«Духахрам» з Мастоў

 

Неверагодную творчую актыўнасьць дэманструе сёлета празаік Лявон Вашко. На пачатку году ён выдаў першы нумар пост-мадэрн-літ-альманаху «Маленькі сшытак Лявона Вашка». Неўзабаве выйшлі два нумары літагляду «Дзеячас», дзе апавядаў пра свае творчыя набыткі й пляны. І вось днямі Лявон скончыў працу над электроннай ведамкай «Духахрам».

«Духахрам» безь перабольшаньня можна назваць новым беларускім электронным альманахам. У ліпеньскім нумары «Духахраму» можна даведацца пра жыцьцяпіс празаіка і яго творчыя дасягненьні, пра ліставаньне мастоўскага пісьменьніка з прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам, пра зьмест «Маленькага сшытку» № 2, які неўзабаве пабачыць сьвет. Значнае месца ў першым нумары «Духахраму» адведзена лёсу паэткі Ніны Чарнейкі: тутака і рэцэнзія на зборнік «Грамнічная сьвечка», і нізка вершаў. Тут жа Вашко апавядае пра страшную хваробу паэткі, просіць усіх, хто можа чымсьці дапамагчы, адгукнуцца.

Ведамка разасланая электроннаю поштаю ў шырокі сусьвет: у рэдакцыі, творчыя саюзы, фонды і на прыватныя электронныя адрасы. Атрымаць «Духахрам» можа любы ахвотны, досыць зьвярнуцца з замоваю на адрас [email protected] і паведаміць, на якой мове вы хацелі б атрымліваць электронны часопіс. Вось такую ў нас цяпер мастацкую самадзейнасьць разьвіваюць паэты і пісьменьнікі.

Васіль Кроква


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0