Усё гэта — кепскі сон. Піша Віталь Тарас.

Некалі, вельмі даўно, калі я вучыўся ў старэйшых клясах сярэдняй школы, я перажыў свайго роду ўнутраны крызіс. На той час я ўжо ня толькі цікавіўся «палітыкай», але й дазваляў сабе ўплішчвацца ў размовы дарослых у бацькоўскім доме на палітычныя тэмы. Размовы былі пра савецкае ўварваньне ў Чэхаславаччыну, пра тупагаловае савецкае начальства, пра забароненую літаратуру і галоўліт (тагачасную афіцыйную цэнзуру), пра вайну на Блізкім Усходзе, якую бліскуча выйграў Ізраіль, пра дзяржаўны антысэмітызм, пра дысыдэнтаў — Сахарава, Сіняўскага, Даніэля, пра замоўчваньне сталінскіх рэпрэсіяў, пра звальненьні з ВНУ таленавітых беларускіх выкладчыкаў і шмат пра што яшчэ…

Нейкае шостае пачуцьцё падказвала, што раўзмаўляць на гэтыя тэмы ў школе, нават зь сябрамі, ня варта. Зрэшты, дваістае мысьленьне было тады (дый цяпер) досыць пашыранай і натуральнай зьявай. Але вось аднойчы да галавы прыйшла простая думка, ад якой мне адразу стала не па сабе. А што, падумаў я, калі ўсё, чаму нас вучаць у школе на ўроках грамадазнаўства і гісторыі, распавядаюць падчас «палітінфармацыі», пра што пішуць газэты, пра што паказваюць фільмы і перадачы па тэлебачаньні — калі ўсё гэта чыстая праўда? А тое, што перадаюць замежныя «галасы» — сапраўды варожая прапаганда, ахвярай якой зрабіліся мае бацькі і іхныя сябры?

Мы ж, насамрэч, такія вялікія, мы запускаем людзей у космас, мы будуем столькі дамоў і электрастанцыяў, асвойваем Сібір і Далёкі Ўсход… А камусьці гэта не падабаецца. Яны, буржуі, нас ненавідзяць і перашкаджаюць нам будаваць самы справядлівы ў сьвеце лад. Магчыма, такімі катэгорыямі, дакладней, савецкімі штампамі я не разважаў. Хутчэй за ўсё, гэта нельга нават назваць думкай. Я толькі паспрабаваў сабе ўявіць — а што, калі ўсё ня так, як мне падаецца, і мне стала вусьцішна.

Ня памятаю, наколькі хутка прайшоў у мяне той эмацыйны шок. Відаць, у падлетка ў пятнаццаць—шаснаццаць гадоў былі на той момант больш важныя праблемы, акрамя як сьветапоглядныя. Карэкцыя сьвядомасьці адбылася сама сабой, з узростам, пад уплывам рэчаіснасьці. Адным з ключавых момантаў сталеньня стаў лёс двух маіх аднаклясьнікаў. Мой блізкі таварыш Моня, надзвычай экспансіўны чарнявы хлопец, быў круглым выдатнікам. Пасьля школы паступіў у Менскі радыётэхнічны інстытут, скончыў яго з чырвоным дыплёмам. І патрапіў паводле разьмеркаваньня на газакампрэсарную станцыю недзе пад Арэнбургам, без усялякіх пэрспэктываў. Неўзабаве пасьля гэтага Моня зьехаў разам зь сям’ёй у Ізраіль, адтуль у ЗША. Нейкі час мы перапісваліся, але потым нітачка былога сяброўства неўпрыкмет абарвалася…

Другі мой аднаклясьнік — на прозьвішча Максімаў (мы ўсе яго звалі, натуральна, Максам) быў абсалютна сьветлы ва ўсіх сэнсах хлопец. Высокі, бялявы, прыгожы… Ён таксама вучыўся на выдатна, марыў паступіць у прэстыжную на той час Вышэйшую інжынэрнае зэнітна‑ракетную вучэльню імя Баўмана ў Маскве. (ВІЗРУ). Ягоная мара ажыцьцявілася. Яшчэ ня скончыўшы яе, здаецца, ён паехаў на практыку на Байканур. (Пра ўсё гэта гаварылася напаўголасу, як пра страшэнную таямніцу. Ды праз трыццаць гадоў магу пра нешта ўспамінаць недакладна.) Падчас нейкага небясьпечнага экспэрымэнту, Макс атрымаў моцную дозу апраменьваньня і «згарэў» усяго за некалькі месяцаў. Пра гэта мы, яго аднаклясьнікі, даведаліся толькі на ягоным пахаваньні ў Менску, ад прыгнечаных горам бацькоў. Яму было дваццаць зь нечым. Да Чарнобылю заставалася гадоў дзесяць. А перад намі ляжала ў труне ахвяра «мірнага атаму» і асваеньня комасу. Пахаваньне прайшло ціха, без удзелу высокіх асобаў і ўшанаваньняў — ні з Масквы, ні адкульсьці яшчэ, наколькі я памятаю, з начальства ніхто не прыехаў.

