Рэжысёр Сяргей Лазніца распавёў «Белсату» дэталі пра экранізацыю аповесці Васіля Быкава, якую прэзентуе ў Каннах.

На еўрапейскім фестывалі нумар адзін беларуская стужка «У тумане» пазмагаецца з гангстарскаю драмаю «Крадзеж у казіно» з Брэдам Пітам у галоўнай ролі, а таксама фільмам Уэса Эндэрсана «Каралеўства поўні».

Праца Сяргея Лазніцы будзе паказана ў асноўным конкурсе Канскага кінафестывалю. «Дзеянне адбываецца на тэрыторыі акупаванай немцамі Беларусі ў 1942 годзе. Мяне цікавіць гэты час, гэтае месца, гэтыя людзі. Такіх, як герой аповесці Быкава (на мой погляд, незаслужана забытай і недачытанай), амаль не захавалася», — тлумачыць рэжысёр.

Галоўны герой аповесці ды фільму — пуцявы абходчык Сушчэня, ягоную ролю выканаў беларус Уладзімір Свірскі. Партызаны едуць забіваць абходчыка за супрацу з немцамі. І давесці, што той не калабарант, — немагчыма.

Рэжысёр нарадзіўся ў Баранавічах, куды шмат разоў прыязджаў наведаць бабулю. Потым жыў ва Украіне, Расеі, цяпер – у Нямеччыне. Ён не звязвае сябе з нейкаю канкрэтнаю краінаю. Самае галоўнае — добрыя ўмовы для працы. Ствараць у Менску і Кіеве яму перашкаджае цяжкое паветра. «Нейкі бруд, завісь ёсць, проста фізічна», — тлумачыць ён.

Манера сучаснага кіно вызначаецца дакументальнасцю. Манументальнае апавяданне патрабуе такіх жа здымкаў. «Камера грунтоўная, – дадае суразмоўца. — На здымках выкарыстоўваліся кран, штатыў, рэйкі, але ёсць у тым ліку і ручная камера».

Галоўнага героя Лазніца не ацэньвае: «Сітуацыя пазбаўляе яго выбару. Ягонае рашэнне — не выйсце з сітуацыі, а мажлівасць выратаваць сябе. Што стварае такую сітуацыю — вось што мяне цікавіць». У яе можа трапіць кожны, падкрэслівае рэжысёр, і прызнаецца: калісьці такое давялося перажыць і самому. І тут жа дадае: «Гэта не абавязкова заканчваецца такім выйсцем, якое ёсць у аповесці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?