Сёньня кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» абнародавала папярэднюю справаздачу па выніках назіраньня за фармаваньнем участковых выбарчых камісій.

Агульныя высновы, што зрабілі праваабаронцы, наступныя:

Некаторыя пазытыўныя навацыі, якія зьявіліся ў выбарчым заканадаўстве ў студзені 2010 году, не зьмянілі сутнасьці працэсу фармаваньня камісій: татальны кантроль з боку выканкамаў, якія зьяўляюцца часткай уладнай «вэртыкалі».

З 84 084 прадстаўнікоў, вылучаных у склад 6 346 участковых выбарчых камісіяў палітычнымі партыямі, грамадзкімі аб’яднаньнямі, працоўнымі калектывамі, толькі 1 073 вылучаліся апазыцыйнымі палітычнымі партыямі.

Відавочна дыскрымінацыйнае стаўленьне выканкамаў да прадстаўнікоў ад апазыцыйных партый: з 1073 прадстаўнікоў ад гэтых партый у склад участковых выбаркамаў увайшлі толькі 183 чалавекі, або 17,1%. У той жа час сярэднестатыстычная «праходнасць» прадстаўнікоў у склад участковых выбаркамаў склала 84,3%; прадстаўнікоў ад ляяльных уладзе партый — 87,7%, а прадстаўнікоў ад чатырох найбуйнейшых праўрадавых грамадзкіх аб’яднаньняў і аднаго праўрадавага прафсаюзу — 93,2%.

У выніку прадстаўнікі апазыцыйных партый складаюць 0,25% ад агульнай колькасьці сяброў сфармаваных участковых выбарчых камісіяў і будуць прадстаўленыя менш чым у 3% участковых выбарчых камісіяў. Гэта пазбаўляе іх эфэктыўнай магчымасьці ўплываць на працу камісій і, адпаведна, на ключавы аспэкт выбараў — арганізацыю галасаваньня і падліку галасоў.

Паводле дадзеных кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», пададзена 77 скаргаў на рашэньні выканкамаў аб фармаваньні ўчастковых выбарчых камісіяў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?