Але ж адчуваньне (ці самаправерка): можа, ўсё зусім ня так, як здаецца — почасту вяртаецца, як у кепскім сьне.

І вось я думаю — а што, калі я і мае бацькі, мае сябры глыбока і безнадзейна памыляемся? Усё ня так, як нам падаецца…

Вось кіраўнік дзяржавы, вясёлы і маладжавы, аточаны дзяржаўнымі мужамі, энэргічна ідзе ў поле, у заводзкі цэх, на будаўніцтва мэтро, ва ўнівэрсам, і трымае каласкі ў руках, і насустрач яму ідзе народ, глядзіць з замілаваньнем і надзеяй.

Вось ідуць манэўры «Шчыт Айчыны», страляюць гарматы, лятуць ракеты, «і танкі нашы быстры», бяжыць пяхота і чуваць магутнае «Ўра!» І вораг ўцягвае голаў у плечы і хаваецца ў сваёй нары, тхор!

Вось на «Дажынках» камбайнэры ў бліскучых гарнітурах, з абветранымі тварамі й магутнымі каркамі — хоць здымай у Галівудзе (што там тыя каўбоі!) — атрымліваюць з найвышэйшых рук імянныя гадзіньнікі. Яны іх заслужылі!

Вось інтэлігентны інспэктар ДАІ, бездакорна апрануты, спыняе цябе і, выконваючы свой дзяржаўны абавязак, правярае дакумэнты і бярэ пад казырок.

І цябе ахоплівае пачуцьцё непарыўнага адзінства з мэханізатарам і даяркай, з Ксеніяй Сітнік і палкоўнікам Падабедам, міністрам Радзьковым і падатковым інспэктарам…

Вось магутнага целаскладу спэцназавец, увесь з галавы да ног у чорным, праваджае цябе суровым позіркам да павароту.

Вось дыктары БТ у строях ад Вэрсачэ і з лагоднымі ўсьмешкамі на вуснах, усе такія мілыя і сымпатычныя. І штатныя аналітыкі бліскаюць хітрым вокам, якое бачыць цябе і ўсю апазыцыю наскрозь.

І славуты журналіст зь люлькай у зубах мудра‑іранічна тлумачыць, чаму так цяжка, але так цікава й здорава жыць у нашай краіне і як будзе жыць яшчэ лепей.

І маладзёны з тварамі, размаляванымі чырвонай і зялёнай фарбамі, апранутыя ў фірмовыя майкі з надпісам БРСМ, такія шчасьлівыя, такія натхнёныя…

І цябе ахоплівае пачуцьцё непарыўнага адзінства з мэханізатарам і даяркай, з Ксеніяй Сітнік і палкоўнікам Падабедам, міністрам Радзьковым і падатковым інспэктарам, бамжом на чыгуначным вакзале і школьніцай‑сцыкухай зь бляшанкай піва «Александрыя» у руках, з зубром у Белавескай пушчы і белым буслом над Палесьсем. Гэта ўсё маё!

І ты адчуваеш, што гэта шчасьце. Бо разам мы — сіла. І мы — за! Заўсёды за!

І становіцца так невыказна добра, такое моцнае пачуцьцё ўдзячнасьці ахоплівае, што робіцца вусьцішна…

Табе хочацца прачнуцца. Але ты раптам разумееш, што даўно ня сьпіш. І прачнуцца немагчыма, бо ніякай рэальнасьці няма. А ёсьць нейкая апраметная для жывых душаў, нейкая прастора, напоўненая шэрымі зданямі, сярод якіх пачуваесься непакліканым госьцем, часовым прывідам у чужым сьне.

Але наступае раніца і як бы сьмяротна ні хацелася спаць, трэба ўставаць, прыводзіць сябе да ладу, пачынаць звыклую працу. І начныя кашмары падаюцца ўжо нястрашнымі, нават забаўнымі. І адкульсьці, зь нейкай нябачнай радыёкропкі чуецца сьветлы матыў: « Радзіма, мая дарагая…»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0