Культура33

«Паўстанцы», «Карты Лапіных», «Гаспадар цмокаў» і не толькі: топ-5 беларускіх настольных гульняў да Дня роднай мовы 

Сёння адзначаецца Дзень роднай мовы. Разам з творчым згуртаваннем «А-чатыры» мы склалі Топ-5 самых папулярных беларускіх настолак. Яны дапамогуць паглыбіць веды ў нацыянальнай гісторыі, пашырыць слоўнікавы запас, адчуць сябе ў ролі гістарычных дзеячаў, стварыць свой сусвет і нават прыручыць цмока! 

1. «Мова» ды «Мова. Буслік»

Цудоўны падарунак да сённяшняй даты. У аснове гульні «Мова» ляжыць спаборніцтва за тытул найлепшага мовазнаўцы. Настолка дапаможа ў вывучэнні роднай мовы, а таксама ўразнастаіць ваш слоўнікавы запас. Калі вы саромеецеся размаўляць па-беларуску з сябрамі, «Мова» дапаможа пераадолець гэты бар’ер.

Для маленькіх беларусаў выдадзеныя тры серыі гульні «Мова. Буслік»: горад, жывёльны свет і дом. Яны пазнаёмяць дзетак са светам роднай мовы, а разнастайныя варыянты правілаў робяць гульню даступнай для дзяцей ад 3 да 10 гадоў.

Гуляючы ў «Мову. Буслік» вашы дзеткі даведаюцца, што такое хмарачос, дзе можна знайсці фатэль і хто жыве ў шпакоўні. 

2. Беларускія «Карты Лапіных»

Звярніце ўвагу на ўнікальны праект. 80 гадоў таму такія карты друкаваліся на гродзенскай фабрыцы Лапіных. Такія карты былі вельмі папулярнымі ў Заходняй Беларусі, бо каралі ў калодзе адлюстроўвалі рэальных гістарычных персанажаў: Яна Сабескага, Казіміра Вялікага, Жыгімонта Аўгуста і Стэфана Баторыя.

Пасля Другой сусветнай вайны вытворчасць спынілася. У 2015 годзе пры рэканструкцыі будынка былой фабрыкі былі знойдзеныя некалькі асобнікаў тых самых карт Лапіных. Было вырашана з нуля аднавіць калоду і стварыць адметны беларускі сувенір. За асновы былі ўзятыя архіўныя звесткі, гістарычныя даведкі і фрагменты знойдзеных асобнікаў.

Кожная карта калоды Лапіных адмалёўвалася мастаком пад кантролем гісторыкаў, а на кашулі і каробцы намаляваныя сапраўдныя эмблемы і штампы вытворцаў.

Летась адноўленыя беларускія карты пабачылі свет. Сёння згуляць у іх можаце і вы! Таксама карты Лапіных стануць арыгінальным беларускім сувенірам. Летам чакаецца выданне покернай калоды, таму сачыце за навінамі!

3. «Паўстанцы»

У апошні дзень зімы «Паўстанцам» споўніцца 5 гадоў. За гэты час першая беларуская настолка займела статус культавай гульні і задала хвалю з’яўлення новых беларускамоўных забавак. 

Гульня будуецца на сюжэце паўстання 1863—1864 гадоў. Гульцам прапануецца адчуць атмасферу тых падзей у ролі пэўнай гістарычнай асобы (Каліноўскага, Урублеўскага ці Мураўёва), або паўплываць на ход паўстання ў якасці звычайнага беларуса.

Гульцы атрымліваюць карткі персанажаў. Не ведаючы, хто ёсць хто, яны павінны рассакрэціць супернікаў: дазваляецца хлусіць, падманваць і блытаць усіх удзельнікаў падзей.

«Паўстанцы» аказаліся настолькі папулярнымі, што першы тыраж распрадаўся імгненна. Калі б не гэта акалічнасць, гульня, безумоўна, была б у топе. Хутка чакаецца перавыданне настолкі — «Паўстанцы» з'явяцца ў новым дызайне. Таксама варта чакаць пэўных сюрпрызаў!

