Гэта гісторыя адной з найгалоўнейшых беларускіх арганізацый у Злучаных Штатах.
Заснаваны ў 1951 г. (дзейнічае і па сёння) як арганізацыя арганізацый, БККА напачатку аб’яднаў адно з крылаў эміграцыі: г.зн. тых, хто падтрымліваў платформу БЦР. Або нават так: тых, хто не падтрымліваў Міколы Абрамчыка і Рады БНР.
Потым да БККА далучыліся і арганізацыі іншага кірунку: Беларуска‑амерыканскі звяз Міколы Шчорса і Янкі Станкевіча, які дэманстратыўна адмежаваўся ад абодвух платформаў, Беларуска‑амерыканскае аб’яднанне ў Нью‑Ёрку (Кастусь Мерляк), якое вызнавала палітычную платформу БНР; беларускія парафіі, што трымаліся юрысдыкцыі канстанцінопальскага патрыярхату.
Праца БККА ішла ў некалькіх кірунках: інфармаванне пра беларускую праблему, удзел у працы антыкамуністычных амерыканскіх устаноў, арганізацыя нацыянальных асяродкаў.
Дзякуючы БККА беларусы былі ўключаныя ў Акт аб паняволеных народах, прыняты Кангрэсам ЗША ў 1959 г.
Вывешванне ад пачатку 1960‑х нацыянальнага сцяга ля мэрый амерыканскіх гарадоў і абвяшчэнне дня 25 Сакавіка Беларускім днём, было заслугай беларускіх арганізацый, у тым ліку і БККА.
У кнізе таксама асвятляецца гісторыя паваеннай эміграцыі ў ЗШАз закрананнем сацыяльных аспектаў, а таксама падрабязна разглядаецца палітычны раскол на беларускай эміграцыі канца 1940‑х.
Багата ілюстрацый і дакументаў.
Аўтар кнігі — Алег Гардзіенка — гісторык, даследчык гісторыі эміграцыі ды супрацоўнік «Нашай Нівы».
Прадмову да кнігі напісаў дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью‑Ёрку Вітаўт Кіпель. Сп. Кіпель і Янка Запруднік таксама выступілі навуковымі рэцэнзентамі кнігі.
* * *
Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі (БККА) / Алег Гардзіенка. — Смаленск, 2009. — 428 с., [12] c. іл. (БІНІМ, Бібліятэка Бацькаўшчыны; кн. 16).
Шукайце ў кнігарнях, прыватных распаўсюднікаў, на сядзібах БНФ і ТБМ.





