Праваахоўнымі органамі Украіны затрыманы вядомы ў Беларусі бізнэсовец Сяргей Святлічны, які падазраецца ў спробе крадзяжу 85 мільёнаў даляраў.
Сяргей Святлічны вядомы ў Беларусі не з найлепшага боку. Ён «праславіўся» тым, што, кіруючы кампаніяй ТАА «Дзецімаг», браў на рэалізацыю тавар з адтэрміноўкай аплаты, а потым проста знікаў. Мяняў офіс, тэлефоны, не з'яўляўся ў суды, куды звярталіся крэдыторы. Паводле дадзеных праваахоўных органаў, калі бізнэсоўцу і яго кампаніі канчаткова перасталі верыць, ён вырашыў правесці апошнюю афёру з выкарыстаннем дзвюх іншых кампаній, дзе ён лічыўся галоўным бухгалтарам.
Адна з гэтых кампаній мела салідны грашовы абарот, займаючыся пастаўкамі будаўнічых матэрыялаў і жалезабетонных канструкцый. Выкарыстоўваючы той факт, што на рахунак гэтай кампаніі паступілі вялікія сумы грошай у якасці перадаплаты за пастаўку будаўнічых матэрыялаў, падазраваны пры дапамозе сістэмы «Кліент-банк» паспрабаваў прадаць на Беларускай валютна-фондавай біржы 85 мільёнаў даляраў гэтай кампаніі, а потым перавесці іх на рахунак ТАА «Дзецімаг», якая не мела валютнага рахунку і магла прымаць толькі беларускія рублі.
Аднак афёра з крадзяжом сродкаў не прайшла па незалежных ад бізнэсоўца абставінах.
Зразумеўшы гэта, Сяргей Святлічны ўцёк. Ён быў абвешчаны міжнародны вышук і праз некаторы час быў знойдзены і затрыманы ў Чарнігаўскай вобласці (Украіна). Яму інкрымінуецца здзяйсненне злачынства па ч.1 арт.14, ч.4 арт.210 Крымінальнага кодэкса Беларусі (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейснены ў асабліва буйным памеры).
У цяперашні час вырашаецца пытанне аб экстрадыцыі Святлічнага на Радзіму, дзе яго чакаюць расследаванне і суд.
Каментары