Нядаўна наш гаспадар, быўшы ў Кітаі, адзначыў, што будаўніцтва кітайскага тэхнапарка адкрывае для нашай краіны фантастычныя перспектывы.
Проста фантастычныя. Нехта з гэтай нагоды іранізуе, а я лічу, што прэзідэнт яшчэ і сам не ўсведамляе, наколькі гэтыя перспектывы ўсіх здзівяць маштабам. Паколькі ў хуткім часе я стану адным з малекулярных складнікаў «апірышча для вялікай кітайскай імперыі», я хацеў бы выказаць меркаванне, што такім чынам няўмольна і няўхільна набліжаецца той дзень, калі ўсё закончыцца. І дыктатура закончыцца, і эпоха «пачатку суверэннасці», якой мы яе ведаем, — закончыцца. І закончыць яе той жа самы чалавек, які яе пачаў.

Да наступлення эпохі ўсеагульнай роўнасці чалавекі мусілі пашыраць далягляд сваіх ведаў і сваю сацыяльную каштоўнасць наогул. З наступленнем жа гэтай (нашай) эпохі — і, баюся, незваротна — пачаўся рэгрэсіўны працэс, які дазваляе любому кіраўніку аўтарытарнага тыпу песціць унутры сябе такое прыемнае і камфортнае пачуццё наканаванасці і нязменнасці.

Рэч у тым, што людзі з радасцю тупеюць, і, у адрозненне ад папярэдняга працэсу, гэты і прыемнейшы, і хутчэйшы.
Маленькі дыктатар жыве сабе і ведае, што (афіцыйна) электарат, а паміж намі — ягоныя свінкі, — прадказальныя і непатрабавальныя арганізмы, з бліскучымі радаснымі вочкамі і вільготным лычком. Свінкі самі радуюцца, што атрымалі ў спадчыну такі лаканічны сакрэт сусветнага шчасця, як «абы не было вайны», і ў імя такога лозунгу гатовыя не тое, што ваяваць — ціха паміраць за шырмай. Ну што ж, «калі чэрнь навучылася нечаму верыць без падставаў, хто мог бы зняверыць яе ў тым — падставамі. На базары пераконваюць жэстамі». Так казаў Заратустра.

Таму дыктатар, беручы ўладу, спачатку мае ўнутраныя сумневы і ваганні, бачыць народ як незразумелую і пагрозлівую масу, стыхію, але з часам, як лузгу, адкідвае другаснае і нязначнае, і прыходзіць да мізантропскай пазыцыі, якая раней і «ў іх» гучала як panem et circenses (хлеба й відовішчаў), а цяпер і «ў нас» спрасціліся да чаркі і скваркі. З гэтай упэўненасцю дыктатар жыве, дыхае і радуецца сонейку, з гэтай жа думкай ён раптоўна ўсведамляе сябе прыўзнятым на вілах па дарозе на эшафот, бо сутнасць гештальту ў тым, што, дапусцім, народ не ёсць сукупнасцю індывідаў і, хоць з'яўляецца панылай і вартай жалю масай у прынцыпе, ён, тым не меней, мае ўнутры сябе неканстантную колькасць самастойных асобаў, дастатковую для таго, каб у пэўны момант паставіць на вушкі ўвесь наш блакітны шарык. Акрамя таго, прыродай закладзена, што самка багамола пасля спарвання адкусвае самцу галаву. Дыктатар жа, згодна з прыродным цыклам, згвалціўшы свой падведамасны народ, звычайна губляе галаву самастойна, спачатку ў метафарычным, а пасля і ў фізіялагічным плане. Па вялікім рахунку, гэта і ёсць так званы прынцып Бялкоўскага, які ў аўтарскім варыянце гучыць як: «У пэўны момант сістэма пачынае прымаць контрпрадуктыўныя для самой сябе рашэнні».

Механізм дачынення дыктатара з грамадствам такі, што, пазбаўляючы яго «другаснай і нязначнай» лузгі, дыктатар, як і пацук з электракантактамі на геніталіях, не можа спыніцца.
Ён адкідвае свабоды, адкідвае ініцыятывы, адкідвае, нярэдка, інстытут сям’і і крэўныя сувязі і, вядома, адкідвае нацыянальны кампанент і падзел на свой/чужы. Ён адкідвае ўсё, акрамя жратвы і відовішчаў, і, можа быць, пры гэтым не памыляецца, але забывае, што абяцаць жратву і відовішча — не такая невыканальная задача для любога палітыка.

Можа ўзнікнуць сіла, якая паабяцае тую самую жратву з відовішчамі плюс нешта вельмі важнае, што было адабрана, бо калі грамадства, прагнучы выключна пайка, вырашыць, што паёк — гэта нешта, што даецца для дыктатара не такімі ўжо і вялікімі намаганнямі, яно перастане любіць дыктатара і палюбіць кагосці яшчэ.

Што я маю на ўвазе, разважаючы пра нашу сітуацыю?

Калі наш кіраўнік вырашыў будаваць кітайскі тэхнапарк, ён уступіў у стадыю, калі яму паверылася ў тое, што чарка і скварка — гэта сапраўды «наша ўсё», і памкнуўся з картачнага дамка выцягваць не тую карту.
Ён пачаў забіраць у «свінак» нешта вельмі важнае. Тое, што нехта хутка паабяцае вярнуць назад. І зараз — запасайцеся папкорнам, сеанс будзе цікавым, але глядзець будзем кароткаметражку.

Раней наш гаспадар дзейнічаў так, што супрацьпаставіць сябе яму мог толькі ліберал са сваімі малацікавымі для «свінак» каштоўнасцямі кшталту індывідуальнай свабоды.

Пры гэтым дыктатар казаў «сваім свінкам»: «Паглядзіце, ліберал хоча каб вы былі галоднымі. Дзермакрат рабіў вас галоднымі ў 90-х і хоча зрабіць вас галоднымі зноў». Як «свінка» не паверыць у такую празрыстую тэзу?

А цяпер жа сітуацыя істотна памянялася. Вопытны дэмагог схібіў і даў права ходу яшчэ большаму і страшнейшаму дэмагогу ці таму, хто (як я спадзяюся) часова начэпіць на сябе гэтую маску, падмануўшы і мяне ў тым ліку. Гэты дэмагог будзе апеляваць да яшчэ ніжэйшай, яшчэ цямнейшай кампанэнты «свінні».

І, калі народ наш збольшага ужо дастаткова атупеў для таго, каб не надта перажываць, што ў яго адабралі мову, свабоды і ініцыятыву, ён, як і належыць масе, дзе большасць
— малаадукаваныя і дастаткова прымітыўныя арганізмы, павінен вельмі любіць адчуваць сябе ў статку, дзе ўсе, умоўна кажучы, пахнуць аднолькава і выглядаюць аднолькава. Я дык вельмі люблю. І, паколькі сытасць — гэта тое пачуццё, якое ў інтэрвалах паміж прыёмамі ежы дазваляе табе калі не хацець большага, то прынамсі, жадаць не страчваць нічога з элементаў персанальнага камфорту, — новы дэмагог ці «чалавек у ягонай масцы» скажа: «Вы сытыя дзякуючы не дыктатару, а сабе. Дык чаму Ён аддае ваш хлеб іншым? Прыезджым, імя якім легіён! Яны выглядаюць не так, як мы, размаўляюць не так, як мы, думаюць не так, як мы. Кітайцаў у Кітаі паўтара мільярда. Ім няма дзе жыць, і таму яны заплацілі «дыктатару», каб ён іх пусціў да нас. А з імі ідуць агромністыя грошы, за адкаты і хабары. Ён называе вас свінкамі і хоча, каб вы дыхалі выкідамі іхных труб. Але вы — мужныя і свабодалюбівыя людзі. Вы — не жывёлы. У вас ёсць голас. У вас багатая гісторыя і прыгожая мова. Мы і самі сябе накормім, без іх. І без яго».

І «свінкі» пачнуць шаптацца: «Ну, мы і насамрэч — не свінкі, мы ведаем сваю велічную гісторыю, мы ведаем сваю мову, мы не хочам сюды кітайцаў». І няхай іх, вельмі імаверна, ужо зрабілі «свінкамі», і мовы яны, натуральна, не ведаюць, і гісторыю адлічваюць ад 41-га года, іх маленькі мозг будзе ў чарговы раз падмяняць веды верай і радавацца.

Брутальны абагулены мужык з Аўтаза будзе казаць з усведамленнем мужчынскай годнасці, зглытваючы пафасны камяк у горле: «Я Вольгу за жоўтага не аддам» — і пры гэтым бачыць згодныя пахітванні галоў сваіх сяброў, а ягоная недалёкая абагуленая жонка будзе ўдзячна лашчыцца да магутнага пляча, а абагуленая Вольга скажа: «Ды што ты, тат, я Петрыка кахаю. За жоўтага я і сама не пайду».

— Ай, — можа сказаць чытач. — А чаму ж у Еўропе няма такой праблемы? Ці ў ЗША?

А я адкажу, што ЗША і не ствараліся як нацыянальная дзяржава, а дакладней і не як дзяржава, а як калонія.
Ну і пасля ва ўмовах наяўнасці індзейскіх рэзервацыяў было б дзіўна чуць пра нейкую дакладна акрэсленую амерыканскую нацыянальнасць.

У Еўропе ж, па-першае, такая праблема ёсць, і менавіта таму зноў пачынае расці папулярнасць «крайне правых», а па-другое, «каляровыя» першапачаткова з’явіліся там, як і ў ЗША, па сутнасці бяспраўнымі і на працягу апошніх дзесяцігоддзяў розніца ў правах нівелялася найперш па ініцыятыве карэнных жыхароў. Гэта быў свядомы выбар, а у нас «прадстаўнікі вялікай кітайскай імперыі» будуць, мусіць, у вачах многіх выглядаць захопнікамі, бо прыедуць яны не прыбіральшчыкамі працаваць, не для таго, каб мясцовы жыхар мог наняць іх на працу ў сваім маленькім бізнесе (за адносна невялікую плату), а для таго каб працаваць невядома (вядома) для каго, у імя невядома (невядома) якой карысці, па ГОСТах вядома (вядома) якой краіны, падпарадкоўваючыся невядома (невядома) чыім законам, кантактуючы з мясцовым насельніцтвам невядома (невядома) як, маючы, калі казаць пра мужчын, вядомыя (вядомыя) патрэбы. Усё гэта нагадвае нейкае адгалінаванне ад сюжэта «Вайны з саламандрамі» і таму «свінкі» вырашаць, што ім здрадзілі. «Свінкі» вырашаць, што іх называюць «свінкамі». «Свінкі» раззлуюцца, а перад тым — разлюбяць.

Запасайцеся папкорнам — кажу.

Свінні жаруць усё. І, калі вы гадуеце свінак, варта ведаць, што яны праядаюць і сцены хлява.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?