На камені добра відаць надпіс: «Памажы, Госпадзе, Васілю року 1750».

Беларускае «г» невядомы Васіль перадаваў лацінскім «h», як і стане нормай пры кадыфікацыі беларускай лацінкі ў пачатку ХХ стагоддзя. Што да слова «рок», то яно бытавала ў многіх гаворках і выйшла з ужытку толькі паўстагоддзя таму.

Археолагам важна, што помнік дакладна датуецца сярэдзінай XVIII стагоддзя — «цёмнага веку», ад якога амаль не засталося пісьмовых помнікаў на беларускай мове. Традыцыя старабеларускага пісьменства выгасала пад ціскам паланізацыі, а новабеларускае крыніцай забруіць толькі праз 150 гадоў.

Знаходка зробленая на самым усходзе краіны — у Горацкім раёне. У тыя часы Падняпроўе было адным з самых багатых рэгіёнаў краіны.

Цяпер у Горацкім раёне ажыццяўляецца інвентарызацыя помнікаў археалогіі. Яе праводзяць супрацоўнікі і студэнты Магілёўскага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова.

Курганны магільнік, а на ім надмагільны камень, званы «прыкладам» адшукала каманда пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук, прафесара, кіраўніка кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін МДУ Ігара Марзалюка. Камень ачысцілі, і на пабачылі выдатна захаваны надпіс: «Памажы, Госпадзе, Васілю року 1750».

Дарэчы, Ігар Марзалюк — член савета рэспублікі нацыянальнага сходу.

Вакол каменя маюць зрабіць ахоўную тэрыторыю і паставіць адмысловы знак, паведамляе тэлекампанія «Магілёў».

Колькі ж неадкрытага яшчэ ёсць вакол нас на беларускай зямлі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?