Грамадства99

«Не для таго працую, каб тысячамі даляраў раскідвацца». Беларуска ў Польшчы праз суд спрабуе вярнуць заклад за кватэру

Вікторыя з мужам 11 месяцаў арандавалі кватэру ў Польшчы, а потым уласнікі папрасілі беларусаў вызваліць жыллё. Пара хутка знайшла новы варыянт і з'ехала. Аднак у дзень перадачы ключоў уласнікі пачалі чапляцца да стану кватэры і так і не вярнулі заклад.

Фота: freepik.com

Вікторыя звярнулася да юрыстаў, падала ў суд і цяпер спрабуе дамагчыся вынікаў ад судовых прыставаў. Грошай так і не ўбачыла, але здавацца не збіраецца. Пра свае дзеянні беларуска распавяла Most.

Кватэру, у якой пара пражыла амаль год, яны шукалі ў разгар сезона — у верасні, калі на рынку арэнды ажыятаж з-за наплыву студэнтаў. Пошукі ўскладняліся і наяўнасцю двух катоў.

Супрацоўнічаць з агентамі, праз якіх здавалася шмат кватэр, не хацелася, і нарэшце на сайце trójmiasto.pl пара натрапіла на аб’яву ад уласніка.

— [У аб’яве] было літаральна тры фатаграфіі. І нічога не было напісана пра жывёл. Але на адной з фота я ўбачыла кіпцюраточку і падумала, што гэта знак, — успамінае беларуска.

Уласнікі — універсітэцкі выкладчык і адвакат

Пара дамовілася на прагляд. Уласнікамі аказалася сямейная пара — універсітэцкая выкладчыца і адвакат.

— На праглядзе быў толькі мужчына. Ён нам усё паказаў, расказаў. Кватэра была трохі ў заняпалым стане: было відаць, што яна здаецца пару гадоў — шмат хібаў, нясвежы рамонт. Я разумела, што нам давядзецца нармальна патраціцца на яе прыборку, бо ў гэтым плане я дастаткова педантычны чалавек. Але вырашыла, што затое гэтая кватэра дастаткова вялікая, — распавядае Вікторыя.

Праз тыдзень падпісалі дамову. У дакуменце было пазначана, што кватэра здаецца на няпэўны тэрмін, а пры жаданні скасаваць пагадненне адзін з бакоў павінен папярэдзіць другі за месяц.

Тады ж бакі і разлічыліся. 3,3 тыс. злотых (906 даляраў) склала штомесячная арэнда і 4 тысячы злотых (1100 даляраў) — заклад (каўцыя).

«Можаце вынесці на сметніцу»

Адносіны з уласнікамі складаліся нядрэнна. Аплату за арэнду беларусы пералічвалі на банкаўскі рахунак, а ўласнікі кватэры прыязджалі толькі па справе — замяніць фільтры для вады ці абмеркаваць іншыя бытавыя пытанні.

— Пасля папярэдніх арандатараў рольшторы былі ў цвілі. Мы паспрабавалі іх адмыць, але не атрымалася. Плюс яны былі дастаткова парваныя. І мы прапанавалі нешта зрабіць з гэтымі рольшторамі. Яны такія: «Можаце вынесці іх на сметніцу — і ўсё», — успамінае Вікторыя.

Так яна і зрабіла, не здагадваючыся, чым гэта абернецца.

Выселілі ў сувязі з разводам

У адзін з дзён уласнікі нечакана з’явіліся. Зайшлі ў кватэру, селі на канапу і паведамілі беларусам, што вырашылі развесціся.

— Працягнулі нам на паперы ручкай напісанае паведамленне — з’ехаць цягам месяца, — успамінае Вікторыя. — Мы налілі ім вады. Сказалі, што разумеем, як ім складана ў гэтай сітуацыі, і што паспрабуем з’ехаць як мага хутчэй. І літаральна праз 15 хвілін яны ўсталі і сышлі.

Вікторыя з мужам стрымалі слова і ўжо праз тры дні падпісалі новую дамову арэнды, а яшчэ праз пару дзён — перавезлі большую частку рэчаў.

— У аўторак яны паведамілі, у суботу і нядзелю мы перавезлі рэчы, а панядзелак і аўторак пакінулі, каб навесці парадак. Вымылі ў кватэры ўсё дасканала. Я нават сцены мыла, бо на іх заставаліся сляды ад крэслаў, — кажа дзяўчына. — І роўна праз тыдзень мы былі гатовы перадаць ключы.

