Няпроста вызначыць, колькі часу трывае ў Беларусі дыскусія пра тое, ці можна быць беларускім патрыётам (і шырэй — ці можна лічыць жыцьцё асобы ў Беларусі паўнавартасным), цалкам ізаляваўшыся ад беларускай культурнай глебы, не прызнаючы існаваньня нацыянальнага культурнага кантэксту. У час перабудовы да гэтага дадалася яшчэ тэма: ці магчыма быць дэмакратам у Беларусі й адначасна адмаўляць усё беларускае. У постсавецкі час спаборнічалі два праекты дэмакратычнай будучыні Беларусі: беларусацэнтрычнага, калі нацыянальнае разьвіцьцё зьяўляецца прыярытэтам, і небеларусацэнтрычнага, калі першачарговым дэкляруецца свабоднае самавызначэньне кожнай асобы.

Там, дзе тэорыя захоўвае вонкавую прыстойнасьць і ўласьцівую навуцы ўзважанасьць, паўсядзённая практыка прапануе іншы раз узоры выключнай ляпідарнасьці. Гэта, на погляд пэсыміста, дазваляе ўявіць, што прынясе перамога адпаведнай тэндэнцыі. Аптыміст жа бачыць тут толькі непрыгожыя інтэлектуальныя звычкі колаў, зь якіх рэкрутуюцца аўтарскія калектывы.

Вось жа калектыў — у складзе В.Бабровіча, В.Чарнова, З.Антановіч, В.Ахрук, М.Кузьняцова, Я.Чыкіна, У.Роўды, А.Вароненка, А.Шклярук, Д.Абразцова, І.Румянцава, О.Белавус — распрацаваў дапаможнік «Навучаньне дэмакратыі ў паўсядзённасьці» і выдаў яго пілотны варыянт пад рэдакцыяй В.Чарнова і В.Бабровіча ў горадзе Менску ў 2007 годзе. Дзьвюхсотстаронкавая праца ўражвае аднак ня столькі тым, што па‑беларуску ў ёй усяго некалькі старонак, — гэта ў пэўным асяродзьдзі, на жаль, стандарт і спосаб дэманстрацыі амбіцыяў. Уражвае, што Беларусь праігнараваная цалкам, з усімі рэаліямі, гісторыяй, літаратурай, фальклёрам і асаблівасьцямі побыту.

Літаратура ў бібліяграфіі ў прыгнятаючай большасьці расейская, шматлікія цытаты з расейскіх клясыкаў істотна пераважаюць над думкамі мудрацоў іншых народаў, беларускія дзеячы і творцы не прадстаўленыя ўвогуле, а тыя нешматлікія месцы, дзе словы «Беларусь» і «беларускі» ўжываюцца, ня ўтрымліваць анічога спэцыфічна беларускага. Зьяўляецца думка, што словы гэтыя, калі надарыцца шанец, плянавалася заступіць на «Расея» і «расейскі» ды прасунуцца на непараўнальна больш ёмісты і грашавіты расейскі рынак. Уласна кажучы, хай сабе — але навошта гэта ўсё ў Беларусі?

Недаўменьне гранічна абвастраецца падчас чытаньня сцэнару кляснае гадзіны‑дыспуту «Што значыць быць патрыётам сёньня?» для 10—11 клясаў (ст. 132—135):

Тема патриотизма — ныне жгучая и больная тема для нашей страны, для русских людей…

Армия во все времена находилась в центре внимания российского общества…

Вывод: молодёжь ратует за возрождение Беларуси как сильной державы, а также за экономическую и финансовую стабилизацию в Беларуси. Таким образом, в своих стремлениях, ценностях и жизненных планах молодёжь очень близка к старшему поколению, и в этом смысле можно говорить о возрождении преемственности…

Нават афіцыйная прапаганда стаіць бліжэй да здаровага сэнсу: закранаючы тэму патрыятызму, старанна выкрэсьлівае непажаданыя беларускія сюжэты, але не спрабуе рабіць выгляд, быццам няма ані беларусаў, ані Беларусі.

