У сувязі са складанымі ўмовамі надвор’я для арганізацыі бяспекі дарожнага руху ў Мінску, на тэрыторыі Віцебскай, Мінскай абласцей і ў трох раёнах Брэсцкай вобласці (Столінскі, Пінскі і Баранавіцкі) уведзены план «Надвор’е».
Аб гэтым паведамілі ва ўпраўленні Дзяржаўтаінспекцыі МУС.

У выхадныя Дзяржаўтаінспекцыя арыентавана на аказанне дапамогі ўдзельнікам дарожнага руху ў складаных умовах надвор’я, суправаджэнне снегаўборачнай тэхнікі і спыненне грубых парушэнняў ПДР.

Па краіне захаваюцца складаныя ўмовы надвор’я — снег, галалёдзіца, на дарогах перамёты, перапады тэмпературы. Усім удзельнікам дарожнага руху неабходна быць гатовымі да раптоўнага ўтварэння галалёдзіцы.

ДАІ рэкамендуе аўтаўладальнікам па магчымасці ўстрымацца ад паездак на асабістым транспарце, асабліва на далёкія адлегласці.
Найперш гэта адносіцца да маладых вадзіцеляў і тых, хто не ўстанавіў зімнія шыны на свой аўтамабіль. Калі ўсё ж давялося адправіцца ў дарогу, неабходна выбіраць бяспечную хуткасць руху (часам яна можа не перавышаць 20 км у гадзіну), з улікам стану праезнай часткі і бачнасці, павялічыць дыстанцыю, пазбягаць любых рэзкіх рухаў і манеўраў, не забываць прышпільвацца.

За мінулыя суткі на дарогах краіны зарэгістравана 526 ДТЗ з матэрыяльным уронам. Учынена 18 ДТЗ, у якіх адзін чалавек загінуў і 19 атрымалі раненні. За кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення затрыманы 74 вадзіцелі.

У Віцебску на вуліцы Ленінградскай у раёне прыпынку грамадскага транспарту «Давыдаўка» у 12.10 42-гадовая жыхарка вёскі Лужасна, кіруючы аўтамашынай «Опель», каб не наехаць на сабаку, які выбег на праезную частку, не справілася з кіраваннем, з’ехала ў правы кювет і ўрэзалася ў дрэва. У выніку ДТЗ вадзіцель ад атрыманых траўм памерла на месцы здарэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?