Пасьля допыту 19 траўня намесьнік начальніка сьледзтва Ленінскага РАУС Аляксандар Касьцевіч паведаміў, што лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Уладзімер Някляеў затрыманы як мінімум на трое сутак і будзе зьмешчаны ў турму на Акрэсьціна, паведамляе Радыё Свабода.

Уладзімір Някляеў затрыманы як падазроны па крымінальнай справе. Як паведаміла адвакат Мар’яна Сямешка, абвінавачанне яе падабароннаму пакуль не выстаўлена.

Паводле словаў жонкі пісьменніка Вольгі, ёй паведамілі, што вечарам мужа адвязуць у ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна, але паколькі няма канвою, да вечара Уладзімір Някляеў будзе заставацца ў Ленінскім РУУС.

***

Пасля 11-й пачаўся допыт Някляева ў Ленінскім РУУС. Нікога туды не пускаюць, у кабінеце толькі адвакат і дзве следчыя, жонка змагла перадаць мужу вады.

Застаецца таксама нявысветленым, як Някляева ўчора, 18 мая, з офіса грамадскай кампаніі «Гавары праўду» перавезлі вечарам дахаты рабіць ператрус. Праз галоўны ўваход пісьменніка не выводзілі, магчыма, выводзілі тайна праз падвал.

СМ

***

Някляева затрымалі ўначы ў аўторак пасьля ператрусу ў ягонай кватэры. Калі Някляева выводзілі, ён зьвярнуўся да сьледчых з пытаньнем чаму яго вязуць на допыт уначы, калі заканадаўства патрабуе рабіць гэта днём.

«Пад час ператрусу ўзялі два кампутары (адзін зь іх ‑‑ мой), флэшкі, дыскі (у тым ліку і з фільмам Дашука), старую «Народную волю, нататнікі, паперы, усё, што ляжала на пісьмовым стале, ‑‑ сказала жонка паэта Вольга. ‑‑ У пратаколе, які мне пакінулі, таксама пазначана, што ўзятая кніга «Леў Сапега — першы прэзыдэнт БНР». У нас раней зламаўся кампутар, і ўсе тэксты, якія Валодзя напісаў у апошнія сем гадоў, мы перагналі на флэшку. Валодзя прасіў іх, каб яны не сьціралі, каб усё захавалася. Яны адказалі, што яны толькі зьбіраюць, а глядзець будуць іншыя людзі. Я перадала яму ваду і крыху паесьці (ён ня еў увесь дзень, пакуль ішлі ператрусы). Дзяжурны міліцыянт сказаў, што пакінуць яго у РУУС да раніцы, а 9‑ай пачнецца допыт. А потым, напэўна, павязуць на Акрэсьціна».

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0