Ідылічны пейзаж мінскага гольф-клуба.

Ідылічны пейзаж мінскага гольф-клуба.

Першыя дамы «Грынвіча» будуюцца зусім побач з палямі.

Першыя дамы «Грынвіча» будуюцца зусім побач з палямі.

Дырэктар «Гольф-клуба» Андрэй Ніканёнак.

Дырэктар «Гольф-клуба» Андрэй Ніканёнак.

Вакол будоўлі стаіць высокая агароджа, расстаўленыя некалькі кантрольна-прапускных пунктаў, на якіх ахоўнікі з сабакамі перапісваюць нумары аўто. Заехаць можна толькі тым, хто ўнесены ў дазволены спіс.

На пазамінулым тыдні ў гольф­клубе адбыўся першы турнір, праўда, закрыты для гледачоў. Аднак напярэдадні спаборніцтваў на спартыўнае поле пусцілі прэсу, каб паказаць якасць падрыхтоўкі травы. «Наша Ніва» скарысталася сітуацыяй, каб наведаць «Грынвіч» і пабачыць пасёлак на свае вочы.

Чые грошы?

У праект ужо ўкладзена $18 мільёнаў, і гэта толькі пачатак, тлумачыць дырэктар «Гольф-клуба» Андрэй Ніканёнак. «Летась накупілі тэхнікі на $200 тысяч, сёлета патрацілі яшчэ каля $600 тысяч…» — расказвае ён. Размах адчуваецца. Праз некалькі месяцаў плануецца адкрыццё гольф­акадэміі, пасля з’явіцца і клубны дом.

Па падліках, штогод толькі на ўтрыманне поля давядзецца траціць каля $1,5 мільёна.

Архітэктар быў замоўлены з Англіі, ды і персанал, які абслугоўвае палі, запрасілі з­-за мяжы. Хоць патроху гадуюць і айчынных спецыялістаў.

Для краіны, у якой у гольф гуляе некалькі дзясяткаў чалавек, інвестыцыі выглядаюць дзіўнымі. Аднак уласнікі перакананыя: праект акупіцца.

Фармальна «Гольф-клуб» лічыцца расійска-беларускім таварыствам з абмежаванай адказнасцю. Аднак, па словах Ніканёнка, у праекце круцяцца грошы ўкра­інскага мільянера Мікалая Лагуна. У Беларусі ён валодае «Дэльта-банкам» і страхавымі кампаніямі.

Партнёр «Гольф-клуба» — Прэзідэнцкі спартыўны клуб на чале з Дзмітрыем Лукашэнкам. «Мы ўдзячныя ім за дапамогу», — кажа Андрэй Ніканёнак. «Толькі арганізацыйную ці фінансавую?» — удакладняем у яго. Гэтая інфармацыя не каментуецца.

Падыход да справы сур’ёзны. Ніканёнак паказвае на верталёты, якія пралятаюць высока ў небе: тут часам праводзяцца выпрабавальныя палёты, але шум будзе замінаць гальфістам сканцэнтравацца на гульні. Таму вядуцца перамовы аб спыненні палётаў.

Сарваныя тэрміны

Раней на месцы гольф­клуба быў палігон, вакол якога — лясы. Зямля за некалькі кіламетраў ад МКАД звышдарагая. Аднак інвестар атрымаў яе без аўкцыёну, наўпрост прэзідэнцкім указам.
Дакумент быў падпісаны яшчэ ў студзені 2007 і даваў навастворанаму таварыству пры­вабныя льготы. Вызначаць падрадчыкаў можна было адвольна, без правядзення таргоў, а мясцовым уладам настойліва раілася выдзеліць падатковы крэдыт на будаўніцтва гольф­поля. Некалькі пунктаў указа былі схаваныя «для службовага карыстання».
Побач, згодна з прэзідэнцкімі ўказамі, мусілі будавацца гіганцкія жылыя комплексы «Зялёны Бор» і «Натынгем» мільянераў Юрыя Чыжа і Анатоля Тарнаўскага адпаведна.

Усе аб’екты «Грынвіча» — і жылыя, і спартыўныя — мусілі быць канчаткова здадзеныя ў эксплуатацыю да канца 2014. Аднак дабудаваных і заселеных катэджаў на тэрыторыі пасёлка яшчэ няма. Большасць участкаў выглядае як поле ці высечаны лес з закапанай таблічкай «прададзена». Каму? За колькі? Камерцыйная таямніца.

Па словах ахоўнікаў, у адзін­кавых дамах вонкавыя будаўнічыя працы насамрэч падыходзяць да завяршэння — усталяюцца вок­ны і дзверы, аднак гэта хутчэй выключэнне з сітуацыі. «Прыязджайце праз гадоў дзесяць, можа, тады ўсё і дабудуюць», — смяецца ахоўнік. Праўда, кіраўніцтва глядзіць на сітуацыю больш аптымістычна.

Прыстойнай дарогі да «Грынвіча» пакуль няма. Некалькі кіламетраў ад МКАД да пасёлка даводзіцца трэсціся па гравійцы. Пад’езд пабудуюць хіба што налета.

Чэмпіянат ананімных мільянераў

Феномен беларускага гольфа заключаецца ў тым, што айчынныя спартсмены саромеюцца прызнавацца, што яны ўдзельнічалі ў спаборніцтвах.
Летась беларусы праводзілі неафіцыйны чэмпіянат пад Вільняй — мінскае поле тады было яшчэ непадрыхтаванае. У чэмпіянаце гулялі каля 20 чалавек, але ў выніковым пратаколе было запісана толькі дзевяць прозвішчаў. Усе астатнія зрабілі выгляд, што іх не было… Для спорту, нават аматарскага, гэта нонсэнс.

Чым тлумачыцца такая сітуацыя?

Намесніца дырэктара «Гольф-клуба» Святлана Максімава лічыць, што вінаваты стэрэатып: гальфіст — значыцца, багацей. «Беларусы не хочуць, каб іх запісалі ў спіс мільянераў… Альбо, напрыклад, хтосьці з гульцоў мусіў быць на працы, а паехаў на турнір», — мяркуе яна.

Дарэчы, у апублікаваным спісе пераможцаў мінскага турніру пераважна замежнікі. Беларусаў толькі двое, і гэта далёка не самыя вядомыя асобы. Але не сакрэт, што сярод аматараў гульні ёсць дзеці ўплывовых чыноўнікаў ды бізнесмены.

Гольф для пачаткоўцаў

Для беларуса з сярэднім заробкам цэны на гульню ў гольф кусаюцца, але не выглядаюць гіганцкімі.
Групавыя ўрокі для навічкоў у мінскім гольф­клубе каштуюць $40—50, інды­відуальныя заняткі з трэнерам яшчэ даражэйшыя. Сама арэнда маленькага поля каштуе да $30, вялікага — да $70. Але да гэтых сум трэба дадаць кошт вопраткі і абутку (абы ў якім на поле не пусцяць), інвентару (а ў Беларусі клюшкі пакуль не купіш), мячыкаў… Па словах Андрэя Ніканёнка, каб пачаць гуляць, трэба патраціць каля $600—700. Гэта больш за месячны заробак у краіне.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?