Ален Роб‑Грые разам з Клёдам Сімонам, Мішэлем Біторам і Наталі Сарот уваходзіў у групу «новых раманістаў», якая зьявілася ў сярэдзіне 1950‑х. У сваіх творах новыя раманісты спрабавалі адмовіцца ад такіх элемэнтаў традыцыйнага літаратурнага твору як сюжэт, аповед, храналягічная пасьлядоўнасьць і нават пунктуацыя.
У 1963 г. Роб‑Грые напісаў эсэ «Да новага раману», у якім выклаў тэарэтычныя асновы свайго літаратурнага руху. Гэта праца стала «бібліяй» францускага авангарду і вывела пісьменьніка ў лік супэрзорак францускага інтэлектуальнага сьвету.
Ален Роб‑Грые быў адным з 40 чальцоў Францускай акадэміі, у задачу якой уваходзіць захаваньне чысьціны францускай мовы.
Прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі ў сувязі са сьмерцю пісьменьніка зазначыў, што ў асобе Роб‑Грые Француская акадэмія згубіла «аднаго са знакамітых сваіх чальцоў і, без сумневу, самага бунтоўнага».
Ален Роб‑Грые нарадзіўся ў Брэсьце ў сям’і інжынера і скончыў Нацыянальны сельскагаспадарчы інстытут.
У мінулыя выходныя ён быў дастаўлены ў шпіталь, дзе і памёр у панядзелак раніцай.
На беларускую мову яго з асалодай перакладаў Зьміцер Колас.