Прачытаў артыкул Віктара Марціновіча «Беларусь удалася» («НН» №26). Адной з наяўных прыкметаў гэтай гістарычнай удачы папулярны аўтар лічыць білборд, які рэкламуе агратурызм. «На білбордзе, — піша Віктар Марціновіч, — выяўленыя лодка і возера…»

Я не бачыў гэтую натхняльную выяву. Але ўпэўнены, што лодка на ёй з тых прыгажунь, што імкліва рэжуць быстрыню і лёгка гойдаюцца на хвалях. Але на плыткіх. Бо стромкая хваля перакульвае такую лодку ў момант. Што праўда, яе зусім не цяжка выцягнуць на бераг ці спіхнуць з берага ў ваду…

Лодку, што належыць бацьку Чэсіка і Мечыка, аднаму спіхнуць у ваду немагчыма. Збітая з тоўстых, глыбока прасмаленых дошак, яна на палову сваёй даўжыні ўчэпіста трымаецца за вільготны пясок, на які, ціха хлюпаючы, раз-пораз набягае чыстая, як сляза, хваля. Але нават вялікая хваля не гойдае лодку, толькі бездапаможна б’ецца ў карму, кідаючы праз яе свае рэшткі. Не дзіва, бо пласкадонка прызначана для руплівай рыбацкай працы, не для прагулянак. Іншых у нарачанскіх рыбакоў няма. Праўда, бацька братоў не рыбак, мо толькі калісьці. А ў 50-х — начальнік над станцыяй «Купа» — канцавой ці першай, як адкуль лічыць, на вузкакалейцы, што праз лясы ды азёры вядзе аж да Лынтупаў…

Якая то асалода — ухапіцца за медныя, нашараваныя да сонечнага бляску парэнчы, падняцца ў адзін з двух вагончыкаў, уціснуцца паміж вяскоўцамі, што пазбіраліся ехаць па розных справах, і нецярпліва чакаць, калі пачуецца кароткі вясёлы гудок і, чмыхаючы парай, паравоз пачне круціць па рэйках чырвона-чорныя колы! Праз нейкі час, калі лес па абодва бакі зусім схавае свае змрочныя таямніцы, машыніст па дамоўленасці прыпыняе цягнічок. А надвячоркам, калі мы са старэйшай сястрой, пляменнікам і з поўнымі кошыкамі суніцаў, чарніцаў, бліжэй да верасня – дурніцаў ды баравікоў, стомлена тупаем па шпалах, ззаду ўжо чуваць, як напружана звіняць рэйкі і добразычліва пыхкае «кукушка-паравоз».

«Здравствуй, моя Купа, Купа дорогая! Звонкая кукушка-паровоз…» Гэта Аркадзь Куляшоў жартуе. На матыў «Муркі» чамусьці…

Замест Купы сёння — «курортны пасёлак Нарач», замест «кукушкі-паравоза» — нейкая размаляваная падробка, што чадзіць смуродам па асфальце, замест вузкакалейкі — зарослы быллём колішні насып, замест Чэсікаў і Мечыкаў — спрэс «муркі». Калі, так бы мовіць, вобразна лічыць «муркамі» багаценькіх расейцаў, што за бесцань скупляюць па ўсёй Нарачы і наўкол вясковую нерухомасць…

Але дзе ж сёння Чэсік і Мечык? Толькі ў памяці.

Чэсік — старэйшы, Мечык — малодшы. Абодва чарнявыя, хударлявыя, нервовыя ў рухах. Абодва ад пачатку знаёмства ставяцца да мяне варожа, бы да чужынца. Мо і сапраўды гарадскі хлопчык успрымаецца як чужынец? Засталіся ў Мінску Воўка, Віцька, Генка… А тут Янак, Стасік, Тадзік, Валюсь… З усімі пасябраваліся ці не адразу. А з Чэсікам і Мечыкам — аніякага сяброўства. Толькі нейкі пагрозлівы погляд спадылба. Погляд, які, верагодна, нара-джаецца ад заўжды панурага бацькі.

Гэта сёння я разумею, што за той панурасцю хаваўся невядомы мне цяжкі лёс. Мо нават такі, у якім былі вінаватыя ўсе гэтыя людзі, што панаехалі з Мінска. Ну, не менавіта гэтыя, але адтуль…

Разумець гэта ў мае 12 гадоў не выпадала. І няёмка, крыўдна і нават страшна, калі на маё ныццё даць лодку «пакатацца» Чэсікаў і Мечыкаў бацька адказвае не проста адмовай, а нейкай грэблівай забаронай звяртацца да яго па лодку калі-небудзь яшчэ…

Я не ведаю, чаму браты раптам дагналі мяне.

«Слухай, бацька хутка з’едзе ў Лынтупы. Хадзем з намі на касу, «на дарожку», на шчупака? Будзеш веславаць…»

На касу! Веславаць! Веславаць я ўжо ўмеў.

…Праз гадзіну, азіраючыся, адчаплялі лодку ад ланцуга, напята сцягвалі ў ваду, пясок скроб па дне… Лёгкі штуршок — і вось ужо лодка ўпэўнена слізгоча па ціхай вадзе да «сіняга» — так купаўцы пазначаюць мяжу, за якой пачынаецца празрыстая, аж да дна, глыбіня. Вяслуецца лёгка, з уздымам, хаця цяжкія вёслы нехлямяжа боўтаюцца ў расхістаных качотах. Чэсікавы і Мечыкавы блёсны, самаробныя, з бліскучай, абцяжаранай волавам бляшанкі, вяртлява круцяцца далёка за лодкай, спакушаючы неабачлівага шчупака. Але да шчупака справа не даходзіць.

Справа даходзіць да чорнай, падпаленай па краях знікаючым сонцам хмары. Праз якую хвіліну хмара ўжо на ўсё неба, і яно абрыньваецца такой залевай, што знікаюць берагі, знікае каса, да якой амаль даплылі, знікае Чэсік на карме, нават Мечык, што сядзіць бліжэй да мяне, амаль знікае з вачэй… Мяне ахоплівае нейкая нетлумачальная адважнасць, я нават не ўсведамляю, што хутка патонем. Бо што з таго, што Мечык пачынае ліхаманкава вычэрпваць ваду каўшом, Чэсік — склаўшы далоні, а я вяслую што ёсць падлеткавай моцы ў нікуды, наўпрост паставіўшы лодку кармой да стромкай, звыш за метр, напэўна, ці нават больш, хвалі?!

І мы патанулі. Лодка паціху сышла пад ваду. Выпрасталіся. Мечыку — па грудзі…

Рагочам, абдымаемся, пырскаемся вадой, хаця мокрыя ўшчэнт. І не зважаем на тое, што возера раптам сцішылася, хмара расхінулася, пусціла сонечны прамень, што асвяціў хаты на беразе. Так, Чараўкі. Дзе каса, а дзе Чараўкі! Праз усё возера ратавалі нас бацькоўская лодка і нарачанская хваля.

З таго часу не пакідае мяне пачуццё, што было народжана ва ўлонні Нарачы — быццам сам у ім нарадзіўся.

«Беларусь удалася», — сцвярджае Віктар Марціновіч. Так, удалася. На білбордах.

Але ці ж Беларусь?!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?