Справядліва будзе зазначыць (і тут на дапамогу прыходзіць недаацэненая аўтарскім калектывам скарбніца беларускай рыторыкі), што ня ўсё толькі дрэннае спалучана са згаданым дапаможнікам. Ёсьць там нямала старонак, якія сапраўды, як той казаў, адлюстроўваюць пэўнага (хутчэй за ўсё, англа‑саксонскага) кшталту разуменьне дэмакратыі. Іншая рэч, што нязначныя па памеры, але важкія выразна чужародныя для Беларусі фрагмэнты вызначаюць скіраванасьць настолькі жорстка, што агульна правільныя, але безаблічныя тэксты ў якой заўгодна колькасьці сытуацыю не выпраўляюць.

Што гэта: неахайная кампіляцыя, каб адбіць грошы, ці маніфэстацыя пераемнасьці паміж дашчэнту зрусіфікаванаю сьвядомасьцю савецкага інтэлігента зь беларускай прапіскаю і розумам захопленага нэаімпэрскімі фантазіямі прадстаўніка расейскамоўных дэмакратаў, якому лёс наканаваў «нарадзіцца, жыць і тварыць» у адміністрацыйнай ізаляцыі ад «белакаменнай»? Калі правільны першы адказ, дапаможнік кампрамэтуе беларускіх інтэлектуалаў з гледзішча працоўнае этыкі. Калі другі — сорамна за ўзровень культуры, які дазваляе, прысьвяціўшы шмат старонак разьвіцьцю ў маладых беларусаў талерантнасьці, павагі да суседа, рацыянальнаму й адказнаму фармаваньню перакананьняў, адначасна ігнараваць усё, што робіць яго беларусам ды яшчэ й прапаноўваць выхаванцам сумнеўную ролю:

«А для возрождения Беларуси необходимо только трудиться. Много и благостно».

Каб яшчэ хто патлумачыў, чаму менавіта — «благостно»?

Нялёгка ўстрымацца ад спакусы разгорнутага абмеркаваньня «дапаможніка», але падаецца нявартым марнаваць публіцыстычны запал на падыходы, даўно і неаднойчы ацэненыя па заслугах. Іншая рэч — пытаньне: якое месца стваральнікі гэткіх выданьняў займаюць у беларускім грамадзтве, якія ўласьцівыя нашаму грамадзтву каштоўнасьці ўвасабляюць вынікі іхняе дзейнасьці.

Ключавым момантам мне падаецца, па‑расейску кажучы, «бесстрастность» у выкананьні. Матэрыял пададзены холадна й адстаронена. У якасьці цытатаў і прыкладаў бярэцца тое, што бліжэй ляжыць — «падножны корм», выпрабаваны арсэнал савецкае пэдагогікі ды першыя‑лепшыя цытаты з заходніх «дапаможнікаў для тубыльцаў». Аніводная з канцэпцыяў, якім аўтары імкнуцца навучаць, не выглядае асэнсаванаю імі праз уласны досьвед.

Перад намі яскравы доказ уласьцівай нашаму грамадзтву няўвагі да ўсяго, што вышэй за чарку і скварку, пагарды да хаця трошкі абстрактнага і складанага. Сьведчаньне таго, што жорсткі жыцьцёвы прагматызм жыхароў Беларусі апошнія дзесяцігодзьдзі настойліва эвалюцыянуе ў бок прымітывізму. Выпрацаваліся спэцыфічныя мэтады разумовай дзейнасьці паводле чужой замовы, калі стымулам зьяўляюцца выключна грошы, а формаю працы — пагадзінная здача ўласных мазгоў у арэнду з дазволам спонсарам круціць у гэтым працэсары якую заўгодна праграму пры поўнай эмацыйнай незаангажаванасьці асобы.

А можа, гэта якраз і значыць: «трудиться благостно»? То бок не абцяжарваючы душы, захоўваючы спакой ва ўтульным логвішчы свайго эга? З гледзішча працоўнае мабільнасьці, зручна — лёгка пераходзіць ад аднаго праекту да іншага. Існуе толькі адна небясьпека: калі раптам захочацца нешта сказаць сваё, можа выявіцца, што здольнасьць гэткая страчана назаўсёды. Проста ня будзе ўласных словаў.

Даніла Жукоўскі, Горадня

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0