Такое меркаванне выказаў на калегіі Камітэта дзяржкантролю Магілёўскай вобласці ў ходзе разгляду выканання ў рэгіёне мерапрыемстваў Рэспубліканскай праграмы развіцця малочнай галіны начальнік упраўлення Вячаслаў Асмалоўскі.

Калегіяй адзначана, што Магілёўскі аблвыканкам і райвыканкамы ў 2012—2013 гадах прымалі арганізацыйна-практычныя меры па далейшым развіцці галін вытворчасці і перапрацоўкі малака. Разам з тым іх нельга прызнаць дастатковымі. Цягам двух апошніх гадоў у вобласці не выконваюцца заданні па вытворчасці малака, росту пагалоўя дойнага статка, удоях. Больш за тое, у 2013 годзе гэтыя паказчыкі былі яшчэ і зніжаныя ў параўнанні з дасягнутымі ў 2012-м.

Пакуль не прыносіць належнага эфекту мадэрнізацыя аграпрамысловага комплексу. На кожнай з 21 ферм, пабудаваных у вобласці паводле ўказу №332, па-ранейшаму не забяспечваецца прадугледжаны іх праектамі надой малака ў памеры 7 тыс. кг у год. Да прыкладу, у 2013 годзе пры сярэднеабласным паказчыку ўдояў у 4187 кг на такой ферме ў Краснапольскім раёне яны склалі толькі 2025 кг, у Шклоўскім — 2200 кг, у Крычаўскім — 2607 кг.

На думку спецыялістаў, прычынамі гэтага сталі нізкая культура зааветэрынарнага абслугоўвання, невыкананне сельгасарганізацыямі тэхрэгламентаў па ўтрыманні малочнага статка, парушэнні тэхналогіі і прыпіскі нарыхтоўкі кармоў і інш. Да прыкладу, у мінулым годзе маштабныя прыпіскі аб'ёмаў нарыхтоўкі кармоў былі выяўленыя ў шэрагу гаспадарак Бабруйскага, Быхаўскага, Краснапольскага і іншых раёнаў. Пры гэтым асобнымі з іх справаздачныя дадзеныя аб аб'ёмах нарыхтоўкі кармоў былі завышаныя больш чым у 2 разы.

Не дала жаданага эфекту і праведзеная ў рамках праграмы камп'ютарызацыя кіравання статкам і заатэхнічнага ўліку. У траціны сельгасарганізацый праз недахоп кваліфікаваных спецыялістаў дарагое абсталяванне і праграмнае забеспячэнне папросту прастойвае, усе іх функцыі па аптымізацыі заатэхнічных і ветэрынарных мерапрыемстваў не задзейнічаныя. Больш за тое, у асобных гаспадарках заатэхнічны ўлік належна не вядзецца нават традыцыйным «папяровым» спосабам, што цягне страты малака і прыплоду. У выніку такіх недахопаў, да прыкладу, у СВК «Следзюкі» Быхаўскага раёна ў гэтым годзе будзе недаатрымана каля 70 цялятаў і каля 110 т малака (больш Вr400 млн), у СВК «Даманы» Дрыбінскага раёна — каля 40 галоў і 80 т малака (больш за Вr300 млн), у ААТ «Краснапольскі» — 25 галоў і 40 т малака (больш за Вr160 млн).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?