Мінскі раённы аддзел Следчага камітэта праводзіць даследчую праверку па факце смерці без вестак зніклага журналіста Змітра Шаўчука. Аб гэтым паведаміла афіцыйны прадстаўнік СК Беларусі Юлія Ганчарова.

Цела Шаўчука было знойдзена ў пятлі ў лясным масіве непадалёк ад пасёлка Калодзішчы Мінскага раёна 30 жніўня. У ходзе правядзення агляду месца здарэння і цела загінулага следчымі былі знойдзены асабістыя рэчы памерлага, у тым ліку пашпарт, сумка, выключаны мабільны тэлефон, а таксама перадсмяротная запіска.

Прызначана судова-медыцынская экспертыза, закліканая ўстанавіць дакладную прычыну смерці. Папярэдне эксперты канстатавалі, што смерць наступіла ад асфіксіі ў выніку павешання. У ходзе агляду бачных цялесных пашкоджанняў на целе памерлага не знойдзена. 

«Шаўчук Зміцер Вітальевіч, 1983 г. н., знойдзены пошукавай групай. Загінуў. Выказваем спачуванні родным, блізкім і сябрам загінулага. Адміністрацыя не каментуе абставіны гібелі знойдзенага. Спадзяемся на ваша разуменне. Дзякуем усім сябрам Змітра за актыўны ўдзел у пошукавых мерапрыемствах, а таксама каардынатарам ПРА за прафесійны падыход да справы», — гаварылася ў паведамленні пошукава-ратавальнага атрада «Анёл», распаўсюджаным вечарам 30 жніўня.

За некалькі гадзін да гэтага ПРА «Анёл» паведамляў: «29.08 у пошуках удзельнічала больш за 60 чалавек. Сёння ўдзельнічае больш за 80. Абследуецца тэрыторыя ляснога масіву каля п. Калодзішчы».

***

Зміцер Шаўчук нарадзіўся у Жытоміры (Украіна). Вырас у Мінску, куды пераехаў з бацькамі. Вучыўся ў ліцэі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, на гістфаку БДУ. Працаваў карэспандэнтам «Еўрарадыё», радыё «Мір». Граў у музычных гуртах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?