«Такое абвінавачанне ні пры якіх умовах, ні за якія «паслабленні», «змякчэнні» ў прысудзе я не магу прызнаць і не прызнаю».
Такую заяву раніцай 25 красавіка ў Мінскі гарадскі суд падаў былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў.

Паколькі сам палітык знаходзіцца пад «пільным вокам» ахранкі з КДБ, раніцай гэта заяву ў Мінскі гарсуд адправіла ягоная жонка Вольга Някляева.

«З пракуратуры горада Мінска мне дасланы дакумент, у якім паведамляецца, што крымінальная справа № 11011110141, распачатая ў дачыненні да мяне па ч.1 арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь, накіраваная ў Мінскі гарадскі суд для вызначэння тэрытарыяльнай падсуднасці.

Следства па справе завершанае. Няма чаго хаваць у яго «таямніцах». У дадатку да дасланых дакументаў мне растлумачана, што ў адпаведнасці з арт. 266 КПК Рэспублікі Беларусь непасрэдна ў Мінскі гарадскі суд я павінен звяртацца цяпер са ўсякімі скаргамі і хадайніцтвамі, што я і раблю.

Абвінавачанне, выстаўленае мне па ч. 1 артыкула 342 «за падрыхтоўку групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», пагражае пазбаўленнем волі на тэрмін да 3 гадоў. У параўнанні з абвінавачаннем па ч.ч. 1, 2 артыкула 293, якое выстаўлялася мне раней, яно значна мякчэйшае. Максімальны тэрмін зняволення зменшаны ў пяць разоў — і можна было б сказаць «дзякуй за ласку», калі б у «Пастанове аб перадачы крымінальнай справы пракурору для накіравання ў суд» не сцвярджалася, што не толькі ў «групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» , а наогул у выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь браў я ўдзел «з мэтай… увядзення з боку дзяржаваў Еўрапейскага саюза, ЗША і Расійскай Федэрацыі эканамічных і палітычных санкцыяў».

Такое абвінавачанне ні пры якіх умовах, ні за якія «паслабленні», «змякчэнні» ў прысудзе я не магу прызнаць і не прызнаю.

Тут пераблытаныя прычыны са вынікамі. Названыя санкцыі (калі наогул можна назваць іх санкцыямі) уведзеныя зусім не з прычыны масавых беспарадкаў, якіх не было. Яны ўведзеныя з прычыны масавага збіцця мірных грамадзян падраздзяленнямі сілавых структур, а таксама з прычыны масавых арыштаў, да чаго я не маю ніякага дачынення. Не я загадваў збіваць людзей і не я загадваў іх арыштоўваць.

Мяне самога ледзь не забілі. За што?..

Нягледзячы на мае просьбы і патрабаванні маіх адвакатаў расследаваць спробу замаху на маё жыццё, здзейсненае 19 снежня 2010 у 19 гадзін 20 хвілін, калі я меў статус кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і гарантаваную законам недатыкальнасць, гэтага не зроблена. Ні ў крымінальнай справе № 10011110362, ні ў вылучанай з яго крымінальнай справе № 1101111014. Вінаватыя ў замаху не знойдзеныя, не пакараныя — і нішто не перашкаджае ім паўтарыць спробу. Тым самым парушаныя асноўныя, дадзеныя мне Канстытуцыяй, гарантыі дзяржавы на абарону майго жыцця, што змушае мяне выказацца па сутнасці абвінавачання.

Я браў удзел у прэзідэнцкіх выбарах не з мэтамі, прыдуманымі ў абвінавачанні, а з адной-адзінай мэтай: стаць прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Гэта не злачынства.

Для таго каб выбары былі дэмакратычнымі, свабоднымі і справядлівымі, я правёў напярэдадні іх грамадзянскую кампанію «Гавары праўду!», якой маральна і матэрыяльна дапамагала еўрапейская дэмакратычная супольнасць. Гэта таксама не злачынства. Як і ўсё астатняе, што інкрымінуецца мне ў цалкам надуманым абвінавачанні, у якім нават спроба замаху на маё жыццё ўяўляецца як сітуацыя, у выніку якой я сам сабе нанёс траўму. Але нават такія «фантазіі» — дробязь у параўнанні з агульнай канцэпцыяй абвінавачання, ад якой патыхае духам сталінскіх часоў, калі з беларускіх паэтаў ляпілі вобразы ворагаў беларускага народа, польска-нямецкіх шпіёнаў! Гэта наўпрост абражае мяне як чалавека, як паэта, які ўсё, што рабіў у жыцці, рабіў для Беларусі.

На жаль, дамагчыся дэмакратычных выбараў мы не змаглі. Як зафіксавана ў заявах альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты, пададзеных у ЦВК, а таксама ў заявах місіі кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ і ПА АБСЕ і доўгатэрміновай місіі па назіранні за выбарамі БДІПЧ АБСЕ, прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прайшлі і не вольна, і не справядліва. Былі сфальсіфікаваныя. Вось гэта — злачынства. Каб публічна заявіць аб ім, я, як адзін з кандыдатаў у прэзідэнты, заклікаў маіх прыхільнікаў на Кастрычніцкую плошчу горада Мінска, дзе традыцыйна, як яно было і ў 2001, і ў 2006 гадах, збіраюцца грамадзяне ў дзень выбараў. Права на свабоду мітынгаў, дэманстрацый і шэсцяў гарантаванае грамадзянам Рэспублікі Беларусь Канстытуцыяй — і яго нельга скасаваць пастановамі ведамстваў, а тым больш нельга забараніць скарыстацца гэтым канстытуцыйным правам у дні, вызначальныя для будучыні дзяржавы і народа.

Акрамя права, якое гарантуе мне Канстытуцыя, я абаронены ад пераследу за заклік на Плошчу артыкулам 36 КК Рэспублікі Беларусь. Мае дзеянні цалкам падпадаюць пад палажэнні гэтага артыкула.

Праз меншае парушэнне (адміністрацыйнае: удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве) я спрабаваў перадухіліць парушэнне большае (крымінальнае: прызнанне справядлівымі несправядлівых выбараў).
Разам з іншымі кандыдатамі ў прэзідэнты я збіраўся правесці мітынг, які б прыняў рэзалюцыю з непрызнаннем несправядлівых выбараў і патрабаваннем выбараў новых, справядлівых. У крымінальнай справе няма ніякіх доказаў, што я планаваў нешта іншае. Затое ёсць падмена паняцця «непрызнанне выбараў» паняццем «патрабаванне санкцый», што зусім не адно і тое ж. Гэта выкананне замовы ўлады судзіць сёння альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты не за тое, што было на Плошчы (пабітае шкло і спынены рух транспарту), а за тое, што ёсць у краіне (пабітая эканоміка і спынены рух грамадства).
Гэта спроба (асабліва відавочная на фоне выбуху ў метро) перакласці віну за пагаршэнне ўзроўню жыцця з улады на апазіцыю. У духу сталінскіх часоў — на ворагаў. На пяцьдзясят тысяч «адмарозкаў і адшчапенцаў», якія выйшлі на Плошчу.

Каб не было ніякай небяспекі для людзей, я публічна і пісьмова прасіў пасадзейнічаць у падтрыманні парадку на Плошчы міністра ўнутраных справаў і старшыню Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Але ніхто мяне, кандыдата ў прэзідэнты, і грамадзян, якія ішлі са мной, не абараніў нават у самым пачатку руху на Плошчу, калі на вуліцы Калектарнай на калону кампаніі «Гавары праўду!» напалі людзі ў форме без апазнавальных знакаў.

Чаму напалі?.. Гэта не толькі маё пытанне як пацярпелага, на якое я маю права патрабаваць адказу. Гэта ключавое пытанне для высвятлення таго, што насамрэч адбылося ў дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

На працягу ўсёй выбарчай кампаніі я паўтараў, як малітву, адно і тое ж: «Не можа быць у беларускім грамадстве непрымірымага супрацьстаяння! Як мы ўвайшлі ў сённяшнюю сітуацыю праз выбары — так праз выбары нам з яе і выходзіць». Такая пазіцыя і, як вынік яе, мірны сцэнар мітынгу на Плошчы кагосьці не задавальнялі. Ці не гэта прычына, з якой мяне «нейтралізавалі»? Калі гэта не так, то трэба даказаць, што не так. Калі прычыны іншыя, то неабходна высветліць: якія? Бо гэта сапраўднае, а не прыдуманае злачынства. Правакацыя, якая зрабілася «спускавым кручком», дэтанатарам выбуху гвалту на Плошчы, пра што ёсць сведчанні і ў матэрыялах крымінальнай справы. Да прыкладу, паказанні старшыні партыі «Справядлівы свет» С. І. Калякіна: «Большасць людзей, прыблізна дзве траціны з тых, хто прыйшоў на плошчу Незалежнасці, прыйшлі туды, таму што іх абурыла збіццё Уладзіміра Някляева». Як паказваюць сведкі, пасля гэтай правакацыі Плошча змянілася колькасна і якасна: стала больш шматлікай і больш актыўнай, менш кіраванай. Хіба не гэтага і дамагаліся арганізатары нападу на калону грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» на вуліцы Калектарнай?..

Калі правакацыя рыхтавалася загадзя і да яе датычныя сілы, здольныя арганізаваць спецгрупу, якая з ужываннем спецсродкаў «нейтралізуе» кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, то цяжка сцвярджаць, што я змог бы не дапусціць падзей, якія прывялі да відавочных негатыўных наступстваў, палітычных і эканамічных. Але я зрабіў бы ўсё, каб іх перадухіліць, і калі за нешта і можна мяне судзіць, то хіба што за тое, што не дайшоў да Плошчы. Толькі ў такім выпадку павінныя паўстаць перад судом і тыя, хто не даў мне да Плошчы дайсці.

Усе мы перш за ўсё грамадзяне нашай краіны, а потым ужо паэты ці прэзідэнты, суддзі або падсудныя. Усе мы разумеем: тыя, хто 19 снежня прыйшоў на Плошчу, каб выказаць сваю нязгоду з несправядлівасцю і несвабодай, — ніякія не злачынцы, а найлепшыя сыны і дочкі Беларусі, якія праявілі сваю грамадзянскую мужнасць. Нашчадкі яшчэ скажуць ім дзякуй за гэта.

Найбліжэйшымі днямі спіс несправядліва зняволеных можа папоўніцца новымі, не вінаватымі ні ў якіх злачынствах, людзьмі:
Зміцер Бандарэнка, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч і іншыя… Ужо ўсе разумеюць, што канвеер пераследу трэба было б спыніць. Каб перасталі круціцца яго шасцярэнькі, трэба адключыць энергію зла і нянавісці, якая раптам выбухнула з не меншай сілай, чым бомба ў метро на станцыі «Кастрычніцкая». Тым, хто канвеер запусціў і хто на ім завіхаецца, спыніць яго складана. Патрэбны нехта, хто б падышоў і сказаў: «Глядзіце, нічога складанага! Вось жа рубільнік!..» І адключыў бы. Зрабіць гэта мог бы якраз суд. Мінскі. Гарадскі. Спадзяюся, у суддзяў хопіць на гэта грамадзянскай мужнасці.

Прашу Мінскі гарадскі суд прызнаць заведзеную ў дачыненні да мяне крымінальную справу палітычна матываванай і спыніць яе праз адсутнасць у маіх дзеяннях, як і ў дзеяннях іншых кандыдатаў у прэзідэнты і ўсіх удзельнікаў Плошчы, якія падвергліся крымінальнаму пераследу, складу злачынства. Толькі такое рашэнне можа прывесці нас да згоды і паміж сабой, і з нашымі суседзямі.

Урэшце так яно і будзе. Я проста прапаную не траціць часу.

Уладзімір Някляеў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?