Культура88

Саджалі на кол, білі жалезным ключом па галаве. Жыццё, каханне і турэмныя здзекі з класіка белліта Кузьмы Чорнага

Сёння, 22 лістапада, спаўняецца 80 гадоў з дня смерці Кузьмы Чорнага — класіка беларускай літаратуры. 

Кузьма Чорны. 1925 год

Гэты матэрыял быў апублікаваны некалькі гадоў таму на Tut.by.

«Іда завяла непрыгожыя знаёмствы. Кузьма пра гэта даведаўся і хацеў павесіцца, яго ледзьве ўратавалі»

Перш за ўсё патлумачым, адкуль з’явіўся такі псеўданім. Сапраўднае імя пісьменніка — Мікалай Раманоўскі. У 1923 годзе ён стаў друкавацца ў газеце «Савецкая Беларусь» (не блытаць з «Советской Белоруссией»), дзе ўпершыню падпісаўся псеўданімам, пад якім вядомы сёння. «Чорны» было вулічнай мянушкай яго дзеда. А вось адкуль узяўся «Кузьма», не ведаюць нават сваякі.

Мікалай Раманоўскі нарадзіўся ў 1900 годзе ў маёнтку Боркі Капыльскага раёна, дзе яго бацькі, простыя сяляне, працавалі на пана Эдварда Вайніловіча. Мама будучага пісьменніка вельмі хацела даць хлопчыку адукацыю. Казала мужу: «Няўжо мы з табой нашага Коленьку не адправім у школу? Я буду дзень і ноч сядзець за станком, толькі каб сын вучыўся».

Але ў Борках школы не было, таму Раманоўскія вярнуліся да сябе на малую радзіму — у вёску Цімкавічы таго ж Капыльскага раёна, дзе прайшло яго дзяцінства.

— Для мяне мова Чорнага — гэта ўзор, па-першае, чысціні мовы, па-другое — цэласнасці, — казаў унук пісьменніка Мікалай Раманоўскі ў інтэрв'ю Галіне Шаблінскай (укладальніца ўнікальнай кнігі «Кузьма Чорны. Чалавек — гэта цэлы свет», дзе сабраныя ўсе асноўныя матэрыялы пра творчасць пісьменніка). — У нас жа ўсіх, сённяшніх, мова ў нейкім сэнсе сінтэтычная. Штосьці бяром з кніжак, штосьці, хто ў маленстве жыў у вёсцы, — з вясковай гаворкі, штосьці праз аналогію з суседніх моў. А ў Чорнага мова абсалютна цэласная. Ён узяў штодзённую цімкаўскую гаворку, на якой вёска між сабой гаварыла, і ў яго руках яна сама аказалася творам мастацтва.

Кузьма Чорны і Адам Бабарэка. Ліпень 1925 г.

Творчыя здольнасці праявіліся ў яго рана: у дзяцінстве Мікалай разам з маці спяваў у хоры Скіпіёўскай царквы (пазней навучыўся іграць на фізгармоні і піяніна). На вакацыях чытаў са сцэны свае фельетоны. У Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі ўдзельнічаў у драматычным гуртку і выходзіў на сцэну ў ролі Пустарэвіча ў купалаўскай «Паўлінцы».

Чорны адслужыў два гады ў Чырвонай арміі, пасля чаго ў 1922-м пераехаў у Мінск і паступіў на літаратурнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ і ўвайшоў у літаратурную суполку «Маладняк». У тыя гады яе прадстаўнікі часта падарожнічалі па краіне і выступалі перад чытачамі. Адна з такіх вандровак змяніла асабістае жыццё Чорнага.

У верасні 1925 года ён разам з пісьменнікам Язэпам Пушчам прыехаў у Слуцк. На сустрэчу з імі прыйшлі дзве сяброўкі. Успыхнулі ўзаемныя пачуцці.

Але адносіны дзвюх пар склаліся па-рознаму. Дзяўчына па імені Станіслава стала вернай жонкай пісьменніка Язэпа Пушчы.

