Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч лічыць мэтазгодным увядзенне падатку на непрацоўных грамадзян.

Выступаючы на нарадзе з кіруючым актывам Магілёўскай вобласці 12 ліпеня, кіраўнік урада зазначыў, што прыблізна 445 тысяч чалавек працаздольнага насельніцтва ў Беларусі нідзе не працуюць, а значыць — не робяць ніякага ўнёску ў развіццё эканомікі. «Сітуацыю трэба выпраўляць. Адзін са спосабаў — увядзенне падатку з непрацоўных», — цытуе Мясніковіча дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Каб уцягнуць у эканоміку неактыўнае насельніцтва і забяспечыць людзей дастойнай зарплатай, у рэгіёнах трэба актывізаваць працу па стварэнні высокапрадуктыўных працоўных месцаў, мяркуе прэм’ер.«У кожным раёне неабходна штогод ствараць як мінімум дзесяць малых вытворчасцяў. У нас шмат сваёй сыравіны, якую мы не выкарыстоўваем эфектыўна, а маглі б вырабляць, да прыкладу, будматэрыялы і інвентар, якія імпартуем. Тут вялікае поле дзейнасці», — заявіў Мясніковіч.

Ён таксама паведаміў, што ўрад ужо пачаў фарміраванне бюджэту 2014 года, і ён складваецца «вельмі напружана». Большую частку бюджэтных сродкаў у наступным годзе вырашана накіраваць у рэальны сектар эканомікі, заявіў прэм’ер-міністр. Разам з тым грошы, якія змогуць сэканоміць бюджэтныя арганізацыі, ім можна будзе накіраваць на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, павышэнне заработнай платы, дадаў Мясніковіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?