Літаратура

«Свінцовы час»: якім можа стаць грамадства, калі ў ім уводзіцца сістэма кантролю за людзьмі па кітайскім узоры

Што стане з Беларуссю, калі ў нас у краіне будзе наладжана сістэма кантролю за людзьмі па кітайскім узоры? Адна з найлепшых чэшскіх кніг апошніх гадоў — раман Радкі Дэнемарковай «Свінцовы гадзіннік» — акурат адказвае на пытанне, які ён, цяперашні Кітай, дзе кантроль над паводзінамі людзей татальны, і як лёгка ахвярамі гэтага могуць стаць еўрапейцы.

Фота medziknihami.dennikn.sk.

ХХІ стагоддзе ў Кітаі пачалося з Вялікага кітайскага фаервола — праекта для кантролю і цэнзуры інтэрнэту. Праз 10 гадоў сістэма пачала працаваць у поўную моц, знакам чаго стала блакаванне пошукавай сістэмы Google у Кітаі з 2010 года, піша выкладчык гісторыі ўніверсітэта Сэнт-Эндрус у Шатландыі Томаш Камусэля (Tomasz Kamusella).

У тым жа годзе пісьменнік Лю Сяабо атрымаў Нобелеўскую прэмію міру за сваю «доўгую і негвалтоўную барацьбу за правы чалавека ў Кітаі», што раз’юшыла кітайскі ўрад.

Нібы для раўнавагі ў 2012 годзе Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымаў лаяльны кітайскі пісьменнік Мо Янь.

У 2013 годзе прэзідэнтам Кітая становіцца Сі Цзіньпін, які распачынае ініцыятыву «Адзін пояс і адзін шлях». Праект, які злучае Афрыку, Азію, Еўропу і Лацінскую Амерыку з Кітаем, быццам бы мусіў паспрыяць развіццю гандлю і ўмацаванню міру, але некаторыя асцерагаюцца, што гэта прыкмета будучага глабальнага эканамічнага, палітычнага і ваеннага панавання Пекіна. У 2018 годзе Усекітайскі сход народных прадстаўнікоў дазваляе Сі Цзіньпіну займаць пасаду прэзідэнта пажыццёва.

Літаратура — выдатны сродак для цэласнага разумення і тлумачэння складаных сацыяльна-палітычных змен. Грэбаванне інтэлектуалаў і палітыкаў экзістэнцыйнай небяспекай, якую ўяўляе сабой кітайскі высокатэхналагічны таталітарызм для дэмакратыі і правоў чалавека ў Еўропе, абурыла чэшскую пісьменніцу Радку Дэнемаркову. Пасля шматразовага наведвання Кітая, у 2013 годзе пісьменніца распачала свой раман пра архіпелаг ГУЛАГ ХХІ стагоддзя з магутнай сеткай пастаяннага электроннага назірання і працоўнымі лагерамі, якія хаваюцца за Вялікай Сцяной спажывальніцтва.

Па словах Радкі Дэнемарковай, Пекін у сваім імкненні да «гарманічнага і стабільнага грамадства» спалучыў горшае ад камунізму і горшае ад капіталізму. Кіраванне Сі Цзіньпіна — гэта абмежаванне індывідуальных свабод у абмен на матэрыяльны дабрабыт, за які людзям даводзіцца плаціць лаяльнасцю таталітарнай сістэме.

Праз жыццё герояў рамана Дэнемаркова аналізуе, як сучасны кітайскі таталітарызм падманвае даверлівых еўрапейцаў, знішчае чалавека ў чалавеку і імкнецца распаўсюдзіць сваю сістэму на ўвесь свет. Як ні сумна для пісьменніка, для большасці заходніх эмігрантаў і палітыкаў грашовая выгода, якую гарантуе супрацоўніцтва з Кітаем і яго ўрадам, з’яўляецца дастатковай узнагародай. За гэта яны гатовыя адмовіцца ад дэмакратыі і асабістай свабоды. Раман апісвае, як для Еўропы надыходзіць час расплаты.

Радка Дэнемаркова вядомая сваім майстэрствам прозы. Да 2004 года пісьменніца працавала ў Інстытуце чэшскай літаратуры, дзе яна перакладала нямецкія творы. Радка Дэнемаркова стала адзінай чэшскай пісьменніцай, якая тройчы атрымала вышэйшую чэшскую літаратурную ўзнагароду Magnesia Litera.

Радка Дэнемаркова. Фота https://ru.wikipedia.org/

Пасля першапачатковага зачаравання сучасным Кітаем Дэнемаркова хутка заўважыла, як пад прыкрыццём афіцыйнай прапаганды пра гарманічнае грамадства Камуністычная партыя прымушае людзей сачыць адно за адным, каб выявіць «здраднікаў». «Здраднікі» ў кітайскім разуменні — тыя, хто асмельваюцца думаць інакш. Іх чакае суд у савецкім стылі, канцлагер або нават смяротнае пакаранне. Дэнемаркова шукала такіх дысідэнтаў у Кітаі, каб дапамагчы ім і даведацца больш пра гэтую дзяржаву. У сваім рамане «Свінцовы гадзіннік» пісьменніца прытрымліваецца гэтага маршруту адкрыццяў Кітая па-за межамі прыгожага для турыстаў вобразу краіны.

Персанажы рамана маюць імёны адпаведна з іх сацыяльным статусам або прафесіяй: Пісьменніца, Праграміст, Сябар, Дыпламат, Пасол. Дзеянне пачынаецца ў чэшскім пасольстве ў Пекіне. Тут афіцыйна працуе Маці-Кітаянка, насамрэч яна агентка кітайскай спецслужбы. Яна просіць Пісьменніцу пазаймацца з яе дачкой чэшскай мовай. Пісьменніца пагаджаецца, яны пачынаюць чытаць разам з дзяўчынай чэшскія кнігі, а дзяўчына ўсё перадае сваёй маці. Пісьменніца бачыць у сваёй вучаніцы прадукт таталітарнай сістэмы з прамытымі мазгамі і хоча паспрабаваць вывесці яе з гэтага стану. Яны пачынаюць абмяркоўваць творы Вацлава Гавела, што дае свае вынікі. Яна пачынае разважаць пра свабоду асобы і дэмакратыю, за што спачатку трапляе ў канцлагер, а пасля яе прыгаворваюць да смяротнага пакарання. Гісторыя гэтай кітайскай дзяўчыны становіцца цэнтрам шматсюжэтнага рамана.

Калі раман быў апублікаваны ў 2018 годзе, Дэнемаркова не ведала, што рэшткі ліберальнай дэмакратыі будуць знішчаныя ў Ганконгу за 2019—2020 гады.

«Свінцовы гадзіннік» — неабходная прышчэпка ад падманлівай прынады таталітарызму кітайскага ўзору.

Каментары

Цяпер чытаюць

У Мінску адбыліся масавыя затрыманні выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў15

У Мінску адбыліся масавыя затрыманні выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў

Усе навіны →
Усе навіны

Сёлета абяцаюць адкрыць пасля рэканструкцыі «карабель» — знакаміты корпус БНТУ1

«Марына з Міколам размаўлялі ўсю ноч». Сяброўка сям’і расказала, што адчувае ў сувязі з вызваленнем Міколы Статкевіча1

Трамп назваў ганьбай рашэнне «гэтых чортавых судоў»10

Еўракамісія звярнулася ў Белы дом па тлумачэнні, што цяпер будзе з гандлёвай дамовай пасля адмены трампаўскіх мытаў

Вярхоўны суд ЗША прыняў рашэнне аб адмене большасці тарыфаў, уведзеных Дональдам Трампам8

У іспанскай Валенсіі каля марской прыстані для яхт знайшлі кіта вагой 6,5 тоны2

Сваякі былога гендырэктара «Уралкалія» Баўмгертнера сцвярджаюць, што яго на Кіпры забілі3

«Блін беларускі, залятае ў рот не вузкі». Скандальны камісар Крываносаў зняўся ў дзіўнай рэкламе14

Нарвегія пабіла свой жа рэкорд па колькасці золата на зімовай Алімпіядзе

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску адбыліся масавыя затрыманні выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў15

У Мінску адбыліся масавыя затрыманні выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць