Адразу пасля захопу немцамі Заходняй Беларусі ў 1941 годзе пачалося паляванне на беларускіх габрэяў. Нямногім удалося ўцячы. Немцы амаль адразу пачалі ствараць гета і праводзіць масавыя экзэкуцыі. Адзінымі, на чыю дапамогу маглі спадзявацца габрэі — было мясцовае насельніцтва. Тысячы беларусаў, рызыкуючы жыццём, ратавалі сваіх былых суседзяў.

Унікальнай была гісторыя беларускага селяніна з-пад Наваградка Косціка Казлоўскага.
Ён дапамагаў габрэям усю вайну і выратаваў ад Халакосту больш за 500 чалавек.

За сталом пры гарэлцы сядзяць двое мужчын. Побач незадаволена завіхаецца жанчына. Гаспадар дае госцю пісталет і чатыры патроны. Мужчыны выпіваюць па чарцы за нябожчыкаў. Раптам з-за вакна ў хату залятаюць промні святла, чуваць гук машыны. Да гаспадара ў пошуках габрэяў прыязджаюць паліцаі. «Марш у хлеў» — загадвае ён госцю. Той бяжыць да прыбудоў і залазіць па драбіне на вышкі. Там ужо хаваюцца каля дзясятка чалавек. Гэта ўцекачы з наваградскага гета. Пакуль гаспадар гамоніць з паліцаямі, яны, стаіўшы дыханне, чакаюць. Калі паліцыя ад’язджае, мужчына з групай габрэяў сыходзяць у лес. Праз пару дзён гаспадара вешаюць немцы і прымацоўваюць да цела шыльду: «Аматар жыдоў». Гэта сцэны з нашумелага галівудскага фільма «Выклік» з Даніэлам Крэйгам у галоўнай ролі.

Гаспадар — беларускі селянін Косцік Казлоўскі, які жыве на хутары ля вёскі Макрэц пад Наваградкам. Ягоны госць — Тувія Бельскі, кіраўнік габрэйскага партызанскага атрада, заснавальнік ляснога лагеру «Ерусалім» ў Налібоцкай пушчы.

Смерць Казлоўскага — гэта мастацкая фікцыя. Насамрэч ён пражыў амаль 100 гадоў.
Аднак яшчэ большай рэжысёрскай выдумкай з’яўляецца прадстаўленне яго героем другога плана.
Рэальны Косцік Казлоўскі ратаваў габрэяў 3 гады — ад прыходу нацыстаў і ажно да іх уцёкаў з Беларусі.

Нарадзіўся Косцік Казлоўскі ў 1886 годзе на хутары Макрэц ля Наваградка. Бацька Рыгор працаваў на млыне ў пана Мэрца. Сям’я Казлоўскіх была небагатая, мела ўсяго 1,5 гектара зямлі. З братамі Бельскімі малы Кастусь сябраваў з дзяцінства. Яны былі суседзямі. Родная вёска Бельскіх, Станкевічы, знаходзілася ўсяго за кіламетр ад хаты Казлоўскіх. Ад малога Косцік умеў размаўляць на ідыш. Яшчэ дзіцем бацькі аддалі яго на навуку да мясцовага габрэя-шаўца. Ад яго Косцік і навучыўся свабодна размаўляць на мове суседзяў-габрэяў.

На жыццё Казлоўскія зараблялі дробным гандлем. Косцік ездзіў на кані па навакольных вёсках, прадаваў і скупляў тавар. Быў вядомым у наваколлі самагоншчыкам. Смак яго «сівухі» ведалі і савецкія партызаны, і габрэі з атраду Бельскага, і мясцовыя паліцаі.

Косціка ведалі ўсе, а ён, дзякуючы гэтаму, ведаў пра ўсё, што адбывалася навокал.

Першая жонка Косціка памерла падчас родаў у 1938 годзе.

Ён сам гадаваў пецярых дзяцей.
Суседзі яго амаль не заўважалі. Казлоўскі займаўся сваёй справай, жыў на водшыбе, непадалёк ад шашы Наваградак — Ліда. З дарогі яго хутар быў нябачны, вяскоўцы не ведалі, чым займаецца іх сусед. Дый характар у яго быў такі, што не любіў быць у цэнтры ўвагі, быў негаваркі і сціплы.

Увосень 1941 года, калі немцы пачалі арганізоўваць у Наваградку гета, нямногім удалося збегчы ад немцаў. Сярод шчасліўцаў быў Тувія Бельскі з жонкай і братамі. Жонка Бельскага, дарэчы, стала першай, каго Казлоўскі хаваў на сваім хутары.

Улетку нацысты праводзяць другую буйнамаштабную акцыю па ліквідацыі габрэяў у Наваградку. Гіне каля 5 тысяч чалавек.

Тувія Бельскі просіць Косціка, каб той пайшоў у гета і перадаў яго стрыечнаму брату Іегуду ліст.
У ім Тувія просіць далучацца да габрэйскага партызанскага атрада ў пушчы. Іехуда збіраўся ўцякаць і раней, але яго напалохалі чуткі аб тым, што савецкія партызаны забілі некалькі ўцекачоў з гета, прыняўшы іх за нямецкіх шпіёнаў. Атрымаўшы ліст ад брата, Іехуда доўга не думае. Разам з ім уцякае 7 чалавек.

Яны не адразу знаходзяць хутар Казлоўскага, блукаюць па лесе. 11-кіламетровы шлях ад Наваградка заняў ім усю ноч. Першым у хату ідзе Іегуда. Прывітаўшы стомленага прышэльца, Косцік кажа хлопцу, што той толькі што размінуўся з Тувіям. «Але на хвалюйся — кажа Косцік — яны часта прыходзяць. Неўзабаве вернуцца». У лесе хаваецца рэшта групы. Косцік перадае ім малако і хлеб, рыхтуе начлег: яму з-пад картоплі пры самым лесе. Прыкрыўшы яму драўлянай дошкай, Косцік засыпае яе зверху саломай і смеццем.

Гэтая бульбяная яма выратуе яшчэ не адно жыццё.
Ранкам Косцік корміць уцекачоў сняданкам: хлебам, кілбасой, налівае па чарцы самагонкі. На раніцу на хутары з’яўляецца Тувія і забірае шчасліўцаў у глыб пушчы.

Праз некалькі дзён людзі з групы Іегуды выпраўляюцца ў Наваградак, каб забраць з гета ў лес сваіх сяброў. Сярод вязняў ужо ходзяць чуткі пра лясны атрад братоў Бельскіх і перавалачны пункт у Казлоўскага ля лідскай шашы. Са жніўня да верасня з гета ўцякае ўсё больш і больш людзей. Ладная частка з іх спыняецца ў доме Казлоўскага. Некаторыя ж ідуць наўпрост у лес, бо не давяраюць нікому. Кагосьці да Косціка прыводзяць знаёмыя. Але пра ратаўніка габрэяў у ваколіцы ведаюць адзінкі.

Айк Бэрнштэйн з двума сябрамі трапляе на хутар Казлоўскага выпадкова. Блукаўшы па лесе ўсю ноч, яны выходзяць у Макрэц.

Косцік слухае іх гісторыю і з усмешкай кажа: «Ну вы хлопцы і шчаслівыя. Будзеце жыць».
Гаспадар размяшчае гасцей у пуні. Там яны адпачываюць пасля начных прыгодаў. Ранкам Косцік рыхтуе гасцям лазню і бялізну. Каб падсілкавацца — бульба з хлебам. Праз чатыры дні партызаны Бельскага забіраюць небарак у лес.
Калі ў «Ерусаліме» трэ былі лекі, Казлоўскі ішоў у Наваградак і здабываў іх. Па дарозе ён заходзіў у гета і перадаваў вязням лісты ад Тувіі.
Чарговымі адрасатамі сталі 20-гадовая Рая Каплінская і яе 11 сяброў. Яны ўцякалі праз дзірку ў плоце, але немцы іх заўважылі і адкрылі агонь. Уцекачы цудам ацалелі. Праз пару гадзін яны трапляюць на хутар Косціка, а ранкам Арон Бельскі забірае іх у лес.

Два сховішчы Косцік падрыхтаваў і ў хаце — гэта паддашша і яма пад падлогай у кухні. На гарышчы змяшчалася 8 чалавек. У яме пад кухняй — трое. Абодва сховішчы выкарыстоўваліся толькі ў выключных выпадках. Калі на двары з’яўляліся паліцаі, то Косцік не рызыкаваў і не выпраўляў габрэяў у лес. У самы крытычны момант яны хаваліся ў хаце.

Тым часам мясцовае насельніцтва пачынае скардзіцца партызанам, што габрэі забіраюць у іх апошнія прадукты. Саветы лютуюць. Адзін з партызанскіх камандзіраў Віктар Панчанкаў прымае рашэнне знішчыць лагер Бельскіх і пакараць смерцю ўсіх без выключэння габрэйскіх партызанаў. Пра гэта дазнаецца Косцік і перадае Тувіі. Дзякуючы Казлоўскаму адбываецца сустрэча паміж Панчанкам і Бельскім. Ім удаецца дамовіцца не пераступаць адзін аднаму дарогу. Панчанкаў даруе габрэям жыццё.

Узімку 1942 году ваколіца замірае ў жаху. Немцы забіваюць сям’ю Баброўскіх. Жонка з мужам, як і Косцік, хавалі ў сябе ўцекачоў з гета. Баброўскіх расстрэлялі, хату падпалілі, а шасцярых дзяцей адправілі ў канцлагер у Нямеччыну.

Падобны лёс чакае і брата Косціка.

Іван Казлоўскі працаваў паліцаем у Наваградку. Але сваю пасаду ён выкарыстоўвае для таго, каб дапамагаць габрэям арганізоўваць ўцёкі, здабываць для Бельскіх зброю і збіраць неабходную інфармацыю.
Дзякуючы яму Косцік ведаў усё, што адбываецца ў гета і якія планы ёсць у немцаў. У апошнія дні жыцця Іван быццам адчуваў, што смерць можа стаць рэальнасцю. Ён гадзінамі сядзіць у братавай хаце і глядзеў у пустэчу. Іван прадчуваў, што начальства ведае пра яго ролю, але ён не ратаваў сябе, а працягваў дапамагаць габрэям і партызанам.
Немцы яму не даравалі. Івана застрэлілі і спалілі ў адрыне ля лідскай шашы.

Ані забойства Баброўскіх, ані трагедыя з братам не спыняюць Косціка. Ён працягвае дапамагаць габрэям і робіцца гэта яшчэ больш адважна. Калі Тувія некалькі дзён не прыходзіць за новымі ўцекачамі з гета, Косцік заводзіць іх у пушчу сам.

4 лютага немцы прымаюць рашэнне ліквідаваць гета ў Наваградку. Чатары сотні габрэяў перавозяць у Літоўку, расстрэльваюць і засыпаюць у яме.

Падазрэнні пра дзейнасць Косціка ўсё ж даходзяць да немцаў. Адным веснавым ранкам на хутары з’яўляюцца паліцаі.
Самога 57-гадовага гаспадара няма. Затое ёсць ягоныя дзеці. Ім удаецца схавацца. Паліцаі забягаюць у хату і пачынаюць страляць без разбору, спрабуючы куляй знайсці Косціка. Залазяць на паддашша і пачынаюць каламі шукаць у сене жывое. Толькі цудам яны абмінаюць трох габрэйскіх дзяцей, якія там хаваліся, накрытыя сенам. Так і не знайшоўшы ані «жыдоў», ані Косціка, паліцаі паляць пуні. Дачка Таіса паспявае ўцячы да дзядзькі, які жыве побач. Дзяўчынка хаваецца пад ложкам стрыечнай сястры. У гэты час паліцаі пачынаюць допыт малодшага сына Косціка. Хлопец маўчыць. Яго кладуць на лаўку і лупцуюць шампаламі. Сын, так і не раскрыўшы, дзе бацька, губляе прытомнасць. Паліцаі ідуць у хату брата. Адзін з іх заглядае пад ложка і выцягвае Таісу.
«Дык вось дзе ты, жыдзянё» — цягнучы за валасы малую, крычыць паліцай. Гаспадары бажацца, што малая іхная, Казлоўская.
Адзін паліцай супакойвае другога: «Гэта ж дзіця! Што, у цябе сваіх няма? не чапай яе». Малодшага Косціка кідаюць на дарозе непадалёк ад вёскі. Хлопцу пашанцавала, яго знайшлі сябры і прынеслі дадому. Некалькі наступных месяцаў Кастусь вяртаўся да здароўя.
Пасля гэтага выпадку Казлоўскія перабіраюцца ў лес і жывуць разам з тымі, каго яшчэ нядаўна самі ратавалі ад смерці.

З лесу Казлоўскія выходзяць праз некалькі месяцаў, пасля ўцёкаў немцаў 9 ліпеня 1944 году. Але на хутар яны ўжо не вяртаюцца. Косцік з сынамі будуе новы дом у вёсцы Лаўцы, дзе да пенсіі працуе загатоўшчыкам. У наваколлі застаецца жыць і некалькі габрэяў, якія за свае жыцці ўдзячныя Косціку. Аднак большасць тых, хто выжыў, выязджае праз Польшчу ў Ізраіль. А частка, як Бельскія, перабіраецца ў ЗША. З Казлоўскім яны больш ніколі не бачацца, некаторыя час ад часу пішуць яму лісты, высылаюць пасылкі. 12 ліпеня 1981 года, ва ўзросце 95 год, Косцік памірае. Яго хаваюць на мясцовых могілках.

22 снежня 1993 года Косцік Казлоўскі (пасмяротна) і яго старэйшыя сыны Генадзь і Уладзімір атрымалі званне «Праведнікаў народаў свету».
Паводле камісіі Яд Вашэм, цягам трох гадоў вайны Казлоўскія ўратавалі не менш за 500 габрэяў.

У часы калі адвага і спагада былі ў дэфіцыце, калі кожны справядліва клапаціўся пра сябе і сваю сям’ю, Косцік Казлоўскі паказаў прыклад незвычайнай людскасці. У яго не было сувязяў і грошай Оскара Шындлера, каб «адкупіць» габрэяў. Ён не мог разлічваць на дапамагу 350 супрацоўнікаў і дыпламатычны імунітэт, як славуты Рауль Валенберг.

Косціку дапамагалі дзеці і грошы, выручаныя за продаж самагонкі.

Без Косціка Казлоўскага не было б геройскай гісторыі братоў Бельскіх, якія выратавалі ад смерці больш за тысячу габрэяў у налібоцкіх лясах.

Пасля вайны пра яго не пісалі кніг і не здымалі фільмаў. Гісторыя Косціка Казлоўскага стала вядомай толькі пасля ягонай смерці.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?