Беларускі пункт пропуску «Весялоўка» на мяжы з Расіяй і Украінай

З верасня на беларуска-расійскім пункце пропуску «Рэдзькі» — «Чырвонае» («Чырвоная горка»), размешчаным на трасе Брэст—Масква пад Смаленскам, расійскія памежнікі перасталі пускаць у Расію грамадзян ЕС, якія едуць на асабістых аўтамабілях. Памежная служба ФСБ Расіі матывавала гэта тым, што на мяжы Расіі і Беларусі не існуе міжнародных пунктаў пропуску (МПП) праз якія маглі б уязджаць замежныя грамадзяне, а рэжым спрошчанага пропуску дзейнічае толькі для грамадзян РБ і РФ.

Званкі з мяжы

Першымі забілі трывогу грамадзяне Польшчы. Яны сталі тэлефанаваць на польскія радыёстанцыі і распавядаць, што самы просты шлях з Варшавы ў Маскву цяпер для іх фактычна закрыты. Каб уехаць у Расію, памежнікі раілі ім вярнуцца ў Мінск, адтуль праехаць у Латвію і далей праз гэтую краіну ў бліжэйшы расійскі МПП «Бурачкі» — «Церахава». Такім чынам, шлях у расійскую сталіцу павялічваўся на 500 кіламетраў, і да таго ж замест пан'еўрапейскага транспартнага калідора Е30 ён пралягаў па дарозе федэральнага значэння М9.

Апагею канфлікт дасягнуў 12 верасня, калі пасольства Польшчы ў Маскве накіравала ў расійскае МЗС ноту з абвінавачваннем у тым, што расійскія памежнікі не прапускаюць палякаў у краіну праз мяжу з Беларуссю — пра гэта паведаміла прэс-сакратар дыппрадстаўніцтва Ганна Літва.

Магчымую прычыну канфлікту расійскае МЗС агучыла яшчэ ў жніўні, звярнуўшы ўвагу на тое, што Польшча з 4 ліпеня прыпыніла дзеянне пагаднення з Расіяй аб парадку мясцовага прыгранічнага руху, згодна з якім жыхары Калінінградскай вобласці і прыгранічных раёнаў Польшчы мелі права на шматразовы ўезд і знаходжанне на тэрыторыі дзвюх дзяржаў. Прычынай прыпынення называлася правядзенне саміту НАТА ў Варшаве і Сусветнага дня моладзі ў Кракаве. Але па заканчэнні гэтых мерапрыемстваў спрошчаны рэжым польскімі ўладамі адноўлены не быў.

Штраф да 100 еўра

Да кастрычніка стала зразумела, што расійскі бок прыняў прынцыповае рашэнне не пускаць у Расію праз Беларусь грамадзян усіх краін ЕС. Менавіта так тлумачаць свае паводзіны расійскія памежнікі, і гэта не дадатковая мера, тлумачаць яны, новых нарматыўных дакументаў няма — расійскае заканадаўства ўжо даўно загадвае перасякаць мяжу ў міжнародных пунктах пропуску.

Дзяжурны афіцэр у галаўным офісе памежнай службы ФСБ Расіі ў Маскве на запыт DW удакладніў, што грамадзяне ЕС, якія едуць у Расію цягнікамі альбо рэйсавымі аўтобусамі, нават пры наяўнасці віз таксама павінны патурбавацца аб тым, каб у іх дакументах быў штамп, які пацвярджае легальнае перасячэнне мяжы з Расіяй. Іх уезд праз Беларусь будзе лічыцца парушэннем правілаў, за якое прадугледжаны штраф ад 2 да 7 тысяч расійскіх рублёў (ад 29 да 100 еўра ў эквіваленце) і выправаджэнне, заявіў ён.

Наколькі павялічыўся паток транспарту ў беларуска-латвійскіх пунктах пропуску «Урбаны» — «Сілене» і «Грыгораўшчына» — «Патэрніекі», дзяжурны аператыўна-сітуацыйнага пункта Полацкага памежатрада сказаць не змог: «Іх прапускная здольнасць складае тысячу машын у суткі, так што чэргаў няма». А вычарпальную інфармацыю ён параіў узяць на афіцыйным сайце Дзяржпамежкамітэта Беларусі. Аднак там няма нават згадкі аб змене правапрымяняльнай практыкі расійскім бокам.

