На будаўніцтве новага следчага ізалятара № 1 у Калядзічах, выяўленыя факты хабарніцтва і крадзяжу будматэрыялаў.

Крымінальныя справы па фактах хабарніцтва і крадзяжу будаўнічых матэрыялаў пры будаўніцтве СІЗА № 1 распачата Следчым упраўленнем Следчага камітэта па г.Мінску ў ходзе расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да службовых асоб КУП «УКБ Мінгарвыканкама» і ААТ «Мінскпрамбуд». Гэтыя ж асобы падазраюцца ў крадзяжах і хабарніцтве і пры ўзвядзенні комплекса «Чыжоўка- Арэна».

Абодва гэтыя аб'екты хоць і абсалютна не падобныя па прызначэнні, але абодва адносяцца да катэгорыі асабліва важных. У «Чыжоўка-Арэне» будуць праходзіць гульні ЧС- 2014 па хакеі, а новы СІЗА № 1 павінен нарэшце вызваліць каштоўны гістарычны будынак у цэнтры Мінска, які шмат гадоў выкарыстоўваецца не па прызначэнні.

Галоўным падазраваным па справе праходзіць цяпер ужо былы галоўны інжынер па будаўніцтве асабліва важных аб'ектаў КУП УКБ «Мінгарвыканкама», які ажыццяўляў тэхнічны нагляд за будаўніцтвам. Паколькі ад гэтага чыноўніка залежала вельмі шмат, то ён не саромеўся прыязджаць на аб'екты і браць там, што яму трэба. Гаворка ідзе нават не пра вымагальніцтва хабараў, а пра нешта больш істотнае. Падазраваны проста прыязджаў на аб'ект і казаў, што яму трэба, напрыклад, шэсць паддонаў цэглы. Пытанне нават не абмяркоўвалася, а проста выконвалася.

Як патлумачылі «Ежедневніку» ў следчым камітэце, КУП «УКБ Мінгарвыканкама» выступае заказчыкам будаўніцтва следчага ізалятара № 1 Упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па г.Мінску і Мінскай вобласці. Адпаведна, прадстаўнік УКБа, які ажыццяўляе нагляд за ходам будаўніцтва мае паўнамоцтвы аддаваць любыя распараджэнні на будоўлі, якую вядзе Генпадрадчык ААТ «Мінскпрамбуд».

Па дадзеных следства, падазраваны выкарыстаў гэта і адмыслова стварыў для прараба БУ-25, якое ўваходзіць у склад ААТ «Мінскпрамбуд», умовы, пры якіх апошні павінен быў адпускаць чыноўніку будаўнічыя матэрыялы ў якасці хабару за папушчальніцтвы па працы. Прасцей кажучы за тое, каб чыноўнік не быў занадта строгі з будаўнікамі. Ужо вядома, што ў маі прадстаўніку КУП «УКБ Мінгарвыканкама» было адпушчана амаль 2,5 тысячы адзінак цэглы з будаўніцтва следчага ізалятара. Акрамя таго, чыноўнік атрымаў і іншыя выгады маёмаснага характару.

Устаноўлена таксама, што падазраваны знаходзіўся ў сяброўскіх адносінах з намеснікам дырэктара СУ-25 ААТ «Мінскпрамбуд» і разам з ім здзяйсняў крадзяжы будаўнічых матэрыялаў на будаўніцтве комплекса «Чыжоўка- Арэна».

У цяперашні час падазраванымі па справе ААТ «Мінскпрамбуд» і КУП «УКБ Мінгарвыканкама» праходзяць пяць службовых асоб названых прадпрыемстваў. Ім інкрымінуецца здзяйсненне злачынстваў па ч.2 арт.430 (крадзеж шляхам злоўжывання службовым паўнамоцтвамі) і ч.2 арт.430 (атрыманне хабараў). Выяўлены крадзеж будаўнічых матэрыялаў з будаўніцтва асабліва важных аб'ектаў на суму больш за 40 мільёнаў рублёў.

У асноўным выкрадалася цэгла, якая спісваліся на бой у адпаведнасці з зацверджанымі нарматывамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?