4. Драўляныя гульні

На дадзены момант існуюць чатыры беларускія драўляныя забавы: «На трох кітах», «Вежа», «Замкавая вежа» і «МегаВежа». У пачатку сакавіка да іх далучыцца гульня «Дойліды».

«На трох кітах» — гэта не проста настолка, гэта пабудова цэлага свету з драўляных дэталяў рознай формы. Парадак размяшчэння вызначае лёс — шасцігранны кубік. Задача — выставіць усе складнікі і не пабурыць канструкцыю.

Гульні «Вежа», «Замкавая вежа» і «МегаВежа» — айчынныя аналагі сусветна вядомай джэнгі. Але зробленыя з беларускага дрэва і з беларускай пяшчотай. Прынцып забавы просты — складаецца драўляная вежа, з якой гульцы выцягваюць па адной «цаглінцы» і кладуць наверх. Прайграе той, хто разваліць вежу.

5. Дзіцячая настолка «Гаспадар цмокаў»

Ужо ніхто не памятае, што першым чалавек прыручыў не сабаку, не ката, не каня — першым быў цмок! Ён дапамагаў чалавеку здабываць ежу і ахоўваў свайго гаспадара. А найбольшай пашанай у той час лічыўся той, хто валодаў пяццю цмокамі. Каб іх прыручыць, трэба быць хуткім, уважлівым і кемлівым.

У гэтай гульні дзеткам трэба прыручаць гарэзлівых цмокаў і разам з імі ахоўваць свае землі ад шкоднікаў. Вясёлыя і чароўныя істоты з радасцю стануць часткай вашага сямейнага вечара або далучацца да шумнай сяброўскай кампаніі.

«Гаспадар цмокаў» стала першай беларускай настолкай, якая трапіла на міжнародны рынак: правілы гульні надрукаваныя на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай. Таму амаль па ўсёй планеце можна прыручаць беларускіх цмокаў.

У планах творчага згуртавання «А-чатыры» удасканаленне існуючых праектаў і выданне новых цікавых беларускіх забаў. Акрамя ўзгаданай драўлянай гульні «Дойліды», да выпуску плануюцца гульні «Wordman» і «Першадрукар».

За творчымі планамі гарадзенскай каманды можна сачыць у суполках Укантакце, Facebook і ў Instagram.

Каментары3

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Ціханоўскі: Прыехаў бы і паціснуў Трампу руку18

Ціханоўскі: Прыехаў бы і паціснуў Трампу руку

Усе навіны →
Усе навіны

62-гадовую намесніцу дырэктара мінскай гімназіі адправілі ў калонію за палітыку12

Злучаныя Штаты могуць скараціць колькасць сваіх войскаў у Еўропе на 30%3

Шэлег: Беларускія лекі нічым не адрозніваюцца ад старых прэпаратаў буйных фармацэўтычных кампаній3

Настаяцель манастыра Шаалінь трапіў пад следства па падазрэнні ў растратах і амаральным ладзе жыцця4

У Рэчыцкім раёне ад удару токам загінулі двое мужчын

Цэны на шакалад здзіўляюць13

Навумчык пра незалежнасць Беларусі: Пуцін не здольны мабілізаваць ніводнага беларуса на вайну — нацыянальныя аўтаноміі Расіі не маюць і гэтага30

Музыканты выдаляюць сваю музыку са Spotify, бо ён спансаруе кампанію, якая вырабляе тысячы дронаў для Украіны26

«Гэта своеасаблівае партнёрства». Трамп заключыў здзелку, па якой краіны Еўропы абавязаны плаціць тарыф 15%8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўскі: Прыехаў бы і паціснуў Трампу руку18

Ціханоўскі: Прыехаў бы і паціснуў Трампу руку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць