Рада Еўрасаюза плануе працягнуць дзеянне санкцый у дачыненні да Беларусі да 31 кастрычніка 2014 года.

Пра гэта паведаміла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Мінску Майра Мора, выступаючы 29 кастрычніка на міжнароднай канферэнцыі «Стратэгіі будучай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі» ў Вільні.

Паводле слоў дыпламата, у спіс будуць дададзеныя тры новыя прозвішчы.

Пры гэтым рада вырашыла, што «больш няма прычын для знаходжання ў спісе 13 чалавек і пяці прадпрыемстваў». Аднак Мора не стала ўдакладняць, каго менавіта дададуць і выключаць са спісу.

«Хацела б дакладна акрэсліць, што гэтае рашэнне (пра адмену санкцый супраць шэрагу асоб) не азначае змены палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі. ЕС працягне палітыку крытычнага ўзаемадзеяння з краінай», — сказала Мора

Нагадаем, пад візавыя і эканамічныя санкцыі ЕС трапляюць 243 беларускія чыноўнікі, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка.

Майра Мора таксама адзначыла, што Еўрасаюз працягне аказваць падтрымку беларускаму народу. «За апошнія два гады ЕС узмацніў падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці і беларускага народа ў цэлым, — сказала яна. — Еўрасаюз узмоцніць дыялог з грамадзянскай супольнасцю, у тым ліку і праз праграму «Еўрапейскі дыялог для Беларусі». Яна патэнцыяльна можа стаць каналам зносін як з беларускім грамадствам, так і з уладамі».

Паводле слоў Моры, выклікае шкадаванне той факт, што ўжо на працягу двух апошніх гадоў беларускія ўлады так і не далі станоўчага адказу на прапанову ЕС пачаць перамовы па пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму.

Дыпламат падкрэсліла, што як толькі Беларусь «распачне неабходныя захады», ЕС гатовы пачаць абмеркаванне дэталёвага плана для ўключэння Беларусі ў паўнавартасны ўдзел у праграме «Усходняе партнёрства». Зараз Беларусь удзельнічае толькі ў шматбаковых праектах гэтай ініцыятывы.

Мора заявіла, што на саміце Усходняга партнёрства, які пройдзе 28—29 лістапада ў Вільні, «будзе дамінаваць Украіна» ў сувязі з тым, што на мерапрыемстве плануецца падпісаць пагадненне аб асацыяцыі паміж Украінай і ЕС. «Я спадзяюся, што праз два гады на саміце ў маёй роднай Рызе дамінаваць будзе Беларусь», — сказала яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?