Літаратура

«Свінцовы час»: якім можа стаць грамадства, калі ў ім уводзіцца сістэма кантролю за людзьмі па кітайскім узоры

Што стане з Беларуссю, калі ў нас у краіне будзе наладжана сістэма кантролю за людзьмі па кітайскім узоры? Адна з найлепшых чэшскіх кніг апошніх гадоў — раман Радкі Дэнемарковай «Свінцовы гадзіннік» — акурат адказвае на пытанне, які ён, цяперашні Кітай, дзе кантроль над паводзінамі людзей татальны, і як лёгка ахвярамі гэтага могуць стаць еўрапейцы.

Фота medziknihami.dennikn.sk.

ХХІ стагоддзе ў Кітаі пачалося з Вялікага кітайскага фаервола — праекта для кантролю і цэнзуры інтэрнэту. Праз 10 гадоў сістэма пачала працаваць у поўную моц, знакам чаго стала блакаванне пошукавай сістэмы Google у Кітаі з 2010 года, піша выкладчык гісторыі ўніверсітэта Сэнт-Эндрус у Шатландыі Томаш Камусэля (Tomasz Kamusella).

У тым жа годзе пісьменнік Лю Сяабо атрымаў Нобелеўскую прэмію міру за сваю «доўгую і негвалтоўную барацьбу за правы чалавека ў Кітаі», што раз’юшыла кітайскі ўрад.

Нібы для раўнавагі ў 2012 годзе Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымаў лаяльны кітайскі пісьменнік Мо Янь.

У 2013 годзе прэзідэнтам Кітая становіцца Сі Цзіньпін, які распачынае ініцыятыву «Адзін пояс і адзін шлях». Праект, які злучае Афрыку, Азію, Еўропу і Лацінскую Амерыку з Кітаем, быццам бы мусіў паспрыяць развіццю гандлю і ўмацаванню міру, але некаторыя асцерагаюцца, што гэта прыкмета будучага глабальнага эканамічнага, палітычнага і ваеннага панавання Пекіна. У 2018 годзе Усекітайскі сход народных прадстаўнікоў дазваляе Сі Цзіньпіну займаць пасаду прэзідэнта пажыццёва.

Літаратура — выдатны сродак для цэласнага разумення і тлумачэння складаных сацыяльна-палітычных змен. Грэбаванне інтэлектуалаў і палітыкаў экзістэнцыйнай небяспекай, якую ўяўляе сабой кітайскі высокатэхналагічны таталітарызм для дэмакратыі і правоў чалавека ў Еўропе, абурыла чэшскую пісьменніцу Радку Дэнемаркову. Пасля шматразовага наведвання Кітая, у 2013 годзе пісьменніца распачала свой раман пра архіпелаг ГУЛАГ ХХІ стагоддзя з магутнай сеткай пастаяннага электроннага назірання і працоўнымі лагерамі, якія хаваюцца за Вялікай Сцяной спажывальніцтва.

Па словах Радкі Дэнемарковай, Пекін у сваім імкненні да «гарманічнага і стабільнага грамадства» спалучыў горшае ад камунізму і горшае ад капіталізму. Кіраванне Сі Цзіньпіна — гэта абмежаванне індывідуальных свабод у абмен на матэрыяльны дабрабыт, за які людзям даводзіцца плаціць лаяльнасцю таталітарнай сістэме.

Праз жыццё герояў рамана Дэнемаркова аналізуе, як сучасны кітайскі таталітарызм падманвае даверлівых еўрапейцаў, знішчае чалавека ў чалавеку і імкнецца распаўсюдзіць сваю сістэму на ўвесь свет. Як ні сумна для пісьменніка, для большасці заходніх эмігрантаў і палітыкаў грашовая выгода, якую гарантуе супрацоўніцтва з Кітаем і яго ўрадам, з’яўляецца дастатковай узнагародай. За гэта яны гатовыя адмовіцца ад дэмакратыі і асабістай свабоды. Раман апісвае, як для Еўропы надыходзіць час расплаты.

Радка Дэнемаркова вядомая сваім майстэрствам прозы. Да 2004 года пісьменніца працавала ў Інстытуце чэшскай літаратуры, дзе яна перакладала нямецкія творы. Радка Дэнемаркова стала адзінай чэшскай пісьменніцай, якая тройчы атрымала вышэйшую чэшскую літаратурную ўзнагароду Magnesia Litera.

Радка Дэнемаркова. Фота https://ru.wikipedia.org/

Пасля першапачатковага зачаравання сучасным Кітаем Дэнемаркова хутка заўважыла, як пад прыкрыццём афіцыйнай прапаганды пра гарманічнае грамадства Камуністычная партыя прымушае людзей сачыць адно за адным, каб выявіць «здраднікаў». «Здраднікі» ў кітайскім разуменні — тыя, хто асмельваюцца думаць інакш. Іх чакае суд у савецкім стылі, канцлагер або нават смяротнае пакаранне. Дэнемаркова шукала такіх дысідэнтаў у Кітаі, каб дапамагчы ім і даведацца больш пра гэтую дзяржаву. У сваім рамане «Свінцовы гадзіннік» пісьменніца прытрымліваецца гэтага маршруту адкрыццяў Кітая па-за межамі прыгожага для турыстаў вобразу краіны.

Персанажы рамана маюць імёны адпаведна з іх сацыяльным статусам або прафесіяй: Пісьменніца, Праграміст, Сябар, Дыпламат, Пасол. Дзеянне пачынаецца ў чэшскім пасольстве ў Пекіне. Тут афіцыйна працуе Маці-Кітаянка, насамрэч яна агентка кітайскай спецслужбы. Яна просіць Пісьменніцу пазаймацца з яе дачкой чэшскай мовай. Пісьменніца пагаджаецца, яны пачынаюць чытаць разам з дзяўчынай чэшскія кнігі, а дзяўчына ўсё перадае сваёй маці. Пісьменніца бачыць у сваёй вучаніцы прадукт таталітарнай сістэмы з прамытымі мазгамі і хоча паспрабаваць вывесці яе з гэтага стану. Яны пачынаюць абмяркоўваць творы Вацлава Гавела, што дае свае вынікі. Яна пачынае разважаць пра свабоду асобы і дэмакратыю, за што спачатку трапляе ў канцлагер, а пасля яе прыгаворваюць да смяротнага пакарання. Гісторыя гэтай кітайскай дзяўчыны становіцца цэнтрам шматсюжэтнага рамана.

Калі раман быў апублікаваны ў 2018 годзе, Дэнемаркова не ведала, што рэшткі ліберальнай дэмакратыі будуць знішчаныя ў Ганконгу за 2019—2020 гады.

«Свінцовы гадзіннік» — неабходная прышчэпка ад падманлівай прынады таталітарызму кітайскага ўзору.

Каментары

«Яна пагражала мне фізічна, нападала сэксуальна». Аляксандр Рыбак скардзіцца на сталкерку3

«Яна пагражала мне фізічна, нападала сэксуальна». Аляксандр Рыбак скардзіцца на сталкерку

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскія вайскоўцы засеклі мячом украінскага палоннага і знялі на відэа7

У Пецярбургу забілі палітактывіста Віталя Іофе11

Турыста з Санкт-Пецярбурга знайшлі мёртвым у возеры ў Глыбоцкім раёне. Цела пабачыла жонка1

У Расіі каліноўца Яна Дзюрбейку чамусьці абвесцілі ў вышук і сабраліся судзіць завочна. Хоць ён быў у іх у палоне1

У Беларусі хочуць скараціць нормы бяспошліннага ўвозу тавараў самалётам

Беларус, які абвясціў галадоўку ў Клайпедзе, выйшаў з бальніцы і працягвае акцыю пратэсту5

Ігар Сігоў: Падыходжу да Лукашэнкі і лаўлю сябе на тым, што хачу сагнуцца4

Айцішнік пасля 3+ гадоў у EPAM стаў афіцыянтам. Працу ў ІТ так і не знайшоў2

ГУР Украіны атакавала расійскую базу беспілотнікаў у Сірыі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Яна пагражала мне фізічна, нападала сэксуальна». Аляксандр Рыбак скардзіцца на сталкерку3

«Яна пагражала мне фізічна, нападала сэксуальна». Аляксандр Рыбак скардзіцца на сталкерку

Галоўнае
Усе навіны →