«Тры сястры»

Акрамя латвійскага кірунку, супрацоўнікі памежупраўлення ФСБ Расіі ў Смаленску яшчэ прапаноўваюць «Новыя Юркавічы» — гэта адзіны МПП на мяжы з Беларуссю, кажуць яны. Размяшчаецца ён у Добрушскім раёне Гомельскай вобласці, і ў такім выпадку лішні круг складзе толькі 300 кіламетраў.

Па прыездзе на месца высветлілася, што над міжнародным пунктам пропуску ўзвышаецца збудаваная яшчэ ў савецкі час стэла «Тры сястры», якая сімвалізавала дружбу народаў трох краін. Тут у адной кропцы сыходзяцца тры дарогі і размешчаныя адразу тры МПП — беларуская «Весялоўка», украінская «Сянькоўка» і расійскія «Новыя Юркавічы».

Тут падарожнікаў з ЕС чакае шэраг сюрпрызаў. Па-першае, вузкая дарога ад Гомеля да «Весялоўкі» вядзе праз дзясятак вёсак з абмежаваннем хуткасці да 40 км/г. Па-другое, за 20 км да МПП пачынаецца памежная зона, якая абавязвае рухацца без прыпынку. А, па-трэцяе, расійскі МПП з калючым дротам і кулямётнымі гнёздамі з мяхоў з пяском выклікае пачуццё трывогі — побач расійска-ўкраінскі ўчастак мяжы.

Начальнік змены расійскага МПП «Новыя Юркавічы» старэйшы лейтэнант Шаронін папярэдзіў, што не ўпаўнаважаны даваць тлумачэнні, але дадаў, што нават грамадзяне краін СНД абавязаныя ўязджаць у Расею толькі праз МПП. Менавіта яны часцей за ўсё і едуць праз «Новыя Юркавічы» — машыны, зарэгістраваныя ў ЕС, тут рэдкасць. На пытанне, чаму да 1 верасня ўсе катэгорыі грамадзян маглі бесперашкодна ехаць па магістралі Брэст-Масква, ён адказаць не змог.

Палітолагі спрачаюцца

Маскоўскі палітолаг Зміцер Арэшкін называе рашэнне расійскіх уладаў прадказальным і звязаным з цяперашнімі прыярытэтамі Уладзіміра Пуціна. «Па сутнасці, гаворка ідзе пра аднаўленне жалезнай заслоны і вяртанне да савецкіх стандартаў побыту, — тлумачыць ён. — Гэта, у сваю чаргу, вядзе да непазбежных супярэчнасцяў унутры інтэграцыйных аб'яднанняў». Беларусі і Казахстану выгадна мець статус транзітных краін, на гэтым можна зарабіць, кажа Арэшкін, а Расія пазбаўляе іх гэтай магчымасці.

Намдэкана факультэта сусветнай эканомікі і палітыкі Вышэйшай школы эканомікі Андрэй Суздальцаў [у свой час дэпартаваны з Беларусі — Рэд.] прызнае наяўнасць складанай праблемы, бо ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) межаў быць не павінна. Але ёсць супярэчнасць у спалучэнні пагранічных і візавых рэжымаў дзвюх краін. Калі Расія ўвяла візы для грамадзян Грузіі, успамінае ён, Беларусь ператварылася ў «грузінскі вакзал».

Цяпер, адзначае Суздальцаў, адкрываецца новае акно — Беларусь анансавала бязвізавы ўезд для грамадзян 80 краін, якія будуць прылятаць у аэрапорт «Мінск». Яны змогуць знаходзіцца на тэрыторыі краіны да пяці сутак. А з 23 кастрычніка ім будзе не патрэбная віза для наведвання парку «Аўгустоўскі канал». «Беларусь адкрывае замежнікам дзверы, а ў Расіі не пытаецца», — тлумачыць Суздальцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0