Яе сяброўка Зінаіда Кобрык, дачка начальніка слуцкай тэлефоннай станцыі, была маладзейшай за Чорнага на шэсць гадоў і пісала вершы пад псеўданімам Іда Чырвань. Яна ўзяла шлюб з пісьменнікам. Але іх сямейнае жыццё не склалася.

Кузьма Чорны з першай жонкай Ідай, сёстрамі і братам. 

Тая ж Станіслава згадвала, што «цяпер Іду было не пазнаць. Кузьма купіў ёй усё, што трэба было для зімы: добрае паліто, капялюш, чаравікі, сукенкі. Пад канец рабочага дня Іда брала рамізніка і ехала да Кузьмы на працу, яны ішлі абедаць у рэстаран. Іда стала дрэнна сябе паводзіць. Завяла непрыгожыя знаёмствы. Кузьма пра гэта даведаўся і хацеў павесіцца, яго ледзьве ўратавалі».

З дэпрэсіі пісьменніка выцягнулі сябры: новы 1926 год ён сустракаў у Маскве ў кампаніі паэта Уладзіміра Дубоўкі. Чорны не хацеў больш кантактаваць з жонкай. Тады той жа Дубоўка і Пушча пайшлі на кватэру Чорнага, далі Зінаідзе грошай і сказалі, што іх сябар тут болей не з’явіцца. У выніку ў пачатку 1927-га дзяўчына вярнулася да бацькоў. Як склалася яе далейшае жыццё? Іда яшчэ двойчы брала шлюб. Памерла ў 1941-м на курорце Мінеральныя воды: у яе было слабое сэрца.

Свае асабістае шчасце хутка знайшоў і Кузьма Чорны: у тым жа годзе ён пазнаёміўся з Рэвекай Свераноўскай, якая працавала сакратаром-машыністкай у газеце «Звязда». Раман хутка завяршыўся вяселлем. У 1928-м у маладых нарадзілася дачка. Сваякі хацелі яе назваць Ірынай. Але бацька зрабіў па-свойму і запісаў Рагнедай.

— Адзін журналіст неяк стаў пытацца ў мяне пра сястру. Таму што былі подпісы «з дачкой Ірынай» і «з дачкой Рагнедай». І ён палічыў, што нас дзве, — расказвала ў адным з інтэрв'ю дачка пісьменніка.

Кузьма Чорны і Рэвека Свераноўская

Усё было ўдала і ў творчай сферы. У 1926-м у Беларусі было створана літаратурнае аб’яднанне «Узвышша», куды ўвайшлі лепшыя беларускія пісьменнікі таго часу. Чорны стаў яго кіраўніком, намеснікам — драматург Кандрат Крапіва, сакратаром — крытык Адам Бабарэка. Сярод іншых сяброў аб’яднання былі згаданы вышэй Дубоўка — неафіцыйны лідар «Узвышша», і Змітрок Бядуля (менавіта яго парэшткі сёлета прывезлі ў Мінск для перапахавання).

«У яжоўскай турме мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве»

Але росквіт «Узвышша» быў нядоўгі. У СССР пачалася барацьба з нацдэмамі (нацыянал-дэмакратамі), і ў іх лік запісалі лепшых беларускіх літаратараў. Летам 1930-га былі арыштаваныя Дубоўка, Бабарэка, Пушча. Але іншыя сябры па аб’яднанні засталіся на волі і — тут з песні слоў не выкінеш — выступілі з публічным асуджэннем нядаўніх сяброў.

— Патрабуем жорсткай кары агентам міжнароднай буржуазіі ў Савецкай Беларусі — беларускім контррэвалюцыйным нацыянал-дэмакратам! <…> [Беларускі нацыянал-дэмакратызм] пранік і ў беларускае згуртаванне «Узвышша». У асобе яго былых лідараў — Бабарэкі, Пушчы і Дубоўкі — ды іх малодшых пабрацімаў ён стараўся пашырыць свой уплыў на ўсё згуртаванне <…>.

Такі ліст падпісалі дзевяць пісьменнікаў, сярод іх Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва, Змітрок Бядуля і Пятро Глебка.

«Узвышша» праіснавала яшчэ год, да снежня 1931-га, і спыніла існаванне.

У 1930-я гады жыццё Чорнага нібыта наладзілася. Ён пабудаваў кватэру ў доме «Асветнік-камунар», які знаходзіўся на вуліцы Свярдлоўскай (цяпер Свярдлова). Чатырохпавярховы будынак быў узведзены ў стылі канструктывізму, тыповым для той эпохі. У доме было сем уваходаў і па дзве трохпакаёвыя кватэры на паверсе.

На фота 1935 года дом «Асветнік-камунар» бачны на гарызонце за стадыёнам «Дынама».

— Калі ні зойдзеш, абавязкова бачыш Кузьму Чорнага за сталом. Ён не губляў дарма часу, працаваў адначасова над некалькімі творамі, на стале ў яго ляжалі некалькі разгорнутых вялікіх сшыткаў. Пасядзіць колькі гадзін над адным, устане, паходзіць з кута ў кут па пакоі, а потым зноў ідзе да стала і бярэ ўжо ў рукі другі сшытак, — згадваў пісьменнік Павел Кавалёў.

Але пачынаўся новы віток рэпрэсій. У 1937-м Кузьма Чорны быў арыштаваны. Восем месяцаў ён сядзеў у Мінскай турме, з іх шэсць — у камеры-адзіночцы. Пасля вызвалення пісьменнік напісаў пра здзекі з сябе ў дзённіку, які немагчыма чытаць без жаху:

— У яжоўскай турме (ад імя Мікалая Яжова, кіраўніка НКУС) мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі збітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубкі і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камеру з пацукамі…

Бацька пісьменніка не перажыў навіну пра арышт сына. Даведаўшыся пра тое на кірмашы, прыйшоў усхваляваны дадому, паспеў звязаць венік, пасля лёг спаць і не прачнуўся.

Але пісьменніку пашанцавала. За яго заступіўся кіраўнік БССР Панцеляймон Панамарэнка, і ў чэрвені 1939-га творца выйшаў на свабоду.

«Калі яны выносілі на насілках друз, рухнула яшчэ адна сцяна і засыпала і тых, хто адкопваў першых ахвяр бамбёжкі»

Чорны адразу ўзяўся за працу і за два гады напісаў тры новыя раманы і літаратуразнаўчае даследаванне пра паэму Якуба Коласа «Новая Зямля». Але пачалася вайна, і гэтыя тэксты згарэлі ў першыя яе дні.

 — У маіх вачах Чорны пасля 1938-га і да самай смерці ўсё больш робіцца падобны на Дастаеўскага — у яго найлепшых праявах, — разважае пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. — Чорнага называюць пачынальнікам беларускага рамана — але гэта не зусім дакладна: здаецца, ён пачынальнік менавіта «дастаеўскага» беларускага рамана, самадастатковага і даставучага да самага донца.

«Пошукі будучыні», напісаныя ім перад смерцю, тут больш чым паказальныя. Кудысьці знікаюць упэўненасць (і маладая самаўпэўненасць), на месца якіх прыходзіць жах; дый у кожнага рамана Чорнага цяпер быццам бы трасуцца рукі. Ён піша таропка і часта неахайна, не зважаючы на паўторы, намагаючыся запісаць усё, усё, пакуль не спынілі; кожны радок выліваецца з яго, як сляза, — і гэта ціхі плач на мяжы з паталогіяй, бо чым часцей чалавек плача, чым радзей гэта кранае. Як і Фёдар Міхайлавіч, Чорны мацней, чым калі, прасякаецца любоўю да слабых, занядбаных і кінутых, і гэтая любоў замяняе яму ўсё — такіх людзей баяцца дзеці і кусаюць сабакі.

«Я ў маленстве бачыў, як птушка далася аб тэлеграфны дрот і, скаваная ранамі ў нагах і крыллях, канчалася на зямлі пад дротам. У яе вачах маглі змясціцца смутак і скруха ўсяго свету».

Чорны набыў гэтую важную здольнасць, без якой мастацтва рамана немагчымае — бачыць вялікае ў малым, у найдрабнейшым — у воку птушкі, у дзічцы, у гузіку, у парушынцы. Відаць, усведамленне гэтага свайго дару не прынесла яму нічога, апрача болю. Ён, пралетарскі нібыта, а насамрэч сялянскі пісьменнік, усё часцей згадвае Бога. У позніх раманах Чорнага таксама ўсё круціцца вакол зямлі — яе прыцягненне неадольнае, як праклён: як аўтар ні падскоквае, увесь час апускаецца на тое самае месца. Але падскоквае ён усё вышэй і бачыць усё больш. Вось ужо і суседнія землі ўбачыў: на імгненне, але гэтага імгнення хапіла, каб тое-сёе зразумець, зафіксаваць у замучанай памяці і занатаваць — пад акампанемент блізкай вайны.

— 24 чэрвеня Мінск пачалі бамбіць, — згадвала Рагнеда Раманоўская, дачка пісьменніка. — Дарослыя з нашага дома спачатку ўладкавалі дзяцей у акопчыках, а потым ужо і самі хаваліся. Адна з першых бомб трапіла ў наш дом і разбурыла першы пад’езд. Пад развалінамі засталіся людзі. Дарослыя пачалі іх ратаваць, разбіраць завалы. Калі тата з нейкім дзядзькам выносілі на насілках друз, рухнула яшчэ адна сцяна і засыпала і тых, хто адкопваў першых ахвяр бамбёжкі.

У 1941-м пісьменнік пайшоў у армію. Але неўзабаве яго адтуль адклікалі: Чорны ўдзельнічаў у выданні газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», пазней змог эвакуіравацца. Ён пераважна жыў у Маскве. Яго сям’я таксама змагла выехаць на ўсход. Каб зарабіць грошы, быў вымушаны займацца публіцыстыкай.

— Я, як чорнарабочы, пісаў і пішу бесперапынна публіцыстычныя тэксты без подпісу, яны друкуюцца, устаўляюцца ў тэксты рэзалюцый… А я хаджу спрацаваны, хворы і жыву ў катуху, — скардзіўся Чорны Панамарэнку.

Пісьменнік перанёс інсульт, стаў страчваць зрок. Як расказвала Людміла Ніжэвіч, дырэктар музея Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах, ён браў аркуш паперы, клаў трафарэт і, намацваючы пальцамі літары, працягваў пісаць. Так ён стварыў раман «Пошукі будучыні».

— Менавіта ў рамане «Пошукі будучыні» Чорны дасягнуў сваёй мары: расказаў пра шляхі беларуса ў вялікай гісторыі, — расказвала TUT.BY доктар філалагічных навук Людміла Сінькова. — Мне цікавая оптыка Чорнага. У «Пошуках будучыні» глабальныя падзеі першай паловы XX стагоддзя ён разглядае ў той меры, у якой яны тычацца беларусаў. Мы прызвычаіліся разглядаць тую ці іншую вайну ў маштабе міждзяржаўных сутычак. Чорны ж глядзіць па-іншаму: маўляў, вось беларусы, і мне цікава, што адбывалася менавіта з імі на фоне сусветных катаклізмаў.

Таксама пісьменнік працаваў над раманамі «Вялікі дзень» (1941−1944) і «Млечны Шлях» (1944).

«У нас няма ўласнага жыцця, мы ўсё аддаём дзяржаве. Мы аддалі дзяржаве свае душы і таленты»

Калі сям’я Кузьмы Чорнага ў 1944-м вярнулася ў Мінск, то ўбачыла на месцы дома толькі руіны. Два месяцы ён жыў у прахадным пакоі Саюза пісьменнікаў, потым далі невялікі пакой.

22 лістапада 1944 года Кузьма Чорны памёр ад другога інсульту. Яго жонка перажыла яго на чатыры дзесяцігоддзі і памерла ў 1987-м.

У дзень смерці пісьменнік пакінуў запіс у сваім дзённіку. Працытуем яго цалкам.

— Бадай што ўжо месяц, як у «кватэры», дадзенай мне Саўнаркомам. Але ж якраз як тая камера ў турме, дзе я сядзеў у 1938 годзе. Можна сказаць, што я ўжо дайшоў да апошняй мяжы. Бруд, цемень — вокны глядзяць у чорны трохкутнік з высозных муроў. Пісаць няма як і жыць няма як. А тут жа, па адным карыдоры, рамантуюць кватэру Рыжыкаву. Там светла і добра. Там Рыжыкаву можна будзе круціць патэфон і гуляць у «пульку».

У нас няма ўласнага жыцця, мы ўсё аддаём дзяржаве. Мы аддалі дзяржаве свае душы і таленты, але мы не Рыжыкавы. Я жыву як апошняе пакідзішча. І не таму, што мне хто зла хоча, а таму, што ў нас не еўрапейская дзяржава, дзе інтэлектуальныя асаблівасці чалавека робяць яго жыццё арганізаваным. А ў нас азіятчына. Падхалімства, хабарніцтва, чыноўніцтва, паклёпніцтва — за апошнія гады паднялося на вялікую вышыню.

Графіці з партрэтам пісьменніка на фасадзе жылога дома на вуліцы Кузьмы Чорнага, 31. Фота: t.me/minsk_new

Колькі нашай інтэлігенцыі без дай прычыны гніе ў турмах і на высылцы! У мяне ўжо няма 70% здароўя. Я гіну і не магу выкарыстаць як бы трэба было свой талент. Сілы мае трацяцца і марнуюцца без карысці. Доўгія гады мяне мучыла ГПУ-НКВД. А цяпер замест таго, каб рабіць тое, што мне трэба рабіць, я палю ў печы, цягаю ваду, змываю гаўно ў прыбіральні, краду дровы, дастаю з дошчак цвікі, мыю сваю парваную і вываленую адзежу. Тут вайна не да канца вінавата. Тут многа ад хамства.

Апарат НКГБ і тысячы чыноўнікаў займаюць увесь горад — яны ўмеюць і любяць рваць адзін аднаго і ўсіх за горла, а я гэтага не ўмею рабіць, дык не магу нават дастаць хоць тоненькі праменьчык дзённага святла ў акно і мучуся ў пограбе.

Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?

Каментары8

  • Савецкая Беларусь
    22.11.2024
    Ня блытайце мяне з Советской Белоруссіей, я зусім іншая рэч
  • Зенусь
    22.11.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Паслугач і
    22.11.2024
    Прапагандыст
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

СК апублікаваў відэазапіс падзення беспілотніка. На абломках паказалі ўкраінскія надпісы35

СК апублікаваў відэазапіс падзення беспілотніка. На абломках паказалі ўкраінскія надпісы

Усе навіны →
Усе навіны

«Фантастычная чацвёрка: Першыя крокі» — новы блакбастар з супергероямі і Педра Паскалем. Там згадваецца і Мінск3

Як змяніліся беларусы пасля 2020 года? Цікавае назіранне былога палітвязня6

Украінскія беспілотнікі атакавалі буйны чыгуначны вузел у Растоўскай вобласці2

«Дзеці растуць з адчуваннем, што быць беларусам пачэсна, як выпускніком Гарварда». У Батумі дзейнічае беларускамоўная школа — вось як гэта працуе8

Стральба ў хмарачосе на Манхэтане: забітыя чатыры чалавекі, стралок застрэліўся

Глутамат натрыю ізноў набірае папулярнасць. Магчыма, яно і някепска?6

Ціханоўская падпявала гімну Літвы14

Двухгадовае дзіця загрызла кобру да смерці8

Як дроны залятаюць з Беларусі ў Літву? У iSANS расказалі, што вядома1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

СК апублікаваў відэазапіс падзення беспілотніка. На абломках паказалі ўкраінскія надпісы35

СК апублікаваў відэазапіс падзення беспілотніка. На абломках паказалі ўкраінскія надпісы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць