Пра спыненьне галадоўкі пратэсту абвесьціў на прэсавай канфэрэнцыі 17 чэрвеня кіраўнік незарэгістраванай арганізацыі «Малады Фронт» Зьміцер Дашкевіч. Акцыю спыняюць апошнія 9 галадоўнікаў у Менску і адзін – у Мастах. Асноўнай прычынай Дашкевіч назваў пагаршэньне стану здароўя ўдзельнікаў: 16 чэрвеня істотна горш сталі пачувацца дзьве дзяўчыны – удзельніцы галадоўкі. Адну зь іх, Насту Азарку, нават шпіталізавалі: дактары зрабілі ёй некалькі ўколаў глюкозы.

Другой прычынай спыненьня 20-дзённай гэстафэтнай галадоўкі моладзі Дашкевіч назваў праблемы з здыманай кватэрай у Менску, дзе сабраліся галадоўнікі: «Памяшканьне было ў складаным юрыдычным статусе (пад продажам), і кадэбісты націснулі на гаспадыню, што сканфіскуюць кватэру».

Дашкевіч пратрымаўся найдаўжэй за ўсіх астатніх галадоўнікаў – 16 сутак. Да гэтага, як ён кажа, максымальны тэрмін галадваньня меў 6 сутак. Ацэньваючы вынікі акцыі, Зьміцер кажа, што галадоўнікі не дамагліся рэакцыі ўлады, але зьвярнулі ўвагу грамадзтва на важныя праблемы: перасьлед моладзевых актывістаў, наяўнасьць палітвязьняў у Беларусі, рэпрэсіі супраць вернікаў. «Мы не планавалі гэтую галадоўку – гэта быў стыхіўны пратэст нашых актывістаў у рэгіёнах, які выказалі салідарнасьць з кіраўніцтвам «Маладога Фронту», – зазначыў ён.

Збор матэрыялаў у крымінальнай справе па кіраўніцтве «Маладога Фронту» працягнуты да жніўня. На судовы працэс маладафронтаўцы плянуюць выклікаць каля 1000 сьведкаў, якія пацьвердзяць свой удзел у арганізацыі. Ужо цяпер сабраныя некалькі тысячаў подпісаў пад зваротам у падтрымку падсьледных.

За 20 дзён у эстафэтнай галадоўцы прынялі ўдзел, паводле ацэнак Дашкевіча, каля 100 чалавек: «Дакладную лічбу назваць складана. Мы атрымлівалі шмсат лістоў, дзе людзі пісалі, што будуць галадаць на знак салідарнасьці з намі 3 дні, ці 5 дзён, ці да пачатку іспытаў...»

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0