Свет1717

«Мы ніколі не бачылі нічога падобнага». Сірыйцы расказваюць пра шакуючыя сцэны забойстваў алавітаў

Сірыйскі лідар Ахмед аш-Шараа заклікаў да адзінства пасля таго, як у нядзелю ў раёнах, дзе пражывае лаяльная звергнутаму прэзідэнту Башару Асаду алавіцкая меншасць, працягнуліся забойствы. Мясцовыя жыхары апісваюць сцэны рабаванняў і масавых забойстваў, у тым ліку дзяцей, піша BBC. 

Падмацаванне сірыйскіх сіл бяспекі на ўскраіне Латакіі, Сірыя, 7 сакавіка 2025 г. Фота: AP Photo / Omar Albam

Сотні людзей пакінулі свае дамы ў правінцыях Латакія і Тартус на беразе Міжземнага мора, дзе пражывае алавіцкая абшчына. 

Жыхары Хай аль-Кусура, пераважна алавіцкага раёна прыбярэжнага горада Баніяс, расказваюць, што вуліцы запоўнены целамі загінулых. Па словах відавочцаў, там былі забітыя мужчыны розных узростаў.

Алавіты складаюць каля 10% насельніцтва Сірыі. Большасць жыхароў краіны — мусульмане-суніты. Зрынуты прэзідэнт Башар Асад таксама належыць да рэлігійнай плыні алавітаў.

У пятніцу мясцовыя жыхары былі настолькі напалоханыя, што нават не выглядалі з вокнаў.

Інтэрнэт працаваў з перабоямі, але калі сувязь вярталася, людзі даведваліся пра гібель суседзяў з паведамленняў у фэйсбуку.

Адзін з жыхароў, Айман Фарэс, распавёў Бі-бі-сі, што яго выратавала нядаўняе турэмнае зняволенне. У жніўні 2023 года ён апублікаваў у фэйсбуку відэа, у якім крытыкаваў Асада за карупцыю. Хутка ён быў арыштаваны і вызвалены толькі пасля падзення рэжыму ў снежні мінулага года.

Байцы, якія здзяйснялі напады на вуліцах Хай аль-Кусура, пазналі яго, таму ён пазбег смерці, але не рабавання. Яны забралі яго машыны і працягнулі налёты на іншыя дамы.

«Гэта былі незнаёмцы, я не магу вызначыць іх асобу або мову, але, падобна, яны былі ўзбекамі або чачэнцамі», — сказаў Фарэс.

«З імі таксама было некалькі сірыйцаў, але не з афіцыйных органаў бяспекі. Сярод тых, хто здзяйсняў забойствы, былі і грамадзянскія асобы», — дадаў ён.

Па словах мужчыны, ён бачыў сем'і, забітыя ва ўласных дамах, а таксама акрываўленых жанчын і дзяцей. Некаторыя сем'і спрабавалі схавацца на дахах дамоў, але не змаглі выратавацца. «Гэта жудасна», — сказаў Фарэс.

Сірыйскі цэнтр маніторынгу правоў чалавека (SOHR), які базуецца ў Вялікабрытаніі, паведаміў пра забойства больш чым 740 мірных жыхароў у Латакіі, Джаблі і Баніясе. Таксама ў сутыкненнях, паводле некаторых звестак, загінулі 300 супрацоўнікаў сіл бяспекі і прадстаўнікоў зрынутага рэжыму. Бі-бі-сі не ўдалося атрымаць незалежнага пацвярджэння аб колькасці загінулых.

Па словах Фарэса, сітуацыя стабілізавалася, калі сірыйская армія і сілы бяспекі прыбылі ў Баніяс — яны выцеснілі іншыя групоўкі з горада і падалі сем'ям калідоры для доступу ў бяспечныя раёны.

Алі, яшчэ адзін жыхар Баніяса, які папрасіў ВВС не называць яго поўнага імя, пацвердзіў словы Фарэса. Мужчына, а таксама яго жонка і 14-гадовая дачка, пакінулі свой дом з дапамогай прадстаўнікоў сіл бяспекі.

«Яны прыйшлі ў наш дом. Мы былі занадта напалоханыя, чуючы стрэлы і крыкі людзей па суседстве. Мы даведаліся пра гібель людзей з паведамленняў у фэйсбуку, калі сувязь наладзілася. Калі яны прыйшлі ў наш дом, мы падумалі, што нам канец», — сказаў ён.

«Ім патрэбны былі грошы. Яны пастукалі ў дзверы да нашага суседа, забралі яго машыну, грошы і ўсё золата ці каштоўнасці, якія былі ў яго дома. Але яго не забілі».

Алі і яго сям'і дапамаглі суседзі-суніты, у якіх яны цяпер і жывуць. «Мы жылі разам шмат гадоў, алавіты, суніты і хрысціяне. Мы ніколі не бачылі нічога падобнага», — сказаў ён мне.

«Суніты кінуліся абараняць алавітаў ад забойстваў, і зараз афіцыйныя сілы знаходзяцца ў горадзе, каб аднавіць парадак».

Алі сказаў, што сем'і алавітаў адвезлі ў школу ў раён, дзе пераважае суніцкае насельніцтва — яны прабудуць там да таго часу, пакуль члены груповак, якія ўчынілі забойствы, не будуць выцесненыя з Баніяса.

Гвалт успыхнуў у чацвер на мінулым тыдні пасля таго, як прыхільнікі Асада, якія адмовіліся здаць зброю, напалі на байцоў урадавых войскаў у Латакіі і Джаблі, забіўшы дзясяткі людзей.

Гіят Дала, былы брыгадны генерал арміі Асада, абвясціў аб паўстанні супраць новых уладаў і стварэнні «Вайсковай рады па вызваленні Сірыі».

Па некаторых дадзеных, былыя афіцэры службаў бяспекі рэжыму Асада, якія адмовіліся скласці зброю, фармуюць групу супраціву ў гарах.

Айман Фарэс абвінавачвае Далу і іншых прыхільнікаў Асада ў гвалце і кажа, што большасць алавітаў не падтрымлівае гэтых людзей.

«Ім выгадна гэтае кровапраліцце. Цяпер нам патрэбная бяспека і судовы пераслед забойцаў з груповак, якія здзейснілі масавыя забойствы, каб у краіне аднавіўся парадак», — сказаў ён.

Але іншыя таксама абвінавачваюць новага сірыйскага лідэра Ахмеда аш-Шараа, які, як яны кажуць, расфармаваў сірыйскія органы бяспекі, войска і паліцыю, не маючы дакладнай стратэгіі дзеянняў у адносінах да тысяч афіцэраў і супрацоўнікаў, якія засталіся без працы.

Некаторыя з іх, асабліва паліцыянты, не мелі ніякага дачынення да забойстваў, здзейсненых падчас кіравання Асада. Новыя ўлады таксама звольнілі з працы тысячы дзяржслужачых.

Улічваючы, што 90% насельніцтва Сірыі жыве за рысай беднасці, а тысячы людзей засталіся без сродкаў да існавання, гэта добрая глеба для паўстання.

У Сірыі адчуваецца раскол. Шырокая грамадскасць асуджае забойствы мірных жыхароў, а ў Дамаску прайшлі дэманстрацыі ў памяць аб загінулых і з асуджэннем насілля.

Але за апошнія два дні ў розных частках Сірыі таксама гучалі заклікі да джыхаду. Жыхары Баніяса расказалі, што разам з арганізаванымі групоўкамі ў горадзе былі ўзброеныя грамадзянскія асобы, якія таксама ўдзельнічалі ў забойствах.

Суніты, якія складаюць большасць насельніцтва Сірыі, на працягу апошніх 13 гадоў падвяргаліся жорсткім рэпрэсіям з боку рэжыму Асада. Гэта падагрэла міжканфесійную нянавісць да алавіцкай меншасці, прадстаўнікі якой абвінавачваюцца ў датычнасці да ваенных злачынстваў.

Праваабаронцы заяўлялі аб доказах таго, што супрацоўнікі службаў бяспекі падчас праўлення рэжыму Асада былі датычныя да забойстваў і катаванняў тысяч сірыйцаў, большасць з якіх — мусульмане-суніты.

Ахмед аш-Шара цяпер павінен знайсці баланс паміж забеспячэннем бяспекі і аднаўленнем справядлівасці ў дачыненні да злачынстваў рэжыму Асада і яго прыхільнікаў.

Большасць войскаў, якія дапамаглі яму прыйсці да ўлады, па-ранейшаму верныя свайму лідару. Але некаторыя групоўкі відавочна выйшлі з-пад ягонага кантролю. Сярод байцоў гэтых атрадаў ёсць і замежныя баевікі, якія прытрымліваюцца радыкальных поглядаў.

Шмат хто лічыць, што для таго, каб прывесці Сірыю да бяспечнай і дэмакратычнай будучыні, аш-Шараа павінен пакласці канец прысутнасці замежных баевікоў і прыняць канстытуцыю, якая абараняе правы ўсіх сірыйцаў, незалежна ад іх паходжання ці рэлігіі.

Лічыцца, што ён працуе над стварэннем прававой базы для такой канстытуцыі, аднак кантроль за агрэсіўнымі групоўкамі і выгнанне замежных баевікоў з краіны стануць для яго сур'ёзнай праблемай.

Каментары17

  • Пяскоў
    10.03.2025
    Ну, цяпер зразумела, што гэта такія ж браткі, як асадаўцы. Крэмль можа смела з такімі муціць дзялюгі, рабяты правераныя.
  • Жесть
    10.03.2025
    Не оправдываю расправы…
    Но качелька качнулась в другую сторону. Десятилетия диктатуры ябатек не прошли даром.
  • Pavel
    10.03.2025
    Вось так атрымліваецца, што і Асад і Садам і астатнія Кадафі лепшыя, чым прыйшоўшыя ім на змену малпы-фанатыкі.
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Стаяць на адной назе з кнігай на галаве ў памяць пра блакаду Ленінграда. Чыноўнікі запусцілі вельмі дзіўны чэлендж да 9 Мая14

Стаяць на адной назе з кнігай на галаве ў памяць пра блакаду Ленінграда. Чыноўнікі запусцілі вельмі дзіўны чэлендж да 9 Мая

Усе навіны →
Усе навіны

Эрдаган: Без Турцыі Еўропа не зможа гарантаваць сваю бяспеку1

Што адбываецца з бульбай у Беларусі і чаму яе стала менш у крамах. Рэч не толькі ў змяншэнні аб'ёмаў пасадак2

На суботніку ў Мінску Лукашэнка саджаў дрэвы, шкодныя для беларускай прыроды7

Лукашэнка: Мы хочам з Пакістана спецыялістаў, а не проста моладзь. І найперш у Баранавічы48

У Херсонскай вобласці дрон кінуў выбухоўку на 86-гадовую жанчыну1

Пазняк кажа пра хуткія перамены ў Беларусі: Спадзяюся, я ў гэтым паўдзельнічаю86

Дуда: Трамп — гэта найлепшы шанец на мір ва Украіне9

26-гадовы ўкраінскі пілот загінуў падчас баявога задання на самалёце F-168

Лукашэнка пракаментаваў знікненне Анжалікі Мельнікавай38

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стаяць на адной назе з кнігай на галаве ў памяць пра блакаду Ленінграда. Чыноўнікі запусцілі вельмі дзіўны чэлендж да 9 Мая14

Стаяць на адной назе з кнігай на галаве ў памяць пра блакаду Ленінграда. Чыноўнікі запусцілі вельмі дзіўны чэлендж да 9 Мая

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць