Міністр Латушка і ўпаўнаважаны Гуляка ўпершыню прысутнічалі на З’ездзе беларусаў свету. Удзел у ім прынялі 252 дэлегаты з 18 краінаў свету. Быў нават адзін дэлегат з Новай Зеландыі. Рэпартаж са з'езду.
Міністр Латушка і ўпаўнаважаны Гуляка ўпершыню прысутнічалі на З’ездзе беларусаў свету. Усяго ў V з’ездзе ўдзел узялі 252 дэлегаты з 18 краінаў свету. Не толькі з суседніх краін, але і з ЗША, Канады, Брытаніі. Нават з Новай Зеландыі! Найбольш было з Расіі — 44. З’езды — рэдкая магчымасць пабачыцца на роднай зямлі.Доўга «Бацькаўшчына» не магла знайсці памяшканне для з’езду, паўсюль сутыкалася з адмовамі. Кіраўнікі арганізацыі гатовыя былі зладзіць мерапрыемства ў Вільні. Толькі ў апошні момант залу атрымалі. І на здзіўленне, на форум прыйшло шмат прадстаўнікоў уладаў.
У Адукацыйным цэнтры ІВВ прысутнічаў новы міністр культуры Павел Латушка, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка, намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур.
Перад канферэнц-цэнтрам Павал Латушка міла размаўляў з айцом Аляксандрам Надсанам. Міністр жыва цікавіўся, як там справы ў дыяспары ў Вялікабрытаніі. Увогуле, Латушка быў адкрыты, не адмаўляўся ні ад якіх кантактаў. Ці гэта быў студэнт з Вільні, ці кіраўнік Партыі БНФ на Магілёўшчыне Рыгор Костусеў.
Падобныя мерапрыемствы заўсёды пачынаюцца з гімнаў. З’езд «Бацькаўшчыны» не стаў выключэннем.
Прагучаў не «Магутны Божа» і не цяперашні дзяржаўны, а мелодыя з старадаўняга «Полацкага сшытку». Такое вось кампраміснае рашэнне, у выніку якога ўсе засталіся задаволеныя.
Быў заслуханы аўдыёзварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы.
Пасля прамаўлялі Латушка і Гуляка. Гаварылі на добрай беларускай мове. Аднак, папраўдзе кажучы, абодва выступы аказаліся нуднымі. Абодва не ўклаліся ў адведзены для выступу час, спыніцца своечасова не змаглі, хоць увага залі не была ўжо на іх сканцэнтраваная.
Старшыня «Бацькаўшчыны» мастак Алесь Марачкін іранізаваў: маўляў, пасля такіх пазітыўных выступаў нават і прамаўляць ужо не хочацца. Марачкін прапанаваў вярнуць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай, а таксама закласці помнік у гонар 600-х угодкаў перамогі ў Грунвальдскай бітве.
Паводле гісторыка Наталлі Гардзіенкі, сёння за межамі Беларусі жыве ад 2,5 да 3,5 мільёнаў асобаў беларускага паходжання.
Янка Запруднік акрэсліў тыя праблемы, з якімі сутыкаецца сёння беларуская дыяспара ў ЗША. А Алег Рудакоў расказаў пра сітуацыю ў Іркуцку, дзе толькі афіцыйна налічваецца 50 тысяч нашых суайчыннікаў.
Потым троххвілінныя выступы мелі дэлегаты з’езду. Сонечнай атрымалася прамова прадстаўніка дыяспары ў Малдове Юрыя Статкевіча. Напрыканцы ён падарыў прэзідыуму зборнік вершаў малдаўскіх паэтаў, выдадзеных па-беларуску, а таксама вялікую пляшку віна. Цікава, што адразу за Статкевічам Юрыем слова ўзяў Юрка Станкевіч з Прагі, адзін з найстарэйшых удзельнікаў з’езду. Такое вось сугучча імёнаў.
Запомнілася таксама ахова памяшкання. Праз рослых хлопцаў не праскочыў бы і камар. Звярнуў увагу, як без лішніх словаў гэтыя хлопцы завярнулі пісьменніка Уладзіміра Арлова. «Тут выхад, а не ўваход. Заходзьце, дзе трэба». Парадак павінен быць ва ўсім.
Дарэчы, доўга гэтыя хлопцы не пускалі ў залу і былога міністра замежных справаў Пятра Краўчанку, пакуль не зарэгістраваўся. Я падышоў да Пятра Кузьміча з просьбай аб інтэрв’ю, але палітык адразу сказаў, што з прэсай не кантактуе. Так і не ўдалося пацвердзіць інфармацыю пра ягоны магчымы ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі.
Праца другога дня пачалася з пытанняў і адказаў: задавалі дэлегаты з’езду, адказвалі прадстаўнікі ўлады. Пыталіся ў Латушкі, ці не было б правільна зрабіць беларускую мову адзінай дзяржаўнай. Павел Паўлавіч зазначыў, што як грамадзянін ён гэта падтрымлівае, але як прадстаўнік уладаў не можа гаварыць так катэгарычна, бо прымусовае насаджэнне белмовы не прынясе жаданага выніку.
Не змог міністр адказаць толькі на пытанне адносна наданню бел-чырвона-беламу сцягу і гербу «Пагоня» вартасці гістарычнай каштоўнасці. Паабяцаў папрацаваць над гэтым пытаннем. Было дастаткова шмат непрыемных пытанняў, тым не менш Латушка глядзеўся годна.
У выступах большасць наракала на тое, што беларуская мова маргіналізуецца. Айцец Аляксандр Надсан адзначаў, што роднай гаворкі не пачуеш на вуліцах Мінску. Зінаіда Бандарэнка заклікала вярнуць мову на дзяржаўныя тэлеканалы, а старшыня ТБМ Алег Трусаў прапанаваў зрабіць 2010 год годам беларускай мовы.
Здаецца, гэта не вельмі падабалася Леаніду Гуляку. Пасля з’езду ён зазначыў, што хацеў бы чуць больш прапановаў адносна эканамічнага супрацоўніцтва. Упор на гэта рабілі і прадстаўнікі дзяржаўных тэлеканалаў.
Дарэчы, упершыню за доўгі час і ТВ, і агенцтва БЕЛТА аддалі асвятленню з’езду вялікае месца.
Неаднаразова са сцэны гучалі заклікі не палітызаваць мерапрыемства. Пра гэта казаў старшыня таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч. Аляксей Марачкін на гэта пярэчыў: «Так, мы не палітычная арганізацыя. Але хіба мы мусім маўчаць па пытанні палітвязняў, палітуцекачоў?».
Усе чакалі, ці прапануе Марачкін падтрымаць ініцыятыву Аляксандра Казуліна «Беларускі дом».Не, гэтага не здарылася. Казулін прысутнічаў на з’ездзе абодва дні. У першы з’явіўся ў суправаджэнні старшыні АГП Анатоля Лябедзькі.
Была ўхваленая прапанова зрабіць наступны год годам Ларысы Геніюш, чый стогадовы юбілей будзе адзначацца.
У выніку на пасаду старшыні «Бацькаўшчыны» на безальтэрнатыўнай аснове была вылучаная Алена Макоўская. Хведар Нюнька з Вільні зазначыў, што спн. Алена з’яўляецца не толькі добрым і руплівым работнікам, але і ўвасабляе ўсю прыгажосць беларусак. Супраць Макоўскай не галасаваў ніхто, толькі два чалавекі ўстрымаліся.
Галантны Уладзімір Арлоў адразу ж падарыў новай старшыні прыгожы бел-чырвона-белы букет. Такі самы букет атрымала і новая кіраўніца Рады «Бацькаўшчыны» Ніна Шыдлоўская. Сама Макоўская зазначыла, што для яе гэта вялікі гонар, і яна спадзяецца, што апраўдае выданы ёй крэдыт даверу.
Каментары