З’езд Саюза пісьменнікаў Беларусі пачынае сваю работу ў Мінску. Паэт, пісьменнік, палітык, але член іншага пісьменніцкага саюза Уладзімір Някляеў праз газету «Народная Воля» даслаў калегам з іншага палітычнага лагера сваё прывітальнае слова.

За савецкім часам асноўнай матывацыяй для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў Беларусі былі (для графаманскай большасці) выгоды, якія давала сяброўства ў гэтай арганізацыі. Уступіў — і няхай сабе ніхто разабрацца не можа, літаратар ты ці аcенізатар, але аўтаматычна ты ў асобнай (не ў той, у якой усе!) чарзе па кватэру, лецішча, машыну, прэмію… І чарга абавязкова дойдзе — трэба толькі выстаяць, капыты не адкінуць да прэміі.

Сёння такой халявы няма. Дык па якой прычыне шчэмяцца ў новы Саюз пісьменнікаў Беларусі і жук, і жаба?..

Матывацыю назваў генерал Чаргінец.
Аказваецца, для таго, каб іх кнігі прачытаў Лукашэнка. «Перадайце прэзідэнту, няхай пачытае». І ўсё, нічога большага ім не трэба. Як толькі дажывуць да такога шчасця — могуць капыты адкідваць.

Змушаны засмуціць тых, хто спеліць такую надзею ў трапятой творчай душы. З уласнага досьведу колішняга старшыні Саюза пісьменнікаў кажу вам:

Лукашэнка кніг не чытае. І не толькі на той мове, на якой пісаў Быкаў, і на якой, паводле слоў кіраўніка беларускай краіны, нельга выказаць нічога вялікага. Лукашэнка не чытае кніг і на той мове, на якой піша спадар Чаргінец.
Як вынікае з нядаўняга інтэрв’ю Лукашэнкі расійскім журналістам, да кнігі ён мае гэткі піетэт, як да святыні. Таму, пэўна, і не бярэ ў рукі, каб не апаганіць.

Я не супраць таго, калі так ужо сталася, каб у Беларусі былі дзве пісьменніцкія суполкі. Няхай іх будзе хоць дваццаць. І нават больш, калі ў іх будуць захоўвацца традыцыі нацыянальнай літаратуры, якая й запачаткавала беларушчыну і саму Беларусь. І годна адстойвала беларускае, прайшоўшы праз рэпрэсіі, праз ахвяры. Калі гэта захавалася, калі ёсць і ў нас, тады мы не дарэмныя. Не выпадковыя ў нашым часе. Калі ж гэтага няма, дык навошта тады мы — беларускія літаратары? Хоць разам, хоць паасобку…

Вось вы мне кажыце: так, мы супрацоўнічаем з уладай, але ж праз тое утрымліваем беларускія часопісы, газеты, выдаём беларускія кнігі.
Чаму ж вы газету «Раніца» не ўтрымалі?.. Не таму, што крызіс, і некага ўратуюць з’эканомленыя на адзінай беларускамоўнай газеце для дзяцей капейкі, а таму што гэтай ўладзе на ўсё беларускае напляваць! І на вас таксама, як на беларускіх пісьменнікаў, хоць вы ёй і служыце! Яна вас падкармлівае, бо вы ёй патрэбныя толькі як паслухмянцы, як згоднікі. Якіх хутка ўжо не толькі Лукашэнка, а ніхто ўвогуле чытаць не стане не па прычыне адсутнасці беларускіх кніг, а па прычыне адсутнасці беларускіх чытачоў. Вунь ва ўсім Гродне ніводнага паўнавартаснага беларускамоўнага першага класа сабраць не змаглі!..
Маё пытанне не да літаратурных ашавуркаў, а да тых, хто насамрач мае дачыненне да літаратуры: у такой сітуацыі вы згодныя служыць і маўчаць?
Згодныя з тым, што Чаргінец ужо ўслаўляецца як Дастаеўскі, а ў нас дагэтуль няма вуліцы з іменем Васіля Быкава? Хоць кампанія, праведеная за тое, каб такая вуліца з’явілася, толькі ў Мінску сабрала больш за 130 тысяч подпісаў! Дык калі Чаргінец паўсюль хваліцца, што сябраваў з Быкавым, чаму б яму не падпісацца сто трыццаць тысяч першым і не пайсці да Лукашэнкі з гэтымі падпіснымі лістамі, каб той іх прачытаў?..
Таму што Чаргінцу, як і Лукашэнку, на ўсё беларускае таксама напляваць.

Не хачу лезці ў вашыя справы, але слухайце: памяняйце вы старшыню. У ганаровыя яго перавядзіце, каб не надта ўскрыўдаваў.

Ну як старшынём Саюза пісьменнікаў Беларусі можа быць чалавек, які не ведае беларускай мовы?
Гэта ж нонсэнс. Нават рускія з гэтага, мякка кажучы, здзіўляюцца. Гэта прыкметы вар’ятні, у якой мы ўсе жывём. У яе лёгка было ўвайсці — цяжэй выйсці. Але трэба выходзіць, пакуль мы ўсе не скрэнціліся…

Часы змяніліся. Няхай літаратары сёння — не тыя валадары дум, якімі былі ўчора. Нас нібыта і не стала ў нашым грамадстве, нас нібы «адмянілі» ў ім. Замянілі на папсавікоў. На хакеістаў. Але ніхто не можа адмяніць нас у нашым прызначэнні. Яно ўсім і заўсёды было зразумелым, а сёння, калі ў Беларусі вынішчаецца ўсё беларускае, яно, нашае прызначэнне, проста відавочнае. І калі размова на вашым з’едзе пойдзе пра гэта, то жадаю вам поспехаў!

Уладзімір Някляеў, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру