да пакарання смерцю за забойства дзвюх дзяўчат з асаблівай жорсткасцю 36-гадовага жыхара Бабруйска Аляксандра Асіповіча.
Аляксандр Асіповіч. Фота: «Радыё Свабода»
З дзяўчатамі абвінавачаны пазнаёміўся ў кафэ, адкуль усе разам зʼехалі на таксі да яго дадому. Паводле абвінавачання, мужчына нанёс адной ахвяры 77 удараў малатком і рукамі ў жыццёва важныя органы. У другой ахвяры было 16 ран, амаль усе — на галаве і шыі. Пасля Асіповіч расчляніў трупы.
17 снежня 2019 года мужчына быў расстраляны.
48-гадовы Віктар Сельгель разам з саўдзельніцай забілі 8-месячную дзяўчынку, а затым адрэзалі ёй галаву.
Віктар Сергель
25 кастрычніка 2019 года Брэсцкі абласны суд прысудзіў мужчыну выключную меру пакарання.
2020 год. Паляванне на пенсіянераў
6 сакавіка 2020 года Мінскі абласны суд прыгаварыў да расстрэлу 29-гадовага Віктара Скрундзіка.
Віктар Скрундзік. Фота: «Радыё Свабода»
Скрундзік забіў двух пенсіянераў, а пасля напаў яшчэ на адну пажылую жанчыну, але яна выжыла.
16 ліпеня 2022 года Скрундзіка расстралялі.
***
Еўрасаюз і праваабарончая супольнасць неаднаразова асуджалі выкарыстанне смяротнага пакарання і заклікалі беларускія ўлады адмовіцца ад яго. Як першы крок прапаноўвалі ўвесці мараторый.
На смяротнае пакаранне звычайна асуджаюць у Беларусі за забойства пры абцяжарвальных абставінах. Такая найвышэйшая мера пакарання ёсць толькі для мужчын.
У 2022 годзе рэжым Лукашэнкі пашырыў выкарыстанне смяротнага пакарання. Цяпер яно пагражае абвінавачаным у «замаху на ўчыненне акта тэрарызму» і можа ўжывацца супраць апанентаў рэжыму, якія чыняць дыверсіі.
Пад расстрэл могуць трапіць чыноўнікі і вайскоўцы, калі іх абвінавацяць у здрадзе дзяржаве.
Глядзіце таксама:
Церцель: З пачатку года КДБ затрымаў больш за 10 здраднікаў
«Пасля гэтых забойстваў усіх старых, хто адзін жыў, дзеці пазабіралі. Страшна»
ААН прызнала, што ў Беларусі пасля выбараў былі ў тым ліку злачынствы супраць чалавечнасці