Георгій Валкавыцкі (справа) з карэспандэнтам «НН».

Фота: Міра Лукша

Беластоцкаму тыднёвіку «Ніва» сёньня спаўняецца 50 гадоў. «Мы арыентаваліся на пазытывістычную «Нашу Ніву», кажа Георгі Валкавыцкі, першы рэдактар выданьня.

Георгі Валкавыцкі: У 1955 г. мне даручылі стварыць праект Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ды праект газэты. Тады я яшчэ нічога ня ведаў, нічога ня ўмеў. Але выбару не было. Я адразу запатрабаваў, каб далі сьпісы гмінаў, дзе жылі беларусы. Такіх аказалася 150 тыс., з пазнакай па кожнай вёсцы. Таму арыентаваліся на беластоцкую вёску: увесь Гайнаўскі павет, палову Бельскага, Беластоцкага. Сакольскі павет хоць цалкам беларускамоўны, але палова насельніцтва — каталікі і ўжо сябе лічылі «палякамі». Таму на Сакольшчыне амаль ня мелі чытачоў. Чыталі нас там адзінкі, беларусы яшчэ перадваеннага гарту.

«Наша Ніва»: Не абвінавачвалі вас, што палякаў у беларусаў перарабляеце?

ГВ: У нас якраз тады была адліга, і Варшава ўзяла курс на падтрымку рэгіянальных рухаў. А потым у «Трыбуне люду» зьявіўся артыкул пра беларусаў. Маўляў, цяжка ім, ніхто ня дбае пра іх культуру, што іх трэба падтрымаць.

«НН»: Якое выданьне было для вас прыкладам?

ГВ: Я арыентаваўся на пазытывістычную «Нашу Ніву», хоць на той час яе ня бачыў. Але ведаў з гісторыі, што гэта за газэта, які напрамак.

«НН»: Які быў найбольшы тыраж «Нівы»?

ГВ: 8,5 тыс. у 1960—1970-х, хоць стартавалі мы з 10 тыс. У 1970-х у Гарадзенскай вобласьці мелі 500 падпісчыкаў. У Гайнаўскім павеце былі на першым месцы па падпісцы. Партыйныя інспэктары ганялі ўсіх: на першым месцы павінна быць партыйная прэса! Быў пэрыяд, калі нам закрылі доступ у БССР, бо палічылі «бебурнацамі». Быў час, што ў Магадан газэта даходзіла, а ў Беларусь — не. Паэт, што хаваўся пад псэўданімам «Шэршань», якраз і пісаў нам з Магадану. У вайну ён друкаваўся ў акупацыйнай беластоцкай «Новай дарозе».

«НН»: Ці моцна кантралявалі вас камуністы?

ГВ: Мы не былі пад наглядам, бо нас выдавала партыйнае выдавецтва. Канечне, сачылі. У 1967-м Гамулка (у 1956—1970-х — першы сакратар ЦК ПАРП. — «НН») казаў, што павінна быць адна айчына. Тады шмат габрэяў павыяжджала. Таксама былі ўведзены наглядчыкі за нацыянальнымі таварыствам. Толькі потым я даведаўся, што і за мной ходзяць.

«НН»: Цяперашнія часы для беларусаў Польшчы лепшыя ці горшыя?

ГВ: Тады не было такога кантролю, як цяпер, калі пракуратура ўжо пару гадоў цягне судовую справу праграмнай рады тыднёвіка. Дый не было за што кантраляваць, бо ўсё было пад партыяй.

Ад Рэдакцыі. Шчыра віншуем братоў з Падляшша з 50-годзьдзем «Нівы». Многая лета!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?