«Не разумела, жарт гэта ці не»

На прыём кватэры ўласнікі прыйшлі ўдваіх. З сабой яны прынеслі свой экзэмпляр дамовы і два дадаткі. Першае — правілы карыстання кватэрай. Напрыклад, што трэба ўключаць выцяжку ў ваннай ці не пакідаць уключаную газавую пліту. Другое — спіс, у якім былі зафіксаваныя ўсе папярэднія пашкоджанні.

— І яны пачалі праходзіць па гэтым спісе. У гасцёўні ўсё было ў парадку. Перайшлі ў пакой. Там [гаспадар] паспрабаваў зачыніць дзверы, а яна цалкам не зачынялася — каб яе зачыніць, трэба было крыху з намаганнем падштурхнуць. Яна прасела, — кажа дзяўчына. — І ён запісвае гэта ў пашкоджанні.

Вікторыю гэта абурыла, і яна папрасіла ўласніка абгрунтаваць сваё рашэнне. Але ў адказ пачула, што дзверы сталі непрыдатныя, бо беларусы «віселі на ёй».

— Я глядзела на яго і не разумела, жарт гэта ці не. І літаральна праз пару секунд зразумела: не жарт. Я паспрабавала растлумачыць, што дзверы мы не зачынялі, бо нашым двум катам не падабаецца, калі дзверы зачыненыя, — успамінае суразмоўца.

Да ліку парушэнняў уласнікі дадалі яшчэ некалькі пунктаў: праселыя дзверы на балкон, нязначны ўчастак аблупленай тынкоўкі на балконе, уздутая тынкоўка на столі ў ваннай — там беларусы самастойна вывелі вялікую пляму цвілі. Прэтэнзіі выклікаў і дзіўны гук, які выдаваў халадзільнік.

А яшчэ, па словах Вікторыі, іх абвінавацілі ў крадзяжы рольштор — тых самых, якія, як яна сцвярджае, уласнікі дазволілі выкінуць.

— Ён запісаў усе гэтыя рэчы і расклаў дакументы, каб я падпісала — унізе кожнай старонкі, дзе былі зафіксаваныя пашкоджанні. Я зрабіла спасылкі на ўсе пункты, напісала «не згодная» і [паставіла] свой подпіс, — успамінае дзяўчына. — І ён такі: «Вы не згодныя?» Я сфатаграфавала гэты дакумент з усіх бакоў, бо ён быў у адзіным экзэмпляры, і яны забралі яго сабе.

Вікторыя ўдакладніла ў уласнікаў, калі будзе вернуты заклад. Тыя назвалі тэрмін — ад аднаго да двух месяцаў. Аднак беларуска нагадала, што згодна з дамовай грошы павінны быць вернуты цягам аднаго месяца. На гэтым і разышліся.

«Пачалі дасылаць фатаграфіі»

Але прайшоў месяц, два, а вяртання ўсё не было. Вікторыя пісала ўласнікам, але тыя ігнаравалі паведамленні ў чаце.

— У пэўны момант яны пачалі скідваць фатаграфіі кшталту «Пацёк халадзільнік». Маўляў, сфатаграфавалі адразу ж, як вы перадалі ключы і сышлі з кватэры, — распавядае беларуска. — Мы такія: «Паслухайце, вы прынялі кватэру ў тым стане, у якім прынялі. Усё, што адбывалася пасля, нас не датычыцца. Мы не ведаем, што вы потым рабілі з халадзільнікам».

Вікторыя дадае, што пры выездзе з кватэры яны пакінулі мноства набытых за свой кошт рэчаў: цюлі і шторы з IKEA, падушкі для канапы і крэслаў, вузкі дэкаратыўны столік, а таксама дываны. Уласнікі не пажадалі кампенсаваць кошт гэтых рэчаў і прапанавалі забраць усё патрэбнае з сабой. Аднак сям’і гэта не было патрэбна: у новай кватэры ўжо быў увесь неабходны тэкстыль і мэбля.

Пазней уласнікі прад’явілі прэтэнзіі да дывана, які прыкрываў шчыліну паміж дошкамі, а таксама абвінавацілі арандатараў у пашкоджанні заглушкі ў ваннай — на іх думку, яна змяніла колер з-за чысцячага сродку.

— Тады я напісала: «Вышліце мне артыкул заглушкі — я асобна кампенсую. Толькі вярніце кауцыю. Бо гэтая «пупачка» не каштуе тысячы долараў, якія я вам пакінула», — успамінае Вікторыя. — З гэтага моманту зносіны сталі агрэсіўнымі. Ён мне адказаў: «Слухай, не размаўляй са мной так». І я зразумела, што медыяцыі (дасудовага ўрэгулявання спрэчкі. — Заўв. MOST) у нас не атрымаецца.

«Усю кватэру сапсавалі»

Вікторыя вырашыла звярнуцца да юрыста. Па яго ацэнцы, шанцы выйграць суд былі даволі высокія: зафіксаваныя бытавыя недахопы разглядаліся як натуральны знос, а не як пашкоджанне маёмасці. За кансультацыю дзяўчына заплаціла 300 злотых (82 даляры).

Вікторыя паведаміла ўласнікам, што падключыла юрыста, і яшчэ раз паспрабавала ўрэгуляваць сітуацыю. У адказ ёй прапанавалі за свой кошт правесці экспертызу і даказаць, што пашкоджанні — гэта знос. Аднак дзяўчына патлумачыла: у падобных выпадках менавіта ўласнік павінен даказваць факт шкоды.

Пасля гэтага, паводле слоў Вікторыі, уласнік кватэры абраў тактыку зацягвання — спаслаўся на неабходнасць дачакацца пераразліку за электраэнергію — яго праводзяць раз у тры месяцы.

— [Калі пераразлік прыйшоў], яны запатрабавалі аплаціць электрычнасць за перыяд, калі мы ўжо не жылі ў кватэры. Маўляў, яны таксама там не знаходзіліся, значыць, уся сума — наша. Рахунак аказаўся такім жа, як за поўныя тры месяцы пражывання. У выніку дамовіліся на 52 даляры і адразу ім перавялі, каб гэта не стала падставай вылічыць суму з кауцыі.

Але нават пасля выканання гэтай умовы грошы Вікторыі так і не вярнулі.

— Уласнік сказаў, што калі мы будзем падаваць у суд, то ён з нас наогул 30 тысяч злотых спагоніць за тое, што мы нібыта ўсю кватэру ім сапсавалі, — апісвае беларуска.

«Не для таго працую, каб тысячамі даляраў раскідвацца»

Муж Вікторыі прапанаваў не траціць час і нервы на разбіральніцтва. Але дзяўчына заставалася непахіснай.

— Я яму сказала: «Я не для таго працую, каб тысячамі долараў раскідвацца», — успамінае суразмоўца.

Спачатку Вікторыя накіравала ўласнікам ліст з патрабаваннем вярнуць кауцыю. Тыя яго атрымалі, але не адрэагавалі. Тады аналагічны ліст ад свайго імя накіравала юрыдычная фірма, у якую звярнулася Вікторыя. Аднак у адказ прыйшло паведамленне, што ліст не дастаўлены.

У той момант Вікторыя пачала рыхтаваць пакет дакументаў для суда — у трох экзэмплярах: для суда, для адказчыка і для сябе. Пакет уключаў:

  • копію дамовы арэнды,
  • акт прыёму-перадачы кватэры,
  • скрыншоты перапіскі і фота– і відэаматэрыялы з чата з уласнікамі,
  • копіі лістоў з патрабаваннем вярнуць залог, пацверджанні іх адпраўкі па пошце,
  • дакументы, што пацвярджаюць спробу дасудовага ўрэгулявання праз юрыста,
  • заяву ў суд, складзеную з дапамогай юрыста.

У заяве Вікторыя запатрабавала вярнуць не толькі заклад, але і кампенсацыю за кожны дзень пратэрміноўкі. Складанне заявы і дазвол на прадстаўленне інтарэсаў каштавалі сужэнцам 980 злотых.

Суд не змог уручыць адказчыку дакументы

У лістападзе 2024 года Вікторыя падала дакументы ў канцылярыю суда. Праз тры месяцы дзяўчына запытала нумар справы, а яшчэ праз тры — яна з’явілася ў судовай сістэме.

— Я там завяла асабісты кабінет: бачу статус справы і магу весці перапіску з судом, — дадае беларуска.

У чэрвені 2025 года Вікторыя атрымала ліст з прызначэннем суддзі і інфармацыю, што на дадзеным этапе можна скарыстацца працэдурай медыяцыі і не даводзіць справу да суда. А праз некалькі тыдняў дзяўчына даведалася, што суд не змог уручыць адказчыку камплект дакументаў, і гэта з'яўляецца падставай для закрыцця справы.

— Нібыта ён не ў курсе, што ў яго справа, і, адпаведна, ён можа пазбегнуць усяго гэтага, — кажа Вікторыя.

Паслугі судовага прыстава абыйдуцца ў 100 злотых

Юрыст параіў дзяўчыне паведаміць суду пра ўсе папярэднія спробы самастойнага інфармавання адказчыка, каб суд зразумеў, што той проста ігнаруе пазоў. І другі варыянт — паспрабаваць уручыць дакументы праз судовага прыстава. На гэтым варыянце Вікторыя і спынілася.

— Зараз мы чакаем [ад прыстава] навінаў: дастаўлена ці не дастаўлена, — кажа беларуска. — Паслугі прыстава абыдуцца нам у 100 злотых (27 даляраў), можа, крыху больш — залежыць ад тыпу дастаўкі. У іх там свая сістэма.

«Вельмі павучальная гісторыя»

Хаця пакуль дзяўчына не толькі не атрымала грошай, але і плаціць за магчымасць іх вярнуць, яна не здаецца.

— Вельмі многія хлопцы-эмігранты, з якімі мы кантактуем, скардзяцца, што гэта базавая практыка — плаціць за неіснуючы месяц. Табе не вяртаюць [грошы] проста «таму што». Мяне б задаволіла, калі б яны [уласнікі] пайшлі насустрач і вярнулі хаця б палову. Але яны не толькі не згадзіліся, але пачалі пагражаць і паводзіць сябе некарэктна. Увесь час спрабавалі выставіць нас вінаватымі. Мне здаецца, гэта вельмі павучальная гісторыя.

Каментары9

  • Максим Дизайнер
    11.07.2025
    Один в один моя минская история с каранными царьками. Он - юрист, она - преподаватель. Залог вышибал неделю. В квартире за вермя проживания, в которой мы почти не бвали из-за работы, от старости сломалось все, что могло сломаться, при том, что это был элитный дом с личным парковочным местом. Ах да, квартира еще была и служебная. Просто не было желания влезать в суды разборки, почему наши ченуши сдают свои служебные хаты за бешеные деньги.
  • Kudos dziewczynie
    11.07.2025
    Маладзец дзяўчына, што дажымаеш! Будзе прэцэдэнт. Я нават гатовы заданаціць каб дажаць падонка(ў)
  • Kto potrzebuje twoich fabrycznych odpadów,
    11.07.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

26‑гадовы Андрэй паехаў у Расію ў марскі флот. Але трапіў на вайну і загінуў — маці кажа, спакусіўся вялікімі грашыма7

26‑гадовы Андрэй паехаў у Расію ў марскі флот. Але трапіў на вайну і загінуў — маці кажа, спакусіўся вялікімі грашыма

Усе навіны →
Усе навіны

У Расіі затрымалі 70 чалавек, якія маліліся за здароўе Зяленскага3

Мінус 40 і «Год без лета»: як кліматычная анамалія спарадзіла «Франкенштэйна», вампіраў і беларускую містыку3

Пазбавілі бацькоўскіх правоў цяжарную жанчыну з Мінска, чыя старэйшая дачка двойчы спрабавала скончыць жыццё самагубствам2

Расійскага дыпламата, які раней працаваў у пасольстве ЗША і быў завербаваны, асудзілі на 12 гадоў за здраду дзяржаве

Японскі метад 6 — 6 — 6 дапамагае знізіць стрэс і падтрымаць форму4

Украінскі батальён у паніцы пакінуў Гуляйполе пасля ўваходу ў горад расійскіх штурмавікоў30

Даследчыкі знайшлі месца ў Беларусі, дзе базуецца «Арэшнік»24

Ругінене: Літва гатова разгледзець запыт ЗША аднавіць транзіт беларускіх угнаенняў, калі ён будзе7

Кіраўнік МЗС Азербайджана паведаміў пра «сур'ёзныя пытанні» да Масквы праз закрыццё справы аб катастрофе лайнера AZAL1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

26‑гадовы Андрэй паехаў у Расію ў марскі флот. Але трапіў на вайну і загінуў — маці кажа, спакусіўся вялікімі грашыма7

26‑гадовы Андрэй паехаў у Расію ў марскі флот. Але трапіў на вайну і загінуў — маці кажа, спакусіўся вялікімі грашыма

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць