Працэс пачаўся са скандалаў

4 чэрвеня атрымаў працяг суд над журналістамі “Пагоні” Міколам Маркевічам і Паўлам Мажэйкам, перапынены 16 траўня. Абодвух журналістаў вінавацяць у паклёпніцтве на прэзыдэнта.

 

На гэты суд трэба было прыходзіць загадзя. Бо не хапала месца. Заля №15 зьмяшчае 30 ці крыху болей чалавек.

Мінулым разам большасьць ахвотных ня трапіла ў залю. Апошнія шчасьліўцы здолелі знайсьці месца за 20 хвілінаў да пачатку. Цяпер заля была забітая ўжо за гадзіну. Людзі разбрыліся па іншых судовых памяшканьнях, шукаючы крэслаў. Хлопцы прапаноўвалі дзяўчатам сядаць да іх на калені. Некаторыя сядзелі ўтрох на двух крэслах. Апошнім судовым бастыёнам стала лава падсудных у загарадцы, якую занялі журналісты, таму што ім не было дзе сесьці. Журналіст А. нават патрымаў часова на каленках журналістку І. На мінулым паседжаньні таксама людзі сядзелі ў гэтай самай 15-й залі нават на паламаных крэслах. Тады прысутныя гераічна вырашылі, што лепей сядзець на такіх, чым пакінуць памяшканьне, як патрабавала судзьдзя. Колькасьць людзей, якія хочуць падтрымаць Маркевіча і Мажэйку, — вялізная.

Працэс пачаўся з запытаньня судзьдзі Т.Клімавай пра месца працы падсудных. Мікола Маркевіч назваўся галоўным рэдактарам “Пагоні”, а Павал Мажэйка сказаў, што зьяўляецца беспрацоўным. Як вядома, 12 лістапада 2001 г. газэту зачыніў Вышэйшы гаспадарачы суд Менску. Аднак дагэтуль існуе і абнаўляецца сайт “Пагоні” ў Інтэрнэце.

Мінулым разам даць большую залю прасілі праваабаронцы са сталіцы. Гэтым разам, яшчэ тыдзень таму, адмысловае хадайніцтва судзьдзі Клімавай напісаў Мікола Маркевіч. Адказу не дачакаў і ў часе паседжаньня выказаў сваё зьдзіўленьне гэтым. Судзьдзя парыравала: магу, маўляў, адказваць на працягу месяца. Аднак адвакат Маркевіча С.Цурко зь Менску ўдакладніў: у такім выпадку трэба ня проста “літаральна” выканаць норму закону (30 дзён на разгляд хадайніцтва), а давесьці бесстароннасьць суду, разгледзеўшы хадайніцтва за 3 дні.

Маркевіч мусіў зноўку заявіць хадайніцтва наконт залі, у якой маглі б прысутнічаць усе ахвотныя. Ізноў — адмова. Тады новае хадайніцтва — адвод судзьдзі Клімавай. Пасьля перапынку — праз гадзіну і 10 хвілінаў — суд абвяшчае сваё рашэньне: адмовіць і ў гэтым хадайніцтве. І закрывае паседжаньне да раніцы наступнага дня. Пасьля перапынку міліцыя не пускала публікі ў будынак. Дык людзі прарваліся. Было пабітае шкло ў дзьвярах. Паранены брат Міколы Маркевіча Аляксей, паранены міліцыянт.

Нічога падобнага да таго, што адбылося ў Ленінскім судзе 4 чэрвеня, у Горадні раней не здаралася. Гэтым разам судовы працэс пачаўся па-сапраўднаму.

У сераду паседжаньне было прызначанае на 10-ю раніцы, але ўжо а 9-й заля была напалову занятая людзьмі паголенымі альбо з кароткімі стрыжкамі — супрацоўнікамі міліцыі. Усё-ткі большасьць журналістаў здолела трапіць на працэс. Судзьдзя Тацяна Клімава не задаволіла хадайніцтва Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі аб прадаўстаўленьні ім грамадзкіх абаронцаў. Пасьля гэтага Павал Мажэйка заявіў адвод судзьдзі. Судзьдзя аб’явіла перапынак, а пасьля адвод не задаволіла. Гэтым і скончылася серада.

Сяргей Краўцоў, Горадня


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0