Тэндэр на пастаўку абсталявання для будаўніцтва беларускай АЭС будзе аб’яўлены да канца 2008 года. Пра гэта паведаміў 15 лістапада на семінары ў Аб’яднаным інстытуце энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ) намеснік дырэктара РУП «БелНДПІэнергапрам» Уладзімір Баброў.

Паводле яго слоў, магчыма, перавага будзе аддадзена Расійскай Федэрацыі.

Гэтае меркаванне пацвердзіў намеснік старшыні прэзідыума НАНБ Уладзімір Цімашпольскі.

«Мы ўпэўнены на 99%, што партнёрам па будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Беларусі будзе Расія», — заявіў У.Цімашпольскі.

Паводле яго слоў, у ліку асноўных патэнцыяльных пастаўшчыкоў абсталявання для АЭС разглядаюцца амерыкана‑японская кампанія «Вестынгхаўс‑Тошыба», франка‑германская «Арэва» і расійская «Атамбудэкспарт». На думку намесніка кіраўніка НАНБ, па тэхніка‑эканамічных параметрах расійскае абсталяванне не саступае двум іншым вытворцам, пры гэтым яно больш таннае.

«Акрамя таго, пры выбары расійскіх пастаўшчыкоў мы будзем мець агульнасць мовы і тэхналогій, магчымасць у межах саюзнай дзяржавы атрымліваць крэдыты, рыхтаваць спецыялістаў у расійскіх ВНУ», — дадаў Цімашпольскі.

Акрамя іншага, фірма «Арэва» апошнім часам выпускае рэактары трэцяга пакалення магутнасцю 1.600 мегават, а беларускай АЭС такія магутныя рэактары не патрэбны.

У гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН намеснік генеральнага дырэктара інстытута «Сосны» Мікалай Груша не выключыў варыянта ўдзелу ў тэндэры толькі адной кампаніі — расійскага «Атамбудэкспарту». Гэта, на яго думку, тлумачыцца палітычнымі прычынамі. «Знешнепалітычныя адносіны Беларусі з ЗША (а ў фарватэры гэтай палітыкі ідзе і Францыя) могуць выклікаць пэўныя цяжкасці па тэрмінах рэалізацыі праекта», — сказаў ён.

Пры гэтым М. Груша падкрэсліў, што расійскае ядзернае абсталяванне па тэхнічных характарыстыках «ніяк не горшае, а па некаторых параметрах нават і лепшае», чым у астатніх удзельнікаў гэтага